Мамачка мая

Общество

Была я ў мамачкі

Адна на раду,

Аддала мяне мамачка

Замуж маладу.

 

Аддала мяне мамачка

Замуж маладу

У чужую староначку,

У чужую сям’ю.

 

Не была я ў мамачкі

Гадочак-другі,

А на трэці гадочак

Зажурылася.

 

А на трэці гадочак

Зажурылася —

Да мамачкі ў госцікі

Захацелася.

 

Абярнуся зязюляй,

Вазьму і паляту,

Можа, стрэну мамачку,

Ідучы па ваду.

 

Ой, сяду я, пайду

Ў вішнёвым саду.

Можа, убачу мамачку,

Мамачку сваю.

 

Ажно ж мая мамачка

Па сенечках ходзіць,

Ажно ж мая мамачка

Сыночкаў будзіць:

 

— Уставайце, сыночкі,

Саколікі мае!

Паслухайце пташачку,

Што ў садзе пяе.

 

Калі шэра зязюля,

Хай ляціць у бор.

Калі ваша сястрыца,

Прасіце за стол.

 

Мой старэйшы брацейка

Дзверы зачыніў.

А малодшы брацейка

Стрэлы навастрыў.

 

Мой малодшы брацейка

Выпусціў стралу —

І забіў сястрыцу

Ў вішнёвым саду.

    Родная песня… Скупымі радкамі адлюстроўвала ўсю палітру жыцця і побыту беларусаў. Так здарылася, што, працуючы над фальклорам роднага краю, я прыпомніў песню, якую спявала мне мая бабуля Алена Сымонаўна Ганчарык. Радуюся, што ёсць магчымасць песню гэту паказаць чытачам. Думаю, яна можа мець некалькі варыянтаў.

Мікалай ГАНЧАРЫК,

ветэран педагагічнай працы,  жыхар в. Пяршаі



Добавить комментарий