Пра настаўнікаў – з удзячнасцю

Культура

Добрым словам былыя старшакласнікі ўспамінаюць настаўніц  рускай мовы Надзею Сямёнаўну Шапавалаву і Ніну Давыдаўну Гольдзіну, матэматыка Ефрасінню Афанасьеўну Радзюк, дырэктара Антона Станіслававіча Паныша. Апошняму яны асабліва ўдзячны.

Дырэктар школы быў цікавым чалавекам. Утрымліваў вялікі школьны сад, цяпліцу. Вучні тут шмат працавалі, потым вырашчаны ўраджай, у асноўным памідоры, прадавалі на рынку.

На ўроках матэматыкі ў час кантрольнай Яша Радына ўсе задачкі рашаў хутка. Ефрасіння Афанасьеўна стаяла з задаволеным выглядам каля яго парты і давала дадатковыя заданні павышанай цяжкасці. Усе ў класе з зайздрасцю думалі: як гэта ў яго ўсё так лёгка атрымліваецца?!

Кур’ёзны выпадак адбыўся на выпускным вечары. Ніякага алкаголю на ім, вядома ж, не дапускалася. Але румаўскія школьнікі прынеслі сваёй знакамітай самагонкі. Самадзел з Руму калісьці славіўся на ўсю ваколіцу. Пазней ён стаў называцца валожынскім. Гэтай самай самагонкі хлопцы дабавілі ў шампанскае. Дырэктар заўважыў, што шампанскае ў хлопцаў нейкае асаблівае, і папрасіў даць паспрабаваць і яму. Калі Антон Станіслававіч падняў чарку, усе замерлі ў прадчуванні вялікіх разборак з боку строгага дырэктара. Але яго тост усіх здзівіў. «Трэба паважаць беларускую культуру і беларускую самагонку!» – заўважыў ён.

Настаўнік музыкі Антон Канстанцінавіч Пачыкоўскі, калі ў яго быў добры настрой, адыходзіў ад тэмы ўрока, станавіўся ля акна і пачынаў іграць на скрыпцы. Ён быў філолагам па адукацыі. Акрамя музыкі, вёў яшчэ і ўрокі беларускай мовы. Добра валодаў скрыпкай, ігрой на акардэоне, кіраваў школьным хорам.

 Успамінаюцца захапляючыя ўрокі рускай літаратуры Ніны Давыдаўны Гольдзінай і Надзеі Сямёнаўны Шапавалавай. Яны давалі не толькі веды, але і клапатліва прывівала любоў да класічнай паэзіі, да творчасці сучасных паэтаў.

Цікавымі былі ўрокі хіміі Зінаіды Максімаўны Нікіфарэнкі, гісторыі – Раісы Георгіеўны Бубневіч, біялогіі – дырэктара Антона Станіслававіча Паныша. Толькі з вышыні пражытых гадоў можна ацаніць, якім высокім педагагічным майстэрствам валодалі школьныя настаўнікі.

На ўроку гісторыі дапытлівы Валянцін Шумскі ўсё ніяк не мог зразумець, чаму Хрушчову далі столькі ваенных медалёў пасля вайны, а не падчас яе.  Раіса Георгіеўна Бубневіч не вытрымала і нарэшце сказала: «Сядзь, а то пасадзяць…»



Добавить комментарий