З 21 па 26 красавіка – Еўрапейскі тыдзень імунізацыі

Общество

Фармiруем базавы iмунiтэт

Калі вашаму дзіцяці споўнілася 3 месяцы, наступіў час для правядзення чарговых планавых прышчэпак супраць дыфтэрыі, слупняку, коклюшу і поліяміеліту. Менавіта да гэтага ўзросту ў дзіцяці пачынаюць знікаць ахоўныя антыцелы, атрыманыя ад маці, і яно становіцца ўспрымальным да гэтых інфекцый.

Узбуджальнік дыфтэрыі пры пападанні ў арганізм выпрацоўвае таксін, які пашкоджвае сардэчна-сасудзістую і нервовую сістэмы, паднімаецца тэмпература цела, узнікаюць болі пры глытанні, міндаліны пакрываюцца шэраватай плёнкай, развіваецца ацёк слізістай і звужэнне дыхальных шляхоў. Хворы можа памерці ад удушша. Са 100 непрышчэпленых хворых 10 чалавек памірае. У выпадку выздараўлення часта з’яўляюцца цяжкія ўскладненні з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак і наднырачнікаў. Узбуджальнік перадаецца ад чалавека да чалавека паветрана-капельным шляхам. Крыніцай інфекцыі можа быць знешне здаровы чалавек, так званы бактэрыяносьбіт.

Узбуджальнік слупняку пры пападанні ў арганізм выпрацоўвае таксін, які валодае нервова-паралітычным дзеяннем. Практычна ў 100% выпадкаў захворванне ў непрышчэпленых заканчваецца смяротным зыходам. Узбуджальнік слупняку ёсць не толькі ў прыродзе, але і ў хатніх прадметах, адзенні. Захворванне развіваецца пры пападанні ўзбуджальніка на пашкоджаныя скурныя покрывы (у раны, драпіны).

Узбуджальнік коклюшу выклікае працяглае цяжкае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца прыступамі сутаргавага кашлю на фоне агульнай інтаксікацыі арганізма. Коклюш небяспечны ўскладненнямі: насавымі крывацёкамі, сутаргамі, запаленнем лёгкіх, пашкоджаннем мозга. Адзначаюцца і смяротныя зыходы, асабліва ў непрышчэпленых дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў. Узбуджальнік коклюшу лёгка перадаецца ад хворага чалавека да здаровага паветрана-капельным шляхам.

Поліяміеліт выклікаецца вірусам, якія паражае нервовую сістэму і заканчваецца парушэннем руху, паралічом ці смяротным зыходам. Крыніца інфекцыі – хворы чалавек ці бессімптомны носьбіт. Заражэнне адбываецца пры кантакце з крыніцай інфекцыі праз забруджаныя вірусам рукі, прадметы ўжытку, ваду, харчовыя прадукты.

Як засцерагчыся ад інфекцыі?

Для папярэджання коклюшу выкарыстоўваюць два віды вакцынавых кампанентаў: цэльнаклетачныя і бясклетачныя. Цэльнаклетачны кампанент утрымлівае ў сваім складзе спецыяльны забіты коклюшны мікраарганізм.  Ён пазбаўлены ўласцівасцяў выклікаць захворванне, але мае ўласцівасці фарміраваць абарону супраць захворвання. Бясклетачны коклюшны кампанент утрымлівае не цэлы мікраарганізм, а толькі яго асобныя фрагменты, якія адыгрываюць найбольш важную ролю ў стварэнні абароны ад захворвання.

Камбінаваныя вакцыны, якія маюць у сваім складзе як цэльнаклетачны, так і бясклетачны коклюшныя кампаненты, валодаюць аднолькава высокай эфектыўнасцю ў папярэджанні коклюшу, дыфтэрыі і слупняку. Вакцыны, якія змяшчаюць бясклетачны коклюшны кампанент, значна лепш пераносяцца дзецьмі.

Для прафілактыкі поліяміеліту першыя прышчэпкі малышам робяць інакцівіраванай вакцынай, якая ўводзіцца ўколам. Наступныя прышчэпкі робяць жывой вакцынай, якая капаецца ў рот.

Для фарміравання ў дзяцей базавага імунітэту супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку і поліяміеліту вакцыны ўводзяцца з узросту 3-х месяцаў тры разы з інтэрвалам у 1 месяц. Для падтрымання імунітэту ва ўзросце 18 месяцаў дзіцяці неабходна правесці аднакратную рэвакцынацыю супраць гэтых хвароб.

Прышчэпкі абароняць ад коклюшу на 6-8 гадоў, гэта значыць, на той перыяд, калі магчымы найбольш цяжкія формы захворвання. Для таго каб  у далейшым падтрымліваць абарону ад дыфтэрыі і слупняку, дзіцяці будуць праводзіцца прышчэпкі ў 6, 11 і 16 гадоў, а затым і сталаму чалавеку кожныя 10 гадоў.

На працягу першых трох сутак пасля ўвядзення вакцыны, якая змяшчае цэльнаклетачны коклюшны кампанент, у 10-15 дзяцей са 100 прышчэпленых могуць з’явіцца рэакцыі ў выглядзе ўшчыльнення ці пачырванення, хваравітасць, магчыма павышэнне тэмпературы цела, плаксівасць, раздражняльнасць. Неабходна адзначыць, што праявы гэтых рэакцый пасля ўвядзення бясклетачных вакцын менш выражаны, чым пасля вакцын, якія ўтрымліваюць цэльнаклетачны коклюшны кампанент.

У нашай краіне першыя прышчэпкі супраць поліяміэліту малышу праводзяцца з выкарыстаннем інакцівіраванай вакцыны. Калі ў дзіцяці ўжо сфарміраваўся сістэмны імунітэт, уводзіцца некалькі доз жывой вакцыны для стварэння мясцовага імунітэту (у кішэчніку). Пры такой схеме ствараецца ўстойлівы імунітэт супраць поліявірусаў і практычна выключаецца рызыка ўскладненняў.

Ала КРУЦЬКО,

раённы ўрач-педыятр



Добавить комментарий