Павезлi поспех у Івянец

Официально

    Валожынскі раён на занальным конкурсе шматдзетнай сям’і ў г. Маладзечна прадстаўляла сям’я Качына з Івянца. Бацькі выхоўваюць трох чароўных дачок – Паліну, Сафію і маленькую Маргарыту.

Мама, Аксана Іосіфаўна, працуе прадаўцом у магазіне. Па прафесіі яна цырульнік, і навыкі не даюць ёй разгубіць сваякі, сябры і знаёмыя, якім робіць прыгожыя прычоскі. Тата, Сяргей Віктаравіч, – работнік будаўнічай фірмы. Да гэтага ён працаваў на Івянецкім заводзе мастацкай керамікі і з’яўляецца адным з трох майстроў ганчарнай справы ў раёне. Цяпер сям’я задзейнічана на будаўніцтве ўласнай хаты, і справа набліжаецца да завяршэння. Муж і жонка запэўніваюць, што да восені павінны справіць наваселле. Дом вялікі, двухпавярховы, з прыгожым аглядным балконам. Дзеці ж растуць працавітымі, актыўнымі, добра вучацца, наведваюць гурткі бісерапляцення ў мастацкай школе.

На конкурсе былі заяўлены 4 намінацыі. Першай ацэньвалася мультымедыйная прэзентацыя сям’і, у якой расказвалася пра традыцыі, радавод і захапленні івянчан. “Бацькоўскае шчасце” – своеасаблівая візітная картка, міні-спектакль, дзе сям’я Качына распавядала пра сябе, пра дасягнутыя поспехі ў выхаванні і адукацыі дзяцей. У намінацыі “Здароўе шматдзетнай сям’і” Качыны прадставілі ўласны сацыяльны праект па фарміраванні здаровага ладу жыцця і падрыхтавалі спартыўны нумар. У “Сакрэтах поспеху” сям’я аформіла выставу, дзе былі прадстаўлены захапленні кожнага. Тата прывёз уласна зробленыя творы ганчарнага мастацтва, дзеці – бісерапляценне і цудоўныя малюнкі. Мама – фатаграфіі прычосак, якія яна сама зрабіла. Быў прадэманстраваны журы таксама міні-відэафільм па “майстар-класе”, у якім члены сям’і дэманструюць свае ўменні (тата за ганчарным кругам робіць вазу, мама – святочную прычоску).

Усе этапы выступлення былі вытрыманы ў казачным стылі. Нашу сям’ю вельмі цёпла прымалі гледачы, асабліва маленькую Маргарыту. За паспяховы ўдзел у конкурсе сям’я атрымала ў падарунак кухонны камбайн.

У час падрыхтоўкі да конкурсу мы блізка пазнаёміліся з героямі гэтай публікацыі. Усіх іх вызначае на дзіва спагадлівае стаўленне адзін да аднаго, паразуменне і клопат. Зрэшты, так і павінна быць у кожнай сям’і.

Ірына КАВЯЗА

Фота Алены ЖДАНЮК



Добавить комментарий