Салют талентаў

Общество

Нядаўна ў раённым Цэнтры культуры Валожынская дзіцячая школа мастацтваў упершыню правяла конкурс-фестываль “Салют талентаў”. У ім прынялі ўдзел трынаццаць яе выхаванцаў.

Конкурс стаў сапраўдным шоу. Ва ўсім адчувалася грунтоўная падрыхтоўка. Сцэна была ўпрыгожана ў антычным стылі, тры старажытнагрэчаскія багіні-музы на працягу ўсяго дзейства даказвалі, што яны роўныя адна адной і ўсе патрэбныя людзям.

Фае РЦК сустракала ўсіх выставай малюнкаў. Шэсць канкурсантак: Ніка Вайцяхоўская, Алёна Южык, Кацярына Буйлова, Кацярына Навіцкая, Дар’я Лугіна, Надзея Каваленка – прадставілі свае работы на суд журы і гледачоў.

Кожная з удзельніц падрыхтавала мультымедыйную прэзентацыю, каб гледачы змаглі пазнаёміцца з тымі, хто знаходзіцца на сцэне і іх творчымі захапленнямі.

Не менш грунтоўна былі падрыхтаваны і творчыя нумары. Кожная ўдзельніца мела магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці. Дзяўчаты ігралі на музычных інструментах, спявалі, чыталі вершы. Кожны праявіў сваю індывідуальнасць і заслужыў шчырых апладысментаў гледачоў. Ігру на фартэпіяна прадэманстравалі Ніка Вайцяхоўская, Надзея Каваленка і Анастасія Навіцкая. Кацярына Пасека сыграла на домры, Алёна Станкевіч – на цымбалах, Яна Прыёмка – на саксафоне. Яна Санюковіч, Анжаліка Пупа, Марыя Загорская, Кацярына Буйлова, Алёна Станкевіч, Яна Прыёмка і сёстры-блізняты Анастасія і Кацярына Навіцкія вынеслі на суд журы свае выканальніцкія здольнасці.

У намінацыі “Размоўны жанр” дыплом I ступені атрымала Алёна Южык, у намінацыі “Выяўленчы жанр” перамагла Кацярына Навіцкая, у намінацыі “Вакальны жанр” – Кацярына Буйлова і ў намінацыі “Інструментальны жанр” – Яна Прыёмка.

Гран-пры конкурсу-фестывалю атрымала Дар’я Лугіна. Усе былі ў захапленні ад яе творчых работ. На сцэне канкурсантка правяла прэзентацыю, чытала вершы, іграла на гітары.

Пакуль журы падводзіла вынікі, на сцэне выступаў Узорны духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча Грука. Яго стройная ігра заўсёды выклікае задавальненне і пачуццё гонару за наш горад. Прыемна было паслухаць і выкананне песні Мар’янам Прыёмкам, які ўжо даўно заслужана заваяваў сімпатыі гледачоў.

Удзельнікі фестывалю-конкурсу “Салют талентаў” атрымалі дыпломы і падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Анжэла Радына



Добавить комментарий