«Сям’я – усяму аснова»

Общество

Пад такой назвай у Міжнародны дзень сям’і на дзіцячай пляцоўцы ў гарадскім парку ў Валожыне прайшло святочнае мерапрыемства, арганізаваў і правёў якое аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Урачыстасць стала добрым працягам мінулагодняй акцыі “Здаровая сям’я”. Толькі сёлета галоўнымі героямі сталі не маладыя сем’і, а дзве творчыя сям’і раёна, што пражылі ў шлюбе не адзін дзясятак гадоў, дзелячы пароўну ўсё, што наканавана лёсам. Сям’я Рыгора Мікалаевіча і Валянціны Францаўны Русакевічаў на наступны год адзначыць рубінавае вяселле. Ідучы побач амаль 40 гадоў, яны выгадавалі 2 сыноў, маюць нявестак, ганарацца пяццю ўнукамі.

Яшчэ адна сям’я – Эдуард Канстанцінавіч і Тамара Аляксандраўна Язерскія – таксама разам амаль 40 гадоў. Яны разам выгадавалі 5-ра дзяцей, цешаць сэрца 8-ра ўнукаў. За дзесяцігоддзі сумеснага жыцця яны паядналі не толькі свае сэрцы, але і душы.

Па словах дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Галіны Фадзееўны Рай, якая вітала ўдзельнікаў мерапрыемства, у наш час сям’я набыла больш глыбокі сэнс, чым проста ячэйка грамадства: толькі з дапамогай сям’і наша краіна можа захаваць маральныя каштоўнасці і культурныя традыцыі, якія чалавек праносіць праз усё жыццё. Хіба можа быць штосьці больш важным, чым родныя і блізкія людзі?! Сям’я – гэта найвялікшая каштоўнасць для кожнага, вечныя і цудоўныя пачуцці: дабрыня, вернасць, адданасць, клопат, разуменне, цярпенне. Яна пажадала ўсім сем’ям узаемнасці, вялікай павагі адзін да аднаго і светлай будучыні.

Тыя, хто завітаў на свята, змаглі яшчэ раз пераканацца ў тым, што ўсё пачынаецца з сям’і. Трэба цаніць і шанаваць адзін аднаго, толькі разам пераносіць усе выпрабаванні і старацца на працягу ўсяго жыцця зберагчы тое трапяткое, пяшчотнае і крохкае пачуццё, якое калісьці дало магчымасць двум любячым сэрцам паяднацца ў адзінае цэлае, што носіць назву СЯМ’Я.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *