Дорага сэрцу

Культура

Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як адзвінеў наш апошні школьны званок. У пятніцу 23 мая 2014 года ў 13.00 мы збяромся на юбілейную сустрэчу. 

Здаецца, толькі ўчора 28 васьмікласнікаў, якія прыйшлі ў школу з навакольных вёсак раёна, стаялі ў двары СШ № 1 горада Валожына на лінейцы (сярод таполяў, якіх, на жаль, ужо няма) і слухалі чароўны голас Надзеі Сямёнаўны Шапавалавай. Яна бласлаўляла нас у цудоўную Краіну ведаў. Чатыры гады, пасля заканчэння намі вясковых сямігодак, вялі нас па гэтай краіне настаўнікі, прафесіяналы-педагогі на чале з дырэктарам Антонам Станіслававічам Панышам. Ён стаў для нас бацькам, бо часта з кожным меў гутарку асабіста: цікавіўся сям’ёй, матэрыяльным становішчам, а нас, вясковых, пасяліў у інтэрнат.

Толькі праз гады мы змаглі ацаніць па-сапраўднаму нялёгкую працу, бацькаўскі і мацярынскі клопат нашых паважаных настаўнікаў. Рады сказаць шчыры дзякуй Вам, Іван Пятровіч Бубневіч, Вам, Раіса Георгіеўна Новік, Вам, Зінаіда Максімаўна Нікіфарэнка, Вам, Ніна Міхайлаўна Стручынская, Вам, Таццяна Васільеўна Аўраменка, Вам, Ніна Макараўна Пачыкоўская!

Светлая памяць пайшоўшым з жыцця Антону Станіслававічу Панышу, Надзеі Сямёнаўне Шапавалавай, Ефрасінні Афанасьеўне Радзюк, Ніне Давыдаўне Гольдзінай, Антону Сцяпанавічу Сіваму, Марыі Сцяпанаўне Трыч, Ірыне Антонаўне Гладыш…

Дзякуючы іх таленту, дабрыні, цярпенню, мы выйшлі са школы сапраўднымі людзьмі. Сярод нас – 8 інжынераў, 1 вучоны, 1 аграном, 13 настаўнікаў, 2 эканамісты, 1 метэаролаг, 1 работнік пошты, 1 рабочая. Усе дастойныя, паважаныя спецыялісты…

На вялікі жаль, ужо пайшлі з жыцця Уладзімір Грабоўскі, Вячаслаў Бялоў, Васілій Азарэвіч, Аляксей Захарэвіч, Ніна  Ліннік, Уладзімір Барадака. Мы помнім іх, смуткуем, любім.

Ганарымся мы нашым аднакласнікам, вядомым вучоным Якавам Радынам. Цяпер ён доктар матэматычных навук, прафесар, загадчык кафедры функцыянальнага аналізу механіка-матэматычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, член-карэспандэнт Акадэміі Навук Беларусі. Ганарымся Іванам Уладзіміравічам Пасекам, які працаваў у Маскве ў Галоўным упраўленні будаўнічай прамысловасці Мінабароны СССР, а затым – Расійскай Федэрацыі. Ён быў першым намеснікам генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах Галоўбудпрама Расіі, а пасля выхаду на пенсію выконвае тут абавязкі кансультанта па эканоміцы і будаўніцтве.

У Івана Уладзіміравіча з’явілася і новае хобі: піша кнігі ўспамінаў. Не выпадкова ў 2011 годзе пры ўдзеле і нашай агульнай інфармацыйнай падтрымцы выйшла цікавая кніга пра нашу школу, пра аднакласнікаў.

Софія БАБІЧ (ЯНЦЭВІЧ),

горад Валожын

 



Добавить комментарий