На прыступках сталення

Молодежный курьер

Малады педагог Ганна Генадзеўна БЯНКЕВІЧ як ніхто разумее эмацыянальны стан сёлетніх выпускнікоў Яршэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Перажыванні перад выніковымі экзаменамі, хвалюючы выпускны баль, падача дакументаў у ВНУ – гэтыя прыступкі сталення яна сама перасягнула яшчэ нядаўна. Учарашняя студэнтка, а зараз настаўніца хіміі з дыпломам Белдзяржуніверсітэта імя М. Танка працуе ў Яршэвіцкай школе са жніўня мінулага года.

Жыве Ганна Генадзеўна ў аграгарадку Ракаў. На сваім аўто, пераадольваючы 11 кіламетраў, яна прыязджае ў сельскую школу, каб займальна і лёгка знаёміць старшакласнікаў з сур’ёзнай галіной прыродазнаўства.   

Маючы не толькі спецыяльнасць настаўніка хіміі, але і біялогіі, Г. Г. Бянкевіч кіруе школьным гуртком “Юны эколаг”. Дапытлівыя дзеці разам з настаўніцай распрацоўваюць экалагічныя маршруты па маляўнічых наваколлях Яршэвічаў, вядуць назіранні за прыродай, напрыклад, за жыццём баброў, якія аблюбавалі мясцовую рэчку.

Плюс да ўсяго, Ганна Генадзеўна ўдала сумяшчае настаўніцтва з няпростай працай сацыяльнага педагога. Кіраўніцтва школы даручыла гэты адказны ўчастак маладому спецыялісту, убачыўшы яе адказнасць і ініцыятыўнасць. Настаўніца наведвае нядобранадзейныя сем’і, разбіраецца ў прычынах канфліктаў, працуе з дзецьмі з гэтых сем’яў.

Г. Г. Бянкевіч не толькі актывістка і прыгажуня, але і спартсменка: умее выдатна плаваць рознымі стылямі, займалася скачкамі ў ваду, уваходзіла ў склад універсітэцкай зборнай па плаванні.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий