I такое здаралася…

Культура

 Шмат чаго засталося ў памяці пра школьныя гады.  Любілі цяністы парк каля вайсковай часці. Тут дзяўчаты сустракаліся з салдатамі. А тутэйшыя хлопцы-старшакласнікі бавілі вольны час з васьмікласніцамі  школы.

 Памятаецца помнік Сталіну. Аднойчы ідуць дзеці раніцай у школу, а яго ўжо няма. За ноч дэманціравалі…

 Тады ў модзе была прычоска «Вожык». Каб валасы тырчалі, хлопцы кожны дзень мылі галовы ў Валожынцы, нават глыбокай халоднай восенню.

 Адзін час салдаты воінская часці, шэфы школы, паказалі старшакласнікам, як  трэба адбіваць чачотку. Была цэлая бяда. Дзе мы толькі ні стукалі, каб спрытна навучыцца гэта рабіць…

 Аднойчы вучня (свядома не называем яго імя і прозвішча, хоць у кнізе дакладная інфармацыя ёсць) выклікалі да дошкі. Яму бацька купіў новыя хромавыя боты. Бачна было, што ён вельмі задаволены такой зайздроснай, дарагой абноўкай. А настаўніца хіміі Зінаіда Максімаўна, якая любіла пры выпадку пакрытыкаваць вучняў,  нечакана кажа яму: «Боты, між іншым, трэба яшчэ і рэгулярна чысціць!»

Збянтэжаны хлопец узяў гэта на ўзбраенне. З таго часу наглянцаваныя боты ў яго на нагах заўсёды блішчэлі, як люстэрка.

Не прынята было, каб школьніцы рабілі якія-небудзь прычоскі. Валасы павінны былі быць сціпла ўкладзены, доўгія – абавязкова завязаны стужкай  і ні ў якім разе не распушчаны. Цяперашнім вучаніцам гэта здалося б дзіўным. Пра строгасць нораваў у той час сведчыць і тое, што дзяўчатам-старшакласніцам забаранялася хадзіць на танцы, якія праводзіліся ў мясцовай вайсковай часці.

Калі праз шэсць гадоў пасля  заканчэння інстытута Франц Барбашынскі надумаў жаніцца, Валянцін Шумскі выпадкова даведаўся пра гэта, прыехаўшы да маці. Сябар даслаў Валянціну паштоўку-запрашэнне ў Дзяржынскі раён, дзе Валянцін працаваў настаўнікам, часта пераязджаючы з кватэры на кватэру. Таму  з запрашэннем і “размінуўся”.  Даведаўшыся ад маці пра вяселле свайго лепшага сябра, Валянцін паехаў за 105 кіламетраў у Дзяржынск, каб пераапрануцца на вяселле, якое спраўлялі ў той жа дзень у Суснях. Паспеў!

 Любое свята дружныя аднакласнікі адзначалі разам: Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Новы год, Дзень Савецкай Арміі, 8-ае Сакавіка і іншыя. Галоўным чынам збіраліся ў Ганчарах у Олі Бацян, некалькі разоў у Веры Талмачовай. Для ўзняцця настрою ігралі на музычных інструментах. Іван Пасека – на акардэоне, Галя Садоўская – на баяне, Валянцін Шумскі – на гармоніку.

 Матэрыял да друку па старонках кнігі падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *