Рэчаiснасць многаму навучыла

Культура

Быў у школьнікаў, якія хадзілі вучыцца ў Валожын, і яшчэ адзін абавязак – прынесці дадому з горада хлеб. Хлеба ў тыя часы не хапала, і за ім былі  вялікія чэргі. Дзеці пасля ўрокаў стаялі ў хлебных чэргах, толькі потым ішлі дахаты (дабірацца трэба было, прыкладна, гадзіну). «Пакуль дойдзеш дахаты, паўбулкі  з’ясі па дарозе. Час галодны, а сталовак тады ў школе яшчэ не было», – сведчыць адзін з успамінаў.

Калі Валянцін Шумскі са Стаек басанож прыйшоў у першы клас, яго прынялі. Напэўна, яшчэ таму, што ён ужо ўмеў чытаць і пісаць. Калі яго спыталі, ці ўмее ён пісаць, ён толькі ўдакладніў: «Якой рукой? Правай?». Ён пачаў правай. «А левай?» Пачаў левай. Ён быў ляўшун. А грамаце яго вучылі бацькі, іншыя мудрыя людзі ў вёсцы. Сям’я ў яго была «прагрэсіўная» па тых часах. Матчын бацька  вельмі любіў кнігі. Дзед па бацьку пасля вайны памяняў на кажух патэфон. Гэта была цуда-тэхніка ў той час…

У той час, калі Якаў Радына і яго равеснікі пачыналі хадзіць у школу, электрычнасці не было. Для асвятлення выкарыстоўвалі керасінавыя лямпы. Ён дагэтуль памятае, як яны выглядалі, ва ўсіх падрабязнасцях. Распавядае пра іх з цеплынёй: «Яны віселі на вяровачках, у якіх была катушачка. Дзякуючы ёй, яны маглі апускацца-паднімацца, спыняцца на патрэбнай вышыні. А яшчэ: забярэшся з такой лямпай і з кніжкай на печ – там цёпла, добра – і чытаеш. Люблю я гэтыя лямпы дагэтуль. Купіў нават сабе адну, думаў, стану працаваць пры ёй. Будзе добра пісаць. Але дзе там! Зараз керасін, аказваецца, іншы. Ад яго стаіць такі непрыемны пах! Прыйшлося развітацца з гэтай ідэяй», – прыгадвае былое знакаміты вучоны.

Ужо будучы студэнтамі, былыя аднакласнікі ездзілі адзін да аднаго кампаніямі, спалі ў вясковых хатах, дзе прыйдзецца, часцей за ўсё на падлозе. Асабліва ім запомніліся бацькі Івана Пасекі і Веры Талмачовай. Бацькі адносіліся да аднакласнікаў, як да родных дзяцей.  Вельмі падабалася ездзіць да Івана Пасекі ў Пытань. Гэта атмасфера дзіўнага спакою! Гасцінныя маці, бацька выйдуць насустрач і цябе, стомленага з вялікай дарогі, як заспакаяльным покрывам, клапатліва агорнуць сваёй шчырай увагай.

У хаце Радынаў заўсёды было неверагодна чыста, акуратна. Маці Яўгенія Міхайлаўна пра гэта ўвесь час  клапацілася. З тых часоў чысціня і акуратнасць сталі каштоўнасцю і для яе сына Якава, які заўсёды адзначае наяўнасць або адсутнасць гэтай рысы ў знаёмых жанчынах… Выхаваннем Якава і яго брата галоўным чынам займалася маці. Яна шчыра цікавілася іх справамі, вучобай у школе, увесь час чамусьці вучыла. Калі ў вёску правялі радыё, заўсёды слухала яго і навучала дзяцей: «Вось Ленін паступаў у такіх выпадках так, у такіх – вось так. І вы вучыцеся!».

«Мама насамрэч проста вельмі мудра дзейнічала, – лічыць Якаў Валянцінавіч. – Яна спецыяльна давала нам нейкі станоўчы прыклад, каб цягнуліся ў жыцці да вышыні… Давала той прыклад, які адпавядаў бы таму, чаму нас вучылі ў школе…»

 

Расказвае Франц Барбашынскі:

– Мы ўсе былі з вёсак, усё ўмелі. З хаты ў інтэрнат дзеці прывозілі бульбачку і сала. Макарону і крупы куплялі ў горадзе. Бацькі давалі на тыдзень тры рублі. Хлеб, для параўнання, тады каштаваў чатырнаццаць капеек. Гатовую ежу, калі і бралі пасля выхадных з вёскі, то яна з’ядалася ў першыя ж дні. Халадзільнікаў не мелі.

Для таго, каб рыхтаваць ежу, аб’ядноўваліся ў групы: двое румскіх хлопцаў Коля Астаповіч і Валодзя Грабоўскі, пытанскі Іван Пасека і суснеўскі Франак. Румскія і пытанскія дзеці называлі сябе пушчанцамі, таму што жылі ў Налібоцкай пушчы.

    Прыгадвае былое Якаў Валянцінавіч Радына:

– Касьба – гэта так здорава! Ідзеш па сенажаці і чуецца з-пад касы: “Вжык, вжык…” Трава кладзецца роўнымі палосамі. Не праблема нават пры гэтым шматлікія авадні і камары. Станавіліся ў рад адразу 40 мужчын. Спачатку ішлі дужэйшыя касцы. Першым быў адзін з нашых аднавяскоўцаў, потым ішоў мой дзядзька Іван, затым мой брат Мяфодзій, услед я, а за мной яшчэ 36 чалавек.

Сялянская праца падобная на навуковую. Выкасіць, выкапаць здаецца немагчымым – перад табой поле, якому не бачна ні канца ні краю. Але бярэшся і паволі ідзеш, ідзеш і ўсё адно зробіш. Такая праца вучыць чалавека бясконцаму цярпенню!



Добавить комментарий