Камень раскажа…

Культура

Рэспубліканскі геалагічны (мінералага-петраграфічны) помнік прыроды БРАЗОЎСКІ КАМЕНЬ АЛЯНАЎСКІ з ямкаю.

За 1 км на поўдзень ад вёскі Алянава на заходнім схіле грады пасярод раллі захавалася буйная камлыга. Даўжыня яе доўгай восі роўная 4,80 м, кароткай – 3,50, вышыня – 2,20, абвод – 12,30 м, аб’ём – 19,5 м3, вага – каля 51,9 т. Паўночны бок яе стромкі, паўднёвы – пакаты, доўгая вось мае напрамак амаль з поўначы на поўдзень (330-1500) і адпавядае агульнаму напрамку руху ледавіка, які прынёс яе прыкладна 220-150 тысяч гадоў таму ў часы сожскай стадыі дняпроўскага зледзянення са Скандынавіі.

Камлыга мае акруглую прасападобную форму з загладжанай паверхняй, месцамі дэсквамаванай, што сведчыць пра знаходжанне яе пры транспарціроўцы пэўны час у актыўнай зоне ледавіка. На паверхні расце шмат імхоў і лішайнікаў розных відаў. На верхняй роўніцы захавалася штучнае паглыбленне квадратнай формы з памерамі бакоў па 15 см і глыбінёй 5 см.

Ніякіх старажытных паданняў, на жаль, не захавалася, але мясцовыя жыхары лічаць, што раней камень быў вышынёй за 3 метры. Аднойчы яны вырашылі выявіць, да якой глыбіні камень пагружаны ў зямлю, і пачалі раскопваць яго. Але той скрануўся з месца, апусціўся ў яму на 2 метры. Хутчэй за ўсё гэта рэшткі паданняў пра скарб, які нібыта пахаваны пад валуном.

Жыхары апавядаюць, што раней зямля, на якой ён месціцца, належала спадару Бразоўскаму, і таму так называюць гэты камень. Камлыга адзначалася ў якасці помніка прыроды яшчэ ў 1935 годзе і вартая абвяшчэння геалагічным (мінералага-петраграфічным) помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *