19 мая, у Дзень піянерыі, 222 школьнікі Валожыншчыны ўрачыста ўступілі ў рады раённага камітэта Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. У ліку новых удзельнікаў маладзёжнага аб’яднання – 51 акцябронак.
Усяго ў раёне 2386 членаў “БРПА”, з якіх 772 – акцябраты.
Самы масавы прыём у піянерскую арганізацыю быў у СШ № 1 райцэнтра – 96 навічкоў.
Узрост акцябрат – ад 7 да 10 гадоў, піянераў – 10-14 гадоў. Але ўжо ў такім юным узросце дзеці і падлеткі паспелі зразумець паняцці патрыятызму, бескарыслівасці, дружалюбнасці, спагады. Яны не дадуць у крыўду сябра, падтрымаюць безабароннага, дапамогуць самотнаму пажылому чалавеку, наведаюць ветэрана вайны.
Многія з іх удзельнічаюць у валанцёрскіх рухах “Добрае сэрца” і “Чырвоны крыж”, уваходзяць у склад атрадаў “Міласэрнасць”, “Памяць”, “Клопат”. Усяго ў раёне 37 валанцёрскіх атрадаў, якія налічваюць 621 школьніка, і 18 – цімураўскіх з 225 дзяцей і падлеткаў.
Нядаўна агітбрыгада “Энергія” Яршэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа заняла 2-е месца ў намінацыі “Цімураўцы сённяшняга дня” ў абласным туры рэспубліканскага агляду-конкурсу “Запалі касцёр дабрыні”, што праходзіў у Нясвіжы.
У рамках працоўнай акцыі “Наша піянерская праца табе, Айчына!” піянерскія дружыны школ раёна на зборы макулатуры, пластыкавых бутэлек і металалому зарабілі 1 мільён 934 тысячы рублёў. Грошы пералічаны на рэканструкцыю помніка юнаму ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны Марату Казею. Манумент адважнаму піянеру, Герою Савецкага Саюза быў адкрыты яшчэ ў 1959 годзе. Знаходзіцца ён у горадзе Мінску на вуліцы Куйбышава.
Школьнікі раёна ўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі з асаблівым пачуццём патрыятычнага абавязку, бо стараліся яны дзеля захавання памяці аб сваім равесніку. У далёкім маі 1944-га, акружаны карнікамі, адстрэльваючыся да апошняга патрона, а потым гранатай падарваўшы сябе і падыходзячых гітлераўцаў, разведчык і партызан Марат меў усяго 14 гадоў…
Алена ПАШКЕВІЧ