У iнтарэсах людзей…

Общество

23 красавіка старшыня райвыканкама правёў чарговую “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі раёна.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч  заўсёды з удзячнасцю і разуменнем успрымае крытычныя заўвагі, пажаданні і прапановы, якія паступаюць ад грамадзян. І “прамыя тэлефонныя лініі”, якія праводзяцца з перыядычнай рэгулярнасцю, не выключэнне.

Надзённыя праблемы з жыцця Івянца ўзняла Т. А. Кулікоўская ў час тэлефоннага дыялогу з кіраўніком раённай вертыкалі. Яе званок быў прасякнуты жаданнем зрабіць роднае мястэчка яшчэ больш камфортным, лепшым, зручным для яго жыхароў. Выслухаўшы сутнасць тэлефоннага звароту, Уладзімір Антонавіч з разуменнем і падтрымкай успрыняў кожную заўвагу. Нават далікатна папракнуў субяседніцу: “Чаму ж Вы не ўзнялі гэтыя важныя праблемы на сустрэчы ўлады з насельніцтвам, якая праходзіла не так даўно ў Івянцы?! Вось тады з удзелам прадстаўнікоў асноўных раённых службаў мы і паставілі б усе кропкі над “і” ?!”

Аказваецца, Тамара Антонаўна тады з-за сваёй сціпласці проста не рашылася на публічнае выступленне, хоць на сустрэчы прысутнічала. А цяперашняя размова па тэлефоне з кіраўніком раёна для яе больш прымальны спосаб задаць хвалюючыя пытанні. Літаральна ўсе яе звароты можна класіфікаваць як сацыяльна-значныя. Нашу чытачку непакоіць наступнае: чаму ў гарпасёлку да гэтага часу не працуе кафэ, якое раней называлася “Загадка”. Чаму няма ў мясцовым універмагу хаця б сціплага аддзела па рэалізацыі мэблі і спадарожных тавараў? Нялішне было б, каб з’явілася нарэшце і секцыя па продажы ювелірных вырабаў. Прагучала нараканне і наконт недастатковага аб’ёму медыцынскай дапамогі пацыентам, бо многіх вузкіх спецыялістаў-урачоў няма ў пастаянным штатным раскладзе Івянецкай паліклінікі. Рана, на жаль, заканчваюць сваю работу ў вячэрні час і філіялы банкаў. Хвалюе аўтара тэлефоннага званка і добраўпарадкаванне зоны масавага адпачынку на ўзбярэжжы рэчкі Волмы. У перыяд актыўнага рамонту і будаўніцтва, аказваецца, зусім няпроста івянчанам купіць невялікую партыю той жа цэглы, іншых матэрыялаў.

Узнятыя пытанні ўзяты пад кантроль. Вырашана вывучыць на месцы ўсе магчымыя варыянты рэалізацыі гэтых заўваг, каб затым увасобіць іх у жыццё ў інтарэсах людзей. Магчыма, будзе арганізавана ў Івянцы яшчэ адна паўторная сустрэча з грамадзянамі, каб дакладна праманіторыць меркаванне мясцовых жыхароў.

Заканамерна, што былі адрасаваны на “прамую лінію” і пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем дарог, вуліц. Такое тэлефанаванне прагучала з вёскі Даўбені. Аналагічны званок паступіў з вёскі Баркі-Нізавыя ад Я. М. Сухадолец. На тое, што наспеў час добраўпарадкаваць дарогу з Бабровічаў на Пяршаі, звярнула ўвагу В. П. Галоўская. Б. Г. Чарнец з Сугваздаў занепакоены якасным добраўпарадкаваннем тэрыторыі дзіцячага сада ў вёсцы. Каб усё давесці да ладу, патрэбна падмога спецыяльнай тэхнікі.

Жыхарка вуліцы Загарадняй райцэнтра Л. В. Пятровіч паскардзілася, што на выгане за гарадской мяжой спецыялізаванае прадпрыемства, якое падводзіла кабель да магазіна “Еўраопт”, пакінула пасля заканчэння работ вялікую канаву. Канаву трэба закапаць, а ўчастак выраўняць. У гэтым пытанні таксама будзе аказана адпаведнае садзейнічанне. Жыхарка вуліцы Кірава горада Валожына прасіла прыняць меры ўздзеяння ў адносінах свайго працаздольнага суседа, які ўласную сядзібу ператварыў у ачаг запусцення і антысанітарыі.

Як і заўсёды, усе тэлефонныя званкі ўзяты ў райвыканкаме на пільны кантроль. У максімальна кароткія тэрміны будуць вызначаны канкрэтныя адказныя і выканаўцы належных работ, каб дапамагчы ўсім грамадзянам, якія патэлефанавалі кіраўніку раёна.

Па-ранейшаму жыхароў непакоіць стан некаторых жылых кватэр. Асабліва тых, дзе дахавае пакрыццё ўжо фізічна састарэла. У прыватнасці, такую праблему ўзнімала жыхарка дома № 6, А, па вуліцы Партызанскай горада Валожына. Патрэбна кардынальная мера – капітальны рамонт. Звычайна такія работы вядуцца ў горадзе з улікам распрацаванага плана рамонту і адпаведных фінансавых гарантый.

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий