Яе стыль жыцця

Культура

Прыгожых, дагледжаных сядзіб у Івянцы нямала. Адчуваецца, што местачкоўцы любяць парадак і не лянуюцца падмятаць, фарбаваць, садзіць кветкі, прыдумваць аздобы для падворкаў.

У справе добраўпарадкавання, як і ў хоры, тон задаюць запявалы – таленавітыя, харызматычныя людзі. Яшчэ яны вылучаюцца павышанай працаздольнасцю, уменнем быць на віду і пры гэтым не адасабляцца.

У адну з камандзіровак нам давялося двойчы праязджаць завулак Савецкі. І кожны раз мы не маглі адвесці вачэй ад дома № 3. Так часам вабіць якая-небудзь карціна: хочацца любавацца, але яшчэ больш хочацца апынуцца там, сярод маляўнічага пейзажу, хоць на некалькі імгненняў.

Спакушаныя прыгажосцю, мы адчынілі брамку і апынуліся ў казцы. Кусты, дрэвы і кветкі абудзіліся ад зімовага сну, ажыў і двор – яго аблюбавалі гліняныя і драўляныя птушкі, вожыкі, зайчыкі, конікі…Месца кожны персанаж займаў не выпадковае.

Удосталь падзівіўшыся на падворак, мы ўжо развітваліся з ім, як на ганак выйшла гаспадыня. Яе вочы прыветліва іскрыліся. На візіт няпрошаных гасцей нават лёгкая хмурынка не азмрочыла прыгожы твар.

Жанчына з такой сардэчнасцю запрасіла нас у дом, што не падпарадкавацца мы не маглі. «Выбачайце, што я сустракаю вас адзетай так па-хатняму. У суботу госці прыязджаюць. Дык рашыла ўсё загадзя падрыхтаваць…» – апраўдвалася гаспадыня.

Каб яна сказала, што ў яе доме зараз ідуць здымкі кулінарнай перадачы «Беларуская кухня», паверыць было б лягчэй.

Прызнайцеся, ці часта мы «калдуем» над плітой пры макіяжы, з прычоскай? Ніна Іосіфаўна Захарэвіч, а менавіта так звалі нашу новую знаёмую, выглядала ідэальна.

Кампліменты ў свой адрас Ніна Іосіфаўна выслухала прыхільна. І не без гонару агучыла, які юбілей нядаўна адзначыла. Лічба гэта ніяк з нашай субяседніцай не тасавалася, таму хай пра яе сведчыць толькі пашпарт. Для інтрыгі заўважу, што Ніна Іосіфаўна мае 50 гадоў працоўнага стажу. Сёлета была ўзнагароджана Ганаровым знакам «За працоўную дзейнасць у справе спажыўкааперацыі».

…Касметычны арсенал сучаснай жанчыны ў яе ёсць. Толькі, як прызнаецца Н. І. Захарэвіч, карыстаецца ім ад выпадку да выпадку. Ніна Іосіфаўна пераканана, што прыгажосць родзіцца ў сэрцы, а праяўляецца на знешнасці. Усмешка, спагада, шчырасць – куды мацнейшыя за масажы і крэмы.

«Калі застаюся адна, то адразу адчуваю, што нешта баліць, робіцца сумна. Зіму не люблю. А з надыходам вясны ажываю. Дзесяць разоў у думках спланую, што і дзе пасаджу. Працую і адчуваю, што дужэю, а як нешта ўдаецца, то настрой адразу паляпшаецца,» – прызнаецца субяседніца.

Яшчэ адзін яе талент – уменне ладзіць з людзьмі. Дом Захарэвічаў славіцца гасціннасцю. Ніна Іосіфаўна – выключная кухарка. Яе мясныя далікатэсы перахваліць немагчыма. Цудоўная атрымліваецца выпечка нават тая, што патрабуе асаблівага старання і дакладнасці. Ужо выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна некаторы час працавала ў мясцовай школе поварам.

Захапленне кулінарыяй пераняла ад Ніны Іосіфаўны і малодшая дачка Таццяна, якая выпякае не традыцыйныя тарты, а сапраўдныя скульптуры з цеста.

Праўда, адно спадзяванне Таццяна не апраўдала. Ніна Іосіфаўна і яе муж Канстанцін Браніслававіч меркавалі, што дачка застанецца жыць у бацькоўскім доме: будынак адмысловы, удалы праект, якасныя матэрыялы. Калісьці яго ўзвялі па ініцыятыве абласнога аддзялення Белкаапсаюза, а ключы ўручылі Ніне Іосіфаўне, як аднаму з лепшых работнікаў гандлю. Універмаг пад яе кіраўніцтвам, потым Івянецкае гандлёва-рознічнае прадпрыемства займалі ў сацыялістычным спаборніцтве першыя месцы не толькі ў рэспубліцы, але і ў былым Савецкім Саюзе.

А Таццяна ўзяла і выскачыла замуж у сталіцу. Сярэдняя дачка Наталля – медыцынскі работнік, жыве ў Івянцы, дзе ўжо даўно звіла сваё ўласнае радавое гняздо. Сына Яўгена лёс закінуў аж у Прагу. Таму Ніне Іосіфаўне і Канстанціну Браніслававічу даводзіцца клапаціцца пра дом, падворак і ўтульнасць самастойна.

Цяпло руплівых рук адчуваецца на кожным прадмеце. Хатнія кветкі, а іх тут аранжарэя, буяюць і цвітуць, хоць бяры і вязі на выставу. Зручны інтэр’ер прадуманы да драбніц, кожны прадмет мэблі не толькі аздабляе пакой, але і сам упрыгожаны ці то сурвэткай, ці то рарытэтнай цацкай, ці то сучасным сувенірам. Глядзіш і дзіву даешся: гэта ж якім мастацкім густам людзі адораны!

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий