Цудоўныя школьныя гады

Культура

Існаваў у класе свой няпісаны кодэкс. Калі кагосьці выклікалі да дошкі і ён не ведаў адказу на зададзенае пытанне, яму не падказвалі. «Да ўрока, пасля ўрокаў маглі дапамагчы, растлумачыць, але калі выклікалі да дошкі, то ўжо ніхто не падказваў, каб не зняважыць чалавека. Раз не ведае, значыць, проста не вывучыў, галава ёсць – вывучыць заўтра».

Зразумела, што і ў тыя часы сем’і мелі розны дастатак. Вучні з горада былі багацейшыя, апраналіся лепш, вясковыя –  вельмі сціпла. Але ніхто ніколі нічога не казаў з гэтай прычыны. Аднойчы  Валянцін Шумскі прыйшоў у школу ў бацькавых штанах. Свае, адзіныя, пасля мыцця не высахлі, прыйшлося апранаць бацькавы. А яны былі вельмі  шырокія, не па памеры…

 У класе панавала атмасфера ўзаемадапамогі. Без гучных слоў, простая, дапамога ў любой справе. Калі трэба было падсобіць грашыма ці яшчэ чым, заўсёды ведалі, што можна разлічваць на своечасовую падтрымку.

Кожны вучань іх класа займаўся якім-небудзь відам спорту: хто лёгкай атлетыкай, хто шашкамі, шахматамі, хто валейболам. Якаў Радына быў лепшым шахматыстам, Слава Бялоў захапляўся скачкамі ў вышыню і г. д. Вера Талмачова заняла першае месца ў рэспубліцы ў бегу на 400 метраў.  Валянцін Шумскі быў спрактыкаваным веласіпедыстам. «Вядома, дзе ж тут не будзеш, калі кожны дзень ездзіў на ровары па шэсць кіламетраў з хаты да школы і назад у Стайкі. Неяк змераў потым: да хаты з Валожына роўна 6 кіламетраў 250 метраў, – смяецца Валянцін Юльянавіч. – Я мог даехаць на ровары да школы за 14 хвілін. А, напрыклад, Валодзя Барадака, Антон Пятровіч кожны дзень са школы дадому ў Аўгустова дабіраліся толькі бегам».

 Іван Пасека быў самы высокі ў класе. Ён – капітан валейбольнай каманды, біў праз сетку мяч, як быццам кавадлам. Удар быў вельмі  моцны!

 «Кожны скробся ды ведаў!»  – так трапна і лаканічна заўважыў пра цягу да пазнання, любоў да школьных прадметаў сваіх аднакласнікаў Валянцін Юльянавіч Шумскі, які затым сам шмат гадоў аддаў плённай педагагічнай працы.

Лідарамі класа былі, вядома ж, Вера Талмачова, Слава Бялоў,  Валянцін Шумскі. Зоркай у вучобе – Якаў Радына. Ён быў добрым сябрам, мэтанакіраваным, таленавітым. Тое, чаго дасягнуў Я.  Радына, безумоўна, заслуга, у першую чаргу, яго настаўніцы матэматыкі Ефрасінні Афанасьеўны Радзюк. Гэта была настаўніца ад Бога, добры выкладчык, добры псіхолаг.

Вера Талмачова была спрынтарам. Бегала галоўным чынам на кароткія дыстанцыі па 100-200 метраў. Потым яе сталі ставіць і на доўгія – па 400. У раёне яна была першая. Хлопчыкі баяліся бегаць з ёй у пары. «Не! з Верай мы бегчы не будзем!» – чулася кожны раз перад пачаткам адказных спаборніцтваў.

Антон Антонавіч Пятровіч успомніў, як іх аднойчы паставілі разам. Баючыся прайграць, ён так “прыпусціў”, што не памятаў, як апынуўся на фінішы першым…

Іван Пасека знешнасцю выйгрышна вылучаўся. Высокі, заўсёды добра апрануты. У яго быў прыгожы дарагі цёмна-сіні гарнітур.  Іван заўсёды самастойны, стрыманы. Многія думалі, што ён паходзіць з якой-небудзь шляхецкай сям’і. І здзівіліся, калі даведаліся, што з сялянскай…

 У алімпіядах Я. Радына ўдзельнічаў адразу па трох прадметах – фізіцы, хіміі і матэматыцы. Яны звычайна праходзілі ў адзін дзень. Яму гэта не перашкаджала. Спачатку ішоў на хімію, рабіў заданні, потым на фізіку. А калі заставалася гадзіна да заканчэння вызначанага часу, спяшаўся на сваю любімую матэматыку. Усё рашаў і займаў першае месца. «Фізіку я насамрэч глыбока не ведаў, – прызнаецца Якаў Валянцінавіч. – У мяне не было «фізічнага нюху». Тым не менш, алімпіяды выйграваў».

 Вера Талмачова, мабыць, адзіная, каму аднакласнік-вундэркінд Я. Радына даваў спісваць матэматыку. Некаторыя аднакласніцы тайком “прабіраліся” ў партфель да будучага прафесара, калі ён не дазваляў ім спісаць складанае хатняе заданне.

 Нягледзячы на тое, што васьмікласнікі, якія прыйшлі ў СШ №1, былі з розных вёсак Валожыншчыны, новыя аднакласнікі пасябравалі хутка. Дзейнічала «ўзаемадапамога», калі некаму трэба было спісаць зададзенае хатняе заданне. Шчыра «балелі» адзін за аднаго на ўсіх спаборніцтвах, конкурсах.

 У пачатковых класах Якаў Радына быў адзіным, хто хадзіў у школу ў лапцях. У лёгкіх, зручных, добрых, зробленых любімай бабуляй Барбарай з кнота-вяроўкі. А калі надышоў час уступаць у піянеры, у іх у хаце не было за што купіць піянерскі гальштук. Чаму іх сям’я жыла так бедна, прафесару, члену Нацыянальнай Акадэміі Навук і цяпер сказаць цяжка…

 Класам хадзілі з настаўнікам фізкультуры ў паходы, ездзілі на турзлёты. Усё лета ганялі па вечарах у футбол, валейбол. А ўзімку ўвесь вольны час праводзілі на лыжах! Вакол Аўгустова ўсё было “зрысавана” лыжнымі слядамі. У школьныя гады ўсе захапляліся спортам, асабліва хлопчыкі.



Добавить комментарий