Раённы краязнаўчы музей у дзень свайго прафесійнага свята ўпершыню далучыўся да акцыі “Ноч музеяў” і гасцінна адчыніў дзверы ўсім жадаючым. Наведвальнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі з раённай газетай.
Сяргей БЕКІШ,
інжынер па ахове працы РУ “Валожынрайгаз”:
— Вельмі прыемныя ўражанні. Бачна вялікая даследчыцкая праца, з’явілася многа новых экспанатаў. У свой час прадстаўнікі БРСМ наведалі кожнага ветэрана, і цяпер чырвонае палатно з іх пажаданнямі сучаснай моладзі захоўваецца ў музеі. Рад, што такая акцыя, як “Ноч музеяў”, праводзіцца і ў Валожыне. Прыемна, што сярод наведвальнікаў многа моладзі, мужчын. Мяне асабліва зацікавіла фотавыстава.
Міхаіл Шырокаў,
індывідуальны прадпрымальнік:
— Вырашылі наведаць музей усёй сям’ёй і вельмі рады, што не прапусцілі гэтай падзеі. Кожны з нас адкрыў для сябе нешта новае, цікавае. Маленькаму сыну Андрэю асабліва спадабалася выстава жывёл нашай мясцовасці. Нас з жонкай уразіла фотавыстава, на якой прадстаўлены фотаздымкі горада з пачатку 20-га стагоддзя. Мы нават не ўяўлялі, што такія ёсць.
Таццяна Шаўлюк,
настаўнік Ракаўскай СШ:
— Арганізатары знайшлі цікавую форму правядзення – касцюміраванае шоу. Наведвальнікаў сустракалі прадстаўнікі ўяўных яўрэйскай і шляхецкай сем’яў пачатку XX стагоддзя. Гучалі старадаўнія мелодыі, дзякуючы грамафону. Працавалі імправізаваныя арт-кафэ ад кожнай з сем’яў. Многія прыйшлі сем’ямі, узялі дзяцей, якія былі ў захапленні ад феерверку.
Аляксандр ДУБОВІК,
галоўны ўрач РЦГіЭ:
— Неаднойчы наведваў іншыя музеі падчас акцыі “Ноч музеяў”, вельмі рады, што ў гэтым годзе да яе далучыўся і Валожын. Першы раз атрымаўся вельмі годным, адчуваецца грунтоўная падрыхтоўка. Перакананы, што кожны неведвальнік адкрые для сябе нешта новае, цікавае. Так як дзея адбываецца ноччу, то і ўспрымаецца ўсё неяк інакш, незвычайна, больш святочна. Хацелася б, каб гэта акцыя стала традыцыйнай.
Андрэй Комель,
студэнт 2-га курса БНТУ:
— З сябрамі вельмі ўражаны. Неяк не хапае часу наведаць наш музей. Сярод прысутных многа моладзі, а значыць, справа патрэбная. Бачна вялікая даследчыцкая праца работнікаў краязнаўчага музея. Даведаліся нямала новага пра гістарычнае мінулае горада. Уразіла выстава, прысвечаная перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Гутарыла Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара