100 гадоў – вось гэта юбілей!

Культура

Я хачу расказаць пра сваю бабулю – Яніну Фляр’янаўну Лужынскую. Маёй бабулі – 100 гадоў!!! Уяўляеце?! Цэлы век!!! Колькі розных падзей адбылося за гэты час…

Уся наша вялікая сям’я вельмі любіць і паважае бабулю, заўсёды прыслухоўваецца да яе мудрых парад, якіх за ўсё сваё жыццё яна дала не мала, і, вядома, усе мы ганарымся, што ў нас такая легендарная бабуля!

Нарадзілася Яніна ў простай сялянскай сям’і — Фляр’яна і Ганны Гедроіць у вёсцы Цябуты, што недалёка ад Валожына.  Была  яна самым малодшым, пятым, дзіцем.

Дом стаяў на хутары, на ўзгорку, адкуль было відаць усё наваколле. Мелі вялікую гаспадарку, сад, поле, агарод, жылі не багата і не бедна, але заўсёды ў згодзе. Як у многіх сем’ях таго часу, працавалі ўсе – і дарослыя, і дзеці. А калі Яніне споўнілася 5 гадоў, яна ўжо самастойна пасвіла свіней, якіх было многа. Але дзяцінства ёсць дзяцінства – ва ўсе часы, і малая Яніна разам з усёй дзятвой гуляла ў розныя гульні,  лазіла ў чужыя сады…

У 7 гадоў Яніну аддалі ў царкоўна-прыходскую школу ў Валожын, дзе яна правучылася 3 зімы. Далей забралі дамоў, бо трэба было дапамагаць па гаспадарцы.

Каб пракарміць вялікую сям’ю, прыходзілася многа працаваць – з раніцы да вечара. Але, нягледзячы на стомленасць, хапала сіл, каб кожны вечар пайсці на гулянкі. Летам, расказвала бабуля, збіралася моладзь у беразняку, які быў недалёка ад вёскі, і каталіся на арэлях, пелі песні, танцавалі… Зімовымі вечарамі моладзь  збіралася на вячоркі – у каго-небудзь дома ладзілі танцы пад цымбалы і гармонік. Было весела, шматлюдна, прыходзілі і з іншых вёсак. Зімою таксама пралі кудзелю, ткалі палотны, вышывалі ручнікі. У нашай сям’і да гэтага часу на вялікія святы засцілаем стол саматканым бабуліным абрусам. Ён прыгожы, урачысты, белы і за столькі гадоў выглядае як новы! Захаваліся яшчэ дываны, посцілкі і ручнікі, сатканыя руплівымі рукамі бабулі. Гэта наша спадчына і багацце, якім  вельмі даражым.

А якія былі святы – фэсты!!!  На фэст рыхтаваліся загадзя, шылі новыя строі, куплялі ўпрыгажэнні. Пешшу і на падводах дабіралася мора народу. Аднойчы на свята-фэст Ганны  (7 жніўня) бабуля захацела паехаць у новым капялюшыку. Часу вольнага не было – жніво! Дык яна цэлы дзень жала жыта, а ў час абеду схадзіла за 12 км у Валожын, каб купіць новы капялюшык. Купіла і задаволеная адправілася на фэст. Вось так!

Многа цікавага расказвала бабуля пра сваё жыццё. Жылі цяжка, многа працавалі, але ўмелі цаніць жыццё і радавацца кожнаму дню.

У 1939 годзе  Яніна  выйшла замуж за Лужынскага Альфонса Антонавіча. Сям’я дзядулі была заможнай. Будучая свякроў Караліна так была рада, што выслала саматканымі ручнікамі дарожку маладым ад варот да парога на знак вялікай радасці і прыхільнасці да нявесткі.

Новая сям’я пачала абжывацца, пабудавалі дом, у маі 1941 года нарадзілася дачка Франя. Жыць ды радавацца! Але ў чэрвені пачалася вайна. З маленькай Франяй на руках прыходзілася ўцякаць у лес і хавацца там. У 1942 годзе немцы спалілі дом, таму прыйшлося жыць ва ўцалелым старым хляве, у холадзе, са скацінай.

Закончылася вайна, сталі падымаць гаспадарку. У маі 1946 года нарадзілася  дачка Людміла.

Калектывізацыя прыйшла і ў Цябуты. Не ўсе людзі хацелі ўступаць у калгас, аддаваць сваю гаспадарку. Дзядулю саслалі на 3 гады ў Сібір, бубуля засталася з малымі дзецьмі на руках. Адна іх гадавала, вяла гаспадарку. Працягвалі жыць у хляве, было цяжка, холадна, голадна…

Але ўсё дрэннае калі-небудзь ды заканчваецца. Дзядулю апраўдалі, і ён вярнуўся дамоў. Пабудавалі дом, працавалі ў калгасе. У 1952 годзе нарадзілася малодшая дачка Тэрэза. Жылі не багата, але дружна. Многа працавалі, а на святы ўмелі адпачываць. У вялікім новым доме вясковая моладзь арганізоўвала вечарынкі. Дзядуля быў заядлы танцор і многіх хлопцаў вучыў танцаваць.

Але час ідзе… Падраслі дзеці, павыходзілі замуж, з’явіліся ўнукі. У 1989 годзе дзядуля і бабуля адсвяткавалі залатое вяселле. Пражылі яны разам доўгае, шчаслівае сямейнае жыццё – 70 гадоў ( дзядулі не стала ў 2009 годзе). Любілі, паважалі і цанілі адзін аднаго. Выгадавалі 3 дзяцей, выняньчылі 4 унукаў і 7 праўнукаў!

Унукі ўсе з вышэйшай адукацыяй: старэйшая ўнучка Ірына – педагог, закончыла аспірантуру, атрымала званне вучонага-даследчыка ў вобласці педагагічных навук; Аксана і Таццяна – урачы; унук Андрэй – ваенны афіцэр – маёр, служыць на Паўночным флоце ў Севераморску.

Праўнучка Кацярына закончыла лінгвістычны ўніверсітэт, свабодна валодае англійскай, нямецкай і іспанскай мовамі; Таццяна вучыцца на 5-ым курсе БДУ, будучы юрыст; праўнук Павел — прадпрымальнік, вучыцца ў Міжнародным інстытуце працоўных і сацыяльных адносін; Марыя паступіла ў мінулым годзе ў лінгвістычны ўніверсітэт, вывучае французскую мову; Анастасія і Ксенія паспяхова вучацца ў школе. А ў самага малодшага праўнука Аляксандэра – усё яшчэ наперадзе.

Мы ўсе любім прыязджаць да бабулі. Усе канікулы – мы ў Цябутах! На ўсе святы, а на Каляды, Пасху —  абавязкова ўся наша вялікая сям’я збіраецца ў самай мудрай і добрай, у старэйшыны нашага роду – у бабулі!

Кажуць, жыццё пражыць – не поле перайсці! А калі жыццё – 100-годдзе, то колькі прыйшлося перажыць, прайсці, выпрабаваць… Наша бабуля пражыла цікавае і багатае на розныя падзеі жыццё, з’яўляецца старажылам нашай вёскі! Ды і не толькі вёскі! Пражыць цэлы век дадзена лёсам не кожнаму!

Ад усёй душы хочацца пажадаць любімай, роднай бабулі моцнага здароўя і аптымізму яшчэ на доўгія гады!

Ірына Шульгіна,

г. Мінск



Добавить комментарий