Парадак наводзяць талакой

Культура

Гэты дом у вёсцы Ясьманаўцы проста фантаніруе добрым настроем! Акуратны фасад жылога будынка вабіць здалёк.

Без перабольшання зазначу, што ў прасторным палісадніку, двары, на вялікім агародзе не знойдзеш ні зараснікаў леташняй травы, ні сухога ламачча. А тым больш смецця, бытавых адходаў… Уся прысядзібная тэрыторыя старанна дагледжана.

Раўнюткі, акуратна пафарбаваны плот, працягласцю ў некалькі дзясяткаў метраў, таксама стварае эфект узорнай вясковай сядзібы. Такія прыклады старання сустрэнеш не часта. А пастаянна жывуць тут тры халасцякі: Уладзімір, Віктар і Міхаіл Іоды. Так склаўся лёс, што кожны з іх не стварыў уласную сям’ю. Старэйшаму з братоў ужо 76 гадоў, астатнія на гадоў 15-17 маладзейшыя.

Выраслі яны ў шматдзетнай сям’і. 12 дзяцей нарадзіла і выгадавала іх маці. Многія ўжо, на жаль, памерлі. Жыватворныя сілы гэтага моцнага радаводнага дрэва падтрымліваюць  і родныя сёстры Ніна, Ірына, Валянціна, якія жывуць у Мінску. Брат Іосіф асталяўваўся ў Маладзечне.

Гэта вялікая сям’я не выраклася роднага, бацькоўскага гнязда. Яны прыязджаюць сюды не адпачыць, а шчыра, з ахвотай папрацаваць. А спраў на сядзібе заўсёды знаходзіцца нямала. Асабліва стараюцца сёстры! Яны ўжо таксама на пенсіі, але руплівасць у іх характары па-ранейшаму бярэ верх. Гледзячы на гэтых людзей, і астатнія вяскоўцы  ў сябе стараюцца падтрымліваць чысціню. Такі  выключны парадак на сядзібе – гэта і даніна шчырай павагі да бацькоў, якія некалі жылі ў гэтай хаце, але ўжо даўно адышлі ў вечнасць. Гэта і яскравае сведчанне мудрага выхавання дзяцей у шматдзетнай сям’і, дзе заўсёды ў вялікай пашане была заўзятая, сялянская праца. І сёння дрэва таго выхавання дае такія цудоўныя плады працавітасці! Імклівыя гады не маюць улады над стараннем і акуратнасцю,  урадлівыя зярняты якіх запалі ў сэрцы дзяцей яшчэ ў далёкім дзяцінстве…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий