Майстар i яго муза

Культура

Дом сям’і Бубневічаў у вёсцы Петрашунцы лёгка знайсці па ажурных разьбяных налічніках, што ўпрыгожваюць вокны. Вытанчаныя драўляныя карункі створаны ўмелымі рукамі гаспадара Валянціна Аляксеевіча – мастака па прызванні.

Умелец дасканала валодае рамяством разьбы па дрэве. Можа лёгка ператвараць цвёрды ясень у адмысловы кухонны посуд, напрыклад, зрабіць днушку, упрыгожаную рэльефным узорам. З мяккай ліпы выразае скульптуры птушак – арла, бусла, чаплі – альбо майструе вясёлых матрошак.

Адкрыў для сябе майстар і свет жывапісу – сцены яго дома ўпрыгожваюць маштабныя карціны. Сюжэты іх розныя. Намаляваныя тут і легканогія коні з узнятымі ветрам грывамі, і адважны волат, гатовы кінуцца ў бітву, і казачныя тры асілкі.

Валянцін Аляксеевіч любіць фантазіраваць і арыгінальнічаць. Карціны ён не толькі піша гуашшу і пакрывае лакам, але і прыдумляе пано з пластыліну, са шкла, апрацаванага спецыяльным спосабам.

Ведае Валянцін Аляксеевіч і сакрэты пляцення з саломкі. З гэтага мяккага золата ён стварае вытанчаныя кветкі. Нават спецыяльна на прысядзібным участку вырошчвае пшаніцу, каб атрымаць прыродны матэрыял асаблівага светлага адцення.

…У кожнага мастака абавязкова павінна быць муза. Натхненне і нязменную падтрымку ва ўсіх творчых пачынаннях Валянціну Аляксеевічу дорыць яго жонка – Валянціна Мікалаеўна. Іх шчасліваму шлюбу ўжо 44 гады.

Пазнаёміліся яны ў Сакаўшчынскай сярэдняй школе, куды прыехалі настаўнічаць. Тут Бубневічы працавалі да выхаду на заслужаны адпачынак. Валянцін Аляксеевіч быў настаўнікам тэхнічнай працы, чарчэння і малявання, Валянціна Мікалаеўна вяла гісторыю і грамадазнаўства, працавала завучам.

Мудрыя бацькі выхавалі траіх дзяцей, якімі ганарацца. Два іх сыны, скончыўшы факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, працуюць праграмістамі. Дачка пасля вучобы на філфаку гэтай жа ВНУ абараніла кандыдацкую дысертацыю, зараз працуе ў Акадэміі навук Беларусі.

Напэўна, настаўнік, які здолеў правільна выхаваць роднае дзіця, паказаць яму шчаслівы шлях у жыццё, здольны палюбіць і зразумець сваіх вучняў, шчодра дзяліцца з імі ведамі. Не раз вучні В. А. Бубневіча займалі першыя месцы ў раёне па тэхнічнай творчасці. Некаторыя з іх, захопленыя запалам свайго класнага кіраўніка, абралі прафесію архітэктара, мастака-аддзелачніка, будаўніка, адзін вучань скончыў Акадэмію мастацтваў, дарэчы, ён падарыў свайму былому настаўніку аздобленыя рэльефам рамы для карцін.

Творчы і апантаны сваёй справай настаўнік нездарма быў запрошаны ў складзе раённай дэлегацыі на рэспубліканскія “Дажынкі-2005”, дзе прадстаўляў разьбу па дрэве і вырабы з саломкі.

Валянцін Аляксеевіч хоць і закончыў Аршанскае індустрыяльна-педагагічнае вучылішча, а затым і Віцебскі мастацкі інстытут, але ўсё ж з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам ён пазнаёміўся значна раней. З дзяцінства яго акружалі вырабы народнай творчасці: вышываныя ручнікі, даматканыя посцілкі, драўляныя лыжкі, лазовыя кошыкі. Маці была здольнай швачкай ды і бацька меў залатыя рукі – добра ведаў гарбарную справу, займаўся вырабам валёнак, пабудаваў дом, дзе і зараз жывуць Бубневічы. Менавіта бацька, які прайшоў дзве вайны, навучыў сына працаваць сумленна, не шкадуючы сябе, любіць сваю малую радзіму, шанаваць традыцыі продкаў.

Быць жонкай творчага чалавека няпроста. Але Валянціне Мікалаеўне на працягу дзесяцігоддзяў удаецца захоўваць у сям’і ідылію. Яе разважлівасць, сур’ёзнасць, стрыманасць удала гарманіруюць з эмацыянальнай, энергічнай натурай мужа. Быць можа, таму Валянцінаў дзень у гэтай сям’і доўжыцца праз усё жыццё?!

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий