Агляд падзей у раённай газеце за май 1969 года

Культура

ВЫДАТНЫ КАСМIЧНЫ ЭКСПЕРЫМЕНТ

Пра гэта пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”:

17 мая аўтаматычная міжпланетная станцыя “Венера-6” праз суткі пасля спуску станцыі “Венера-5” таксама завяршыла шматмесячны палёт па трасе Зямля–Венера. Апарат станцыі плаўна зніжаўся ў атмасферы планеты Венера на працягу 51 хвіліны. У час спуску праводзіліся вымярэнні характарыстык атмасферы. Якія перадаваліся ў цэнтр сувязі.

Станцыя “Венера-6”, як і “Венера-5”, даставіла на планету вымпелы з барэльефам У. І. Леніна і адбіткам Дзяржаўнага герба Савецкага Саюза.

Упершыню ў свеце вывучэнне планеты Венера аўтаматычнымі касмічнымі апаратамі было пачата Савецкім Саюзам у 1961 годзе, калі да гэтай планеты стартавала станцыя “Венера-1”.

 

АДНОЙ З ЛЕПШЫХ У ВОБЛАСЦI

з’яўляецца Вішнеўская ўчастковая бальніца.

Фотавыстаўка з сямідзесяці здымкаў аб буднях медыкаў гэтай установы дэманстравалася ў Мінскай абласной ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга клінічнай бальніцы. Тут знайшла адлюстраванне арганізацыя лячэбнай і санітарна-прафілактычнай работы. Першымі наведвальнікамі выставы былі ўдзельнікі абласной нарады акушэраў-гінеколагаў і дзіцячых урачоў. Яны пераканаліся, якіх вялікіх поспехаў у ахове здароўя дабіліся вішнеўскія медыкі.

 

ПЕРАЖЫТАЕ, ДЫ НЕ ЗАБЫТАЕ

Удзельніца партызанскага руху, бухгалтар дзіцячага сада-ясляў горада Валожына Л. Казлова піша ў рэдакцыю газеты:

“…Шугала полымя вайны. Грымела гіганцкая бітва пад Масквой. Увесь народ падняўся на абарону сваёй Бацькаўшчыны. У 1942 годзе і я прыйшла ў партызанскі атрад імя Кананіхіна, які дзейнічаў у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Як сувязной, мне прыходзілася выконваць розныя заданні камандавання атрада. Кожны паход быў звязаны са смяртэльнай рызыкай. Адно з самых складаных і небяспечных заданняў я атрымала летам 1943 года. Увагу партызан прыцягваў Малееў мост, які знаходзіўся на шашы Масква–Варшава. Ва ўзяцці мосту мы бачылі задачы вялікай важнасці. Але вораг трывала ўмацаваў свае пазіцыі, і подступы  да яго здаваліся немагчымымі. Мне было даручана сабраць звесткі наконт жывой сілы, а таксама зброі і тэхнічных умацаванняў фашыстаў. Мае разведвальныя паходы завяршыліся даволі паспяхова. Партызанам удалося ўзяць нямецкую зброю і некалькі “языкоў”. Я атрымала ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”.

Да вялікай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі мужны савецкі народ прыйшоў праз агонь баёў і незлічоныя пакуты. Таму радасна бачыць, як ушаноўваецца светлая памяць аб тых, хто ў жорсткіх сутычках з ворагам адстаяў родную зямлю”.

 

НIЗКА СХIЛЯЕМ ГАЛОВЫ

Тысяча чатырыста васямнаццаць дзён і начэй бушавала на нашай зямлі полымя цяжэйшай з войнаў, якія калі-небудзь ведала чалавецтва.

Толькі на тэрыторыі нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі знішчаны73 вёскі, разбураны ўсе прадпрыемствы, школы, расстраляна, закатавана і спалена каля дзесяці тысяч мірных жыхароў.

У ліку герояў вайны імёны нашых выдатных землякоў – сакратара былога Івянецкага райкома партыі Васілія Трафімавіча Барысевіча, старшыні калгаса “Новае жыццё” (вёска Доры) Станіслава Міхайлавіча Бруя, памочніка пракурора раёна Аляксандра Іванавіча Капачова, старшыні Даўбенеўскага сельсавета Аляксандра Піліпавіча Шакуна, работнікаў міліцыі братоў Антона і Міхаіла Шчуцкіх і многіх іншых.

 

РАНА ПАСЕЕШ – ДОБРА ПАЖНЕШ

Многія механізатары, што працуюць на сяўбе ў калгасе імя Чарняхоўскага, перавыконваюць заданні ў паўтара раза.

Да такіх адносяцца Іван Клімовіч і Эдуард Краскоўскі, якія працуюць на пагрузцы ўгнаенняў. Тамаш Гутар і Мікалай Іванчык на трактары Т-74 за кароткі тэрмін унеслі аміячную ваду на плошчы звыш 160 гектараў.    

На 200 працэнтаў перавыконвалі на сяўбе зменныя нормы выпрацоўкі Уладзімір Махіна і Уладзімір Амельяновіч, Іван Бразоўскі і Казімір Часноўскі, Іван Жылевіч і Фёдар Садоўскі.

Трактарысты Віктар Чатырка, Тамаш Гутар і Казімір Бітэль далі слова да сяўбы ачысціць палі ад камення. З гонарам стрымалі яго. Асабліва добра арганізавалі работу ў брыгадах, якімі кіруюць член КПСС Віктар Іванавіч Уліцкі і Іван Іосіфавіч Тышкевіч.

Хімічная праполка льну і збожжавых даручана трактарысту Віктару  Дзядзюлю.  

 

МАЛЕНЬКАЯ ПАДАРОЖНIЦА

Шафёр сельгасарцелі імя Леніна Іван Трапашка і не меркаваў, што чарговы рэйс за будаўнічым матэрыялам акажацца такім незвычайным.

Амаль даехаўшы да месца прызначэння, у зацішным глухім кутку Налібоцкай пушчы ён убачыў на пяску сляды дзіцячых ног. Адкуль тут, далёка ад населеных пунктаў, узяліся дзеці? Шафёр і яго спадарожнікі заняліся пошукамі. Аднак яны не прынеслі вынікаў. Калі ж калгаснікі заканчвалі грузіць лесаматэрыял, да іх з кустоў выйшла маленькая дзяўчынка. Яна вельмі ўзрадавалася, убачыўшы людзей.

Падсілкаваўшыся прыпасам калгаснікаў, Наташа расказала наступнае. Група дзяцей вырашыла зрабіць прагулку ў лес. З імі пайшла і пяцігадовая Наташа. Недалёка ад ускрайку лесу старэйшыя дзяўчынкі прапанавалі ёй ісці дадому, паказалі сцяжынку да вёскі. Але Наташа заблудзілася. Незнаёмая сцяжынка, якая працягвалася больш за 1,5 сутак, прывяла яе ў пушчу, за 30 кіламетраў ад дому, дзе яна і натрапіла на людзей пасля начлегу пад адкрытым небам у суседстве з векавымі соснамі.

На жаль, Наташа Сцяпко не памятала назву сваёй вёскі, і Івану Трапашку прыйшлося везці яе з сабою, у Савяцевічы. Лёсам маленькай падарожніцы занялася міліцыя. Праз некаторы час узрадаваныя бацькі забралі дзяўчынку ў родную хату.

 

ЯК У РАСКIДАНЫМ ГНЯЗДЗЕ

У рэдакцыю газеты звяртаецца жыхарка вёскі Лістапады Гародзькаўскага сельсавета Г. Клакевіч:

“Хто не любіць чытаць? Наўрад ці знойдзецца ў нашай вёсцы такі чалавек. І ў той жа час мы рэдка трымаем кніжкі ў руках. У брыгаднай бібліятэцы няма ніякай літаратуры. І тая, што ёсць, раскідана, не прыгледжана. Ходзім абменьваць кнігі ў цэнтр калгаса – за шэсць кіламетраў.

Кіно не бачылі амаль год: перасоўка аб’язджае вёску, хоць у план яна і занесена. Праўда, аднойчы кінамеханікі завярнулі да нас. Усе жыхары ўзрадаваліся. Ды радасць была няпоўнай. Паказалі кіно без гуку.

Пра клуб і гаварыць не хочацца. Страшна заходзіць у яго. Печка тут абвязана дротам”.

 

ЛIЧБЫ I ФАКТЫ

У Валожынскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі дванаццаць лепшых з лепшых рабочых удастоены звання ўдарніка камуністычнай працы. Сярод іх брыгадзіры брыгад канчатковай прадукцыі А. А. Букштыновіч і М. П. Семяняга, вадзіцелі Я. Н. Рубацкі, М. І. Гарасюк, Ч. С. Баўтрэль, А. А. Рамановіч. Кожны з іх паказвае ўзор камуністычных адносін да працы, пастаянна ўдасканальвае прафесійнае майстэрства.

19 мая юныя ленінцы Валожыншчыны адзначалі сваё свята – Дзень нараджэння піянерскай арганізацыі імя У. І. Леніна. На ўрачыстых зборах, ля піянерскіх кастроў яны рапартавалі аб сваіх справах: паходах па месцах рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы народа, аб удзеле ва ўсесаюзнай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, аб зборы металалому для 100-тысячнай калоны піянерскіх трактароў, а таксама падарункаў для дзетвары В’етнама.

Група працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў нашага раёна адправілася ў 10-дзённую турыстычную паездку па ленінскіх мясцінах па пуцёўках прафсаюза. У яе складзе работніцы Івянецкага кансервавага завода Вольга Эмінава і Станіслава Аляшэвіч, маладая работніца птушкафабрыкі Алена Юшкевіч, урач Фадзей Супрончык і іншыя. Маршрут экскурсантаў – Масква, Ульянаўск, Казань, Горкі, Уладзімір.

Брыгада мэблевага цэха райпрамкамбіната налічвае 69 чалавек. Вялікім попытам у нашай рэспубліцы карыстаецца нядаўна асвоены від прадукцыі – гімнастычны мосцік. Толькі ў красавіку іх выпушчана 150 штук. У гэтым месяца сталяры займаюцца ў асноўным вырабам кухонных буфетаў. Акуратна выконваюць работу сталяры Іван Андрэевіч Янушкевіч, Станіслаў Францавіч Капуста, Казімір Іванавіч Калевіч. Яны апраўдваюць ганаровае званне ўдарніка камуністычнай працы.

У сокавым цэху Івянецкага кансервавага завода асаблівым стараннем вызначаюцца рабочыя Рамуальда Аляксандраўна Княжэвіч, Марыя Іванаўна Ляшок. У асабістым спаборніцтве лідзіруюць таксама работніцы кандытарскага цэха Ядвіга Канстанцінаўна Анісовіч, Фаіна Сцяпанаўна Юхневіч, Тэрэза Іосіфаўна Ждановіч. 30 тон цукерак штомесячна выпускае карамельны цэх. Больш за 200 чалавек працуюць на заводзе. Кожны дзясяты з іх вучыцца ў сярэдняй школе без адрыву ад вытворчасці.

Раённыя спаборніцтвы школьных санітарных дружын прайшлі ва  ўрочышчы “Іслачоўка”. Хутка і дакладна аказвалі першую медыцынскую дапамогу ў “ачагах масавага паражэння” (хімічным, бактэрыялагічным, ядзерным) сандружынніцы першай школы горада Валожына. Яны і выйшлі пераможцамі. На другім месцы – сандружына Вішнеўскай СШ, на трэцім – каманда Валожынскай школы-інтэрната. Пераможцам уручаны граматы Саюза Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР. Медсястра Валожынскай школы-інтэрната М. В. Гасціловіч, фельчар Гародзькаўскага ФАПа Н. П. Сяргей, фельчар Сакаўшчынскага ФАПа Ч. Ю. Макрыцкая атрымалі значкі “Выдатніку санітарнай абароны СССР”.

 

ДЛЯ ВАС, ДАПЫТЛIВЫЯ

Пад такім загалоўкам раённая газета друкавала наступную пазнавальную інфармацыю.

Сярод рыб ёсць аматары круціцца перад люстэркам. Але рухае імі не проста жаданне пакакетнічаць. Рыба, якая прывыкла да ўзгодненага жыцця ў чарадзе, адчувае сябе ў адзіноцтве вельмі неспакойна. Калі апусціць люстэрка ў акварыум, дзе плавае толькі адна рыбка, напрыклад, смарыда, яна пачне круціцца перад ім: уласнае адлюстраванне замяняе ёй партнёра па чарадзе і выклікае своеасаблівае пачуццё локця.

Перыяфтальмус – невялікая афрыканская рыбка, якую можна назваць сухапутнай. Ловячы насякомых, яна выходзіць на бераг, узбіраецца на галінкі або падскоквае на вышыню 1 метра. Потым рыбка вяртаецца ў ваду, але ненадоўга, інакш яна можа патануць.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий