Паклапоцiцца пра кожнага

Общество

Зінаіда Мікалаеўна ІВАНОВА з Дубіны пасля выхаду на пенсію рашыла кропку на сваёй працоўнай біяграфіі не ставіць. Прафесію, праўда, памяняла. Да заслужанага адпачынку была заатэхнікам, а зараз занятая ў сферы бытавога абслугоўвання, яна – загадчыца комплекснага прыёмнага пункта.

Прафесія іншая, але стаўленне да новых абавязкаў засталося ранейшым. Адказнасць, старанне, дысцыпліна – тыя якасці, якім не вучаць у каледжах і інстытутах, а выхоўваюць з дзяцінства. Бацькі Зінаіды Мікалаеўны, простыя вяскоўцы з Іўеўскага раёна, заўсёды паўтаралі дачцэ: «Праца – адзіны сакрэт поспеху, шчасця. Не цурайся ніякай справы, усяму вучыся, будзь паслухмянай старэйшым, настаўнікам…»

Яна не супраціўлялася бацькоўскім наказам, хоць усю мудрасць той навукі змагла ацаніць шмат пазней, калі пасталела, калі сама стала маці. Гэтыя словы Зінаіда Мікалаеўна не забывалася гаварыць сваім дзвюм дочкам і сыну, каб і яны не збочылі з добрай жыццёвай дарогі, каб ведалі, чым трэба даражыць.

Калі вёска Дубіна атрымала статус аграгарадка, быў нанова пабудаваны і па-сучаснаму абсталяваны сельскі Дом быту ў мініяцюры. Памяшканне паступіла на баланс мясцовай сельгасарганізацыі, а загадчыцай прапанавалі стаць З. М. Івановай. Жанчына падумала, параілася з сям’ёй і згадзілася. На новым месцы адразу ж адчула сябе гаспадыняй. Тут яна і парадак пільнуе, і дакументацыю неабходную вядзе, і пра забеспячэнне патрэбаў вяскоўцаў клапоціцца.

І вось ужо чатыры гады жыхары Дубіны і навакольных вёсак наведваюць утульны комплексны прыёмны пункт. Пачысціць падушкі, адрамантаваць абутак ці адзенне – самыя запатрабаваныя паслугі на вёсцы. Раз у тыдзень працуе пры КПП цырульня. Здараецца, што хтосьці з людзей немаладога веку просіць, каб яго падстрыглі дома. То і гэта арганізуецца. Так у Кнізе заўваг і прапаноў з’явілася падзяка ад пенсіянерак Бельскай і Чабай з Дубіны Юрздыцкай за добрую стрыжку і ўвагу да іх персон.

Многія вяскоўцы жадаюць набыць курткі зімовыя ці дэмісезонныя, якія шыюцца ў Валожынскім Доме быту. Зінаіда Мікалаеўна прымае заказы, сочыць за своечасовай дастаўкай. Пры комплексным прыёмным пункце арганізаваны гандаль і іншымі таварамі, якія вырабляюцца прадпрыемствамі бытавога абслугоўвання.

Ледзь не штодня «на агеньчык» да Зінаіды Мікалаеўны стараюцца зазірнуць Тамара Каляда, Марына Чабай, Таццяна Вайцяховіч – самыя верныя і актыўныя кліенты паслуг КПП. Не застануцца расчараванымі і тыя вяскоўцы, хто раз у год звяртаецца па нейкай бытавой патрэбе да Зінаіды Іванаўны. Увага будзе ўдзелена кожнаму.

З. М. Іванова за першы квартал гэтага года выканала план на 127 працэнтаў.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий