Выязджаючы за мяжу на працу…

Закон и порядок

Штогадовы прыбытак злачынцаў ад гандлю людзьмі ва ўсім свеце складае больш за 7 мільярдаў еўра. Па розных ацэнках, ад 600 да 800 тысяч мужчын, жанчын, дзяцей штогод становяцца ахвярамі гандлю людзьмі.

На працягу стагоддзяў гандаль людзьмі быў прыбытковым заняткам. Жанчыны, падлеткі – найбольш безабаронныя ахвяры. Калі жанчыны ў большасці сваёй становяцца ахвярамі сексуальнага рабства, то мужчын выкарыстоўваюць у працоўным рабстве альбо для незаконнай трансплантацыі ўнутраных органаў, дзеці і падлеткі прымушаюцца да аказання сексуальных паслуг, папрашайніцтва, могуць быць незаконна ўсыноўлены.

Штогод тысячы беларусаў выязджаюць за мяжу на працу. Студэнты імкнуцца ў іншыя краіны з мэтай працаўладкавання на перыяд летніх канікул па студэнцкіх праграмах. Аднак не для ўсіх такая паездка становіцца прыемнай. Некаторыя трапляюць у працоўнае ці сексуальнае рабства. Ахвярамі эксплуатацыі, як правіла, становяцца людзі, якія выехалі на працу за мяжу самастойна ці працаўладкаваліся праз пасрэднікаў, якія не маюць ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за мяжой.

Паводле Закону Рэспублікі Беларусь “Аб процідзеянні гандлю людзьмі”, любыя дзеянні, у тым ліку аднакратныя, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой (у Расіі таксама), уключаючы пасрэдніцтва, могуць ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на права займацца дзейнасцю, звязанай з працаўладкаваннем за мяжой, які выдаецца Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Наяўнасць такой ліцэнзіі з’яўляецца дзяржаўнай гарантыяй выканання правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія накіроўваюцца на працу за мяжу.

Аднак, нягледзячы на шматлікія перасцярогі СМІ, многія жыхары Беларусі трапляюць у пасткі, расстаўленыя гандлярамі жывога тавару.    Вярбоўшчыкі-пасрэднікі, абяцаючы высокія заробкі за мяжой, не забяспечваюць работніку ніякіх сацыяльных гарантый.

Заканадаўствам Беларусі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за нелегальныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне за мяжой, паводле якой фізічная асоба можа быць падвергнута штрафу ў памеры ад 502 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй прыбытку, атрыманага ў выніку такіх дзеянняў.

Зразумела, кожны чалавек мае права на пошук больш высокааплатнай і цікавай працы. Каб жаданне зарабіць грошай не стала для кагосьці бядой, то пры заключэнні працоўнага кантракту з замежным наймальнікам неабходна ўважліва вывучыць і агаварыць умовы кантракту, які заключаецца на зразумелай для работніка-мігранта мове.

Тыя, хто выязджае на працу за мяжу ў краіну з візавым уездам, павінны мець і працоўную візу (турыстычная віза не дае права на працу).

Алена ЛУЖЫНСКАЯ,

начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Валожынскага РАУС



Добавить комментарий