Сустрэчы аднакласнікаў даўжынёй у жыццё

Официально

Тэму гэтай публікацыі падказаў фотаздымак, зроблены для асабістага архіва яго шматлікіх заказчыкаў. Карэспандэнта нашай газеты папрасілі сфатаграфаваць сустрэчу былых выпускнікоў 1964 года СШ № 1 горада Валожына.

Цяпер гэтыя людзі маюць розны сацыяльны статус, рознае месцажыхарства, але яны паяднаны фактам, які робіць іх блізкімі, цікавымі адзін аднаму. Яны – аднакласнікі! Гэтыя людзі ў чарговы раз з’ехаліся ў горад Валожын у 2011 годзе.  Тады і зрабілі чарговае фота на памяць. Лавіна хвалюючых успамінаў абрынулася на кожнага з іх. Вярнуцца ў далёкае, незабыўнае мінулае дапамог ім і сюрпрыз, загадзя падрыхтаваны аднакласнікам, які цяпер жыве ў Маскве, – Іванам Уладзіміравічам Пасекам. Кожнаму ён урачыста ўручыў кнігу ўспамінаў пра родную школу, пра іх маладыя, непаўторныя гады.

Амаль 200 старонак умясціла гэта выданне. Хроніка мінулых гадоў, перапіска паміж аднакласнікамі, іх успаміны, жыццёвыя разважанні, гістарычны экскурс у гісторыю Валожыншчыны, фатаграфіі той далёкай пары і сучасныя здымкі – усё гэта клапатліва сабрана ў эксклюзіўным выданні, выпушчанага абмежаваным тыражом. Кожны напісаны радок – нітачка, якая павольна размотвае клубочак бясконцых успамінаў. Усё тут такое знаёмае, такое дарагое сэрцу кожнага выпускніка СШ № 1 далёкага 1964 года.

Шчаслівыя ўладальнікі гэтай кнігі шчыра дзякавалі Івану Уладзіміравічу Пасеку і яго асноўнаму памочніку ў зборы матэрыялаў Якаву Валянцінавічу Радыну, што падрыхтавалі аднакласнікам такі нечаканы, такі дарагі сэрцу падарунак.

Азнаёмілася з гэтай кнігай і я. Сёння з дазволу аўтараў мы прапануем рэтраспектыву той школьнай пары. Мы выбралі найбольш цікавыя ўрыўкі з тэкстаў і сфарміравалі іх у тэматычныя раздзелы. Спадзяёмся, што напісанае выкліча шчыры водгук у сэрцах нашых чытачоў.

Хоць у кожнага з нас свая школьная пара, але чароўны водар букетаў майскага бэзу і чаромхі ў чарговы раз напамінае нам, што там, далёка за гарызонтам жыцця, засталася такая шчаслівая жыццёвая паласа…

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий