Па вопыт – да валожынцаў

Официально

У аўторак Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу наведала дэлегацыя прадстаўнікоў аховы здароўя Рэспублікі Татарстан на чале з намеснікам міністра аховы здароўя краіны С. А. Осіпавым.

У склад дэлегацыі ўвайшлі галоўны ўрач дзіцячай рэспубліканскай клінічнай бальніцы Р. Ф. Шаваліеў, вядучы кансультант аддзела дзяцінства міністэрства А. А. Пятрова і галоўны спецыяліст упраўлення кантролю стандартаў і якасці медыцынскай дзейнасці міністэрства Г. В. Лысенка. Ініцыятарам наведання менавіта нашай краіны стаў міністр аховы здароўя Рэспублікі Татарстан. Дагэтуль медыкі з Татарыі вывучалі вопыт работы замежных краін, аднак вырашылі, што Беларусь намнога бліжэй. Мэта візіту – азнаёміцца з перадавым вопытам работы медыцынскіх устаноў нашай рэспублікі па зніжэнні паказчыкаў мацярынскай і дзіцячай смяротнасці. У прыватнасці, татарскіх калег зацікавіла тое, што ў Беларусі за апошнія тры гады не зарэгістравана выпадкаў мацярынскай смяротнасці. Увогуле, пытанні захавання здароўя маці і дзіцяці з’яўляюцца прыярытэтнымі для ўрада Рэспублікі Татарстан. Пакуль яшчэ медыцынскім работнікам гэтай краіны не ўдалося дасягнуць станоўчага выніку ў вызначаным пытанні, хоць паказчыкі мацярынскай і дзіцячай смяротнасці тут на нізкім узроўні, аднак такія выпадкі яшчэ, на жаль, рэгіструюцца. Таму перад медыкамі вышэйшага звяна была пастаўлена задача – дасканала вывучыць вопыт і метады работы беларускіх спецыялістаў.

Напярэдадні госці наведалі 37-ю сталічную паліклініку, дзе пабывалі ў жаночай кансультацыі. Таксама азнаёміліся з работай дзіцячай інфекцыйнай бальніцы і дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра. Далей на іх шляху была наша раённая бальніца, а менавіта акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне. З непрацяглага візіту яны прыйшлі да высновы, што галоўнае ў дасягненні станоўчых вынікаў па захаванні жыцця маці і дзіцяці – цесная ўзаемасувязь і сумесная зладжаная работа акушэр-гінеколагаў і педыятраў. Правільным і своечасовым палічылі медыкі з Татарстана прыняцце на ўзроўні Прэзідэнта Дэкрэта № 18, які накіраваны на работу з нядобранадзейнымі сем’ямі. Дарэчы, уразіла тое, што тут  супольна працуюць медыкі і іншыя зацікаўленыя службы, якія ўздзейнічаюць на сацыяльны стан некаторых сем’яў. Прыемна здзівілі і адносіны беларускіх медыкаў да сваёй работы – па ўсім бачна, што людзі любяць тое, чым займаюцца, а гэта таксама іграе значную ролю ў дасягненні добрых паказчыкаў.

Толькі словы адабрэння атрымала і падтрымка кіраўніка нашай краіны невялікіх радзільных аддзяленняў, такіх, як наша, у якіх адбываецца каля 300 народзін у год. У іх рэспубліцы такія радзільныя дамы лічацца нерэнтабельнымі і неперспектыўнымі, таму што патрабуюць значных датацый і выдаткаў з боку дзяржавы. Яны закрываюцца, а парадзіхі накіроўваюцца ў больш вялікія цэнтры.

Увогуле, узровень медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў нашай краіне дэлегацыя з Татарстана ацаніла як вельмі высокі. У іх таксама бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, аднак яно працуе ў сістэме абавязковага медыцынскага страхавання, гэта значыць – для пацыентаў яно бясплатнае, а ўсе выдаткі бярэ на сябе страхавая кампанія.

У далейшым дэлегацыя прадстаўнікоў аховы здароўя з Татарстана плануе наведаць перанатальныя медыцынскія цэнтры ўсіх узроўняў – ад 1-га да 4-га, каб больш цесна і дасканала  вывучыць назапашаны вопыт беларускіх медыкаў. А яшчэ – каб раскрыць сакрэт адкрытасці, шчырасці і добразычлівасці беларускага народа, надзвычайнага парадку і чысціні, сапраўднай любові да роднага краю.

У адказ на гасцінны прыём госці з Казані запрасілі да сябе нашых спецыялістаў – ім таксама ёсць што паказаць і чаму ў іх павучыцца. У прыватнасці, у галіне развіцця высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі і арганізацыі работы раённых бальніц – тут укаранёны цікавыя падыходы, якія істотна адрозніваюцца ад нашых.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий