Звязана з альма-матар…

Культура

Польская школа імя Стэфана Баторыя была заснавана ў Валожыне ў 1929 годзе. У будынку цяпер размешчаны дзіцячы сад № 2 горада. Прыгожы двухпавярховы будынак з калонамі размаляваны ў яркія колеры, як і належыць дзіцячай установе.

У Валожыне ў той час былі дзве школы. Першую ў народзе называлі “беларускай”, таму што ў ёй галоўным чынам вучыліся дзеці з вёсак. Другую – “рускай”, у ёй адпаведна было больш гараджан.

Вучыцца ў Валожын ехалі з вёсак тыя старшакласнікі, якія жадалі атрымаць поўную сярэднюю адукацыю. У вёсках тады былі толькі пачатковыя школы ды сямігодкі.

У сярэдзіне 50-х у школе № 1 пачатковыя класы з-за недахопу вучняў і настаўнікаў былі спараныя. Першыя класы вучыліся з трэцімі, другія – з чацвёртымі. У адным куце кабінета займалася адна група школьнікаў, у другім – астатнія.

У Валожын з вёсак дабрацца было складана. Аўтобусы не хадзілі, адольвалі няблізкі шлях пешкі. Тым не менш, у адрозненне ад дзяцей з далёкіх вёсак, аўгустоўцы не заставаліся жыць у школьным інтэрнаце, а кожны дзень ішлі дахаты. Зімой у моцныя маразы бацькі па чарзе вазілі сваіх дзяцей у школу на конях. Снягі былі такія, што ўсё замятала нароўні з плотам.

Сем’і жылі небагата, бацькі не маглі шмат даць дзецям, лічылі кожную капейку. Антон Антонавіч Пятровіч, ураджэнец Аўгустова,  распавядае: «Калі я пайшоў у першы клас, мама пашыла мне для падручнікаў і сшыткаў звычайную палатняную торбу. Яна потым перайшла ў спадчыну маёй суседцы».

Многія вясковыя дзеці-школьнікі жылі ў інтэрнаце. Спачатку на вуліцы Леніна, потым – на Кастрычніцкай, а затым, калі Валожын на нейкі час адышоў да Маладзечанскага раёна, – у будынку былога райвыканкама, дзе цяпер знаходзяцца райваенкамат, рэдакцыя раённай газеты, натарыяльная кантора і іншыя арганізацыі.

…Успамінаюцца ўвосень астры ў школьных калідорах. Іх спецыяльна перад наступленнем маразоў выкопвалі з клумбаў і садзілі ў вазонніцы, а затым заносілі ў цёплае памяшканне. Гэта вельмі кранала душу. За акном пуста, пануе восеньская стынь, а ў сярэдзіне школы ўсюды яркім колерам стракацяць кветкі.

Гэта быў у многім адметны клас. А таму і свята заканчэння школы выдзялялася заслужанай увагай з боку адміністрацыі. Калі прыйшоў выпускны вечар, іх клас стаў першым у гісторыі школы, калі дырэктар выдзеліў на выпускны 100 рублёў. На той час гэта былі вялікія грошы. І яшчэ на іх выпускным іграў духавы аркестр. Аркестр дырэктар звычайна зрэдку заказваў толькі лепшым класам, для ўсіх жа астатніх гучаў хрыплы прайгравальнік.

 

Чалавек 18 з 28-мі пасля школы адразу паступілі ў ВНУ. Ды і пазней усе атрымалі адукацыю: не інстытут, дык тэхнікум, толькі адзінкі штосьці не скончылі.

Усе дзеці вучыліся больш-менш на адным узроўні. Адзіны, хто вылучаўся, гэта Якаў Радына. Яшчэ ў сямігодцы ён стаў тым, хто ўпершыню за пяць гадоў існавання школы атрымаў пахвальную грамату. Ён першы, хто скончыў школу з залатым медалём.

Іван Пасека праз дзесяць гадоў пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута ў Мінску паехаў працаваць у Расію. Стаў ваенным інжынерам. Дваццаць пяць гадоў праслужыў у савецкай, а потым у расійскай арміі. Скончыў свой прафесійны шлях у цэнтральным апараце Міністэрства абароны Расіі.

Валянцін Шумскі стаў дырэктарам школы ў Дзяржынску.

Мікалай Астаповіч у свой час дайшоў да пасады галоўнага інжынера на мясцовым хлебазаводзе.

Ванда Жалондзік, Уладзімір Грабоўскі, Ніна Іваноўская, Лідзія Крыштаповіч, Ніна Ліннік, Галіна Мацейка, Ніна Пасека, Леакадзія Трапашка – настаўнікі.

Галіна Садоўская скончыла політэхнічны інстытут, працавала ў Мінску ў праектным інстытуце.

Галіна Турская і Яўгенія Сікорская скончылі інстытут народнай гаспадаркі.

Софія Янцэвіч настаўнічала ў Брылькоўскай школе.

Вольга Бацян скончыла музычнае вучылішча.

Зіна Вяршыцкая працавала на пошце ў Валожыне.

Надзея Пасека – супрацоўнік Валожынскай метэастанцыі.

Іван Урбановіч – ваенны палкоўнік, удзельнічаў у будаўніцтве БАМа. Цяпер жыве ў Маскве.

Пра Ніну Мандрык, на жаль, ніякай інфармацыі няма.   

Вера Талмачова стала настаўніцай геаграфіі. Працавала ў вёсцы Лоск. Разам з мужам любілі падарожнічаць. Аднойчы здзейснілі 21-дзённую паездку па былым Савецкім Саюзе: пабывалі ў Омску, Томску, Іркуцку, Краснаярску, Новасібірску, убачылі Брацкую ГЭС, абмачылі ногі ў самым халодным Іртышы, пабывалі на Байкале, у якім нават з цеплахода яскрава бачна дно возера.

Васіль Азарэвіч стаў аграномам, Вячаслаў Бялоў, Уладзімір Барадака, Аляксей Захарэвіч, Антон Пятровіч – інжынерамі.

Франц Барбашынскі працаваў інспектарам Валожынскага раённага аддзела адукацыі, дырэктарам некаторых школ. Жыве ў Ракаве.  Надоўга яму запомнілася паездка ў 1990 годзе на Кубу, куды ён суправаджаў дзяцей з некаторых населеных пунктаў Валожынскага раёна, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай  АЭС. «Цалаваўся з самім Фідэлем Кастра», – прыгадвае тую паездку Франц Антонавіч. Знакаміты палітык сустракаў іх ля трапа самалёта. А валожынскі педагог затрымаўся ў салоне, збіраючы дзяцей. Правадыр кубінскай рэвалюцыі пацалаваў яго і спытаўся, як даляцелі на Кубу…

Час ідзе. На жаль, многія з аднакласнікаў ужо пакінулі гэты свет…



Добавить комментарий