Клiчуць бярозы

Общество

Першую вітамінную прадукцыю нарыхтавалі работнікі лясгаса. Бярозавік сёлета пачаў ісці раней, чым звычайна. І той, хто любіць «спаць у шапку», мог недалічыцца значнай часткі даходу. Нашы лясгасаўцы мабілізаваліся хутка.

Ва ўсіх лясніцтвах, за выключэннем заказніцкай зоны, былі выбраны дрэвы патрэбнага ўзросту. Падсочку правялі згодна з тэхналогіяй.

Найбольш паспяховым соканарыхтоўшчыкам стаў калектыў Вішнеўскага лясніцтва, на рахунку якога 25 тон натуральнага прадукту. У лідарах — леснікі Іван Малянковіч і Віктар Стасяловіч.

Усяго ж па лясгасу сабрана 101 тона бярозавага соку.

Разам з нарыхтоўкай соку ў лясгасе вядуцца работы па аднаўленні лесу. Новыя бярозавыя гаі з’явяцца да канца месяца ў Ракаўскім лясніцтве, дзе плануецца пасадзіць 3 гектары беластволых прыгажунь. Такая ж па плошчы пляцоўка з бярозамі запланавана каля вёскі Козлікі, што ў Каменскім лясніцтве. Зашумяць бярозавыя саджанцы ў лясных масівах каля Жомайдзі і Ліпкаў.

 Дарэчы, прыняць удзел у традыцыйнай акцыі «Тыдзень лесу» могуць усе жадаючыя. Пачынаючы з 5-га красавіка лясніцтвы арганізоўваюць выезд валанцёраў на выбраныя палеткі. Недахопу ў пасадачным матэрыяле і інвентары не будзе.

 

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий