Землякоў славутыя імёны

Люди и судьбы

Алег Ігнатавіч Таўгень

Вучоны. Валожын – радзіма доктара фізіка-матэматычных навук Алега Ігнатавіча Таўгяня (1962 – 2011). Вельмі рана, у 1993-м, ён абараніў доктарскую дысертацыю. Праз два гады атрымаў званне прафесара. У коле навуковых інтарэсаў вучонага былі розныя праблемы, методыка выкладання матэматыкі, алгебры, інфарматызацыя адукацыі.

У 2000 годзе Алега Ігнатавіча прызначылі рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Вучоны-матэматык унёс вялікі ўклад у развіццё  сістэмы адукацыі нашай краіны.

 

Антон Іосіфавіч Рагойша

Вучоны.  Нарадзіўся 25 студзеня 1925 года ў вёсцы Пярэжары. У 1948 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. У 1955-1958 гадах вучыўся ў аспірантуры Мінскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці «Матэматычны аналіз». З 1958 па 1985 год працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам кафедраў элементарнай матэматыкі, вышэйшай матэматыкі, матэматычнага аналізу і алгебры, матэматычнага аналізу фізіка-матэматычнага (з 1975 года – матэматычнага) факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута. З 1960 па 1975 год – дэкан факультэта педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Асноўны накірунак навуковых даследаванняў – дыдактыка матэматыкі.

 

Уры Фінкель

Выкладчык рускай мовы і літаратуры, таленавіты літаратурны крытык, белетрыст.

Нарадзіўся ў Ракаве 8 кастрычніка 1896 года ў яўрэйскай сям’і. У 1915 годзе паступіў у Харкаўскае політэхнічнае вучылішча. Затым вучыўся на эстэтыка-філасофскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Выкладаў гісторыю яўрэйскай літаратуры ў Мінскім педінстытуце. У час вайны вымушаны быў эвакуіравацца. У ракаўскім гета загінулі яго бацька, брат, дзве сястры. У вайну не стала і дзвюх дачок-школьніц. Паля вайны Уры Фінкель з 1949 па 1953 год жыў у Ракаве на вуліцы Чырвонаармейскай. Працаваў у школе, пісаў новыя даследаванні па яўрэйскай, беларускай і рускай літаратурах. Ён валодаў не толькі літаратуразнаўчымі здольнасцямі, але і дарам празаіка.

 

Анатоль Іосіфавіч Яблонскі

Беларускі вучоны. Нарадзіўся ў 1928 годзе ў Багданаве ў  шматдзетнай сялянскай сям’і.  З адзнакай скончыў Белдзяржуніверсітэт, працаваў у сістэме адукацыі на Віцебшчыне. У 1956 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце фізікі і матэматыкі АН  БССР. Пазней загадваў кафедрай вышэйшай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, а ў апошнія гады працаваў прафесарам гэтай кафедры. У 1971 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, у 1977 годзе ўзначаліў кафедру вышэйшай матэматыкі ў Беларускім эканамічным універсітэце.

Анатоль Іосіфавіч – аўтар больш за 95 навуковых работ, у асноўным прысвечаных  аналітычнай і якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Ім праведзена дэталёвае даследаванне ўласцівасцяў рашэнняў ураўненняў Пенлеве. А. І. Яблонскі  ўдзельнічаў у арганізацыі ўсесаюзнага часопіса «Дыферэнцыяльныя ўраўненні». Ён падрыхтаваў больш  за 20 кандыдатаў і 2 дактароў навук.

 

Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь.

Нарадзілася ў 1952 годзе ў Валожыне. Працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў горадзе Віцебску з 1972 года. Прынята ў тэатр па выніках конкурснага адбору, у студзені-жніўні 1972 года працавала па дагаворы. За гэты час выдатна сыграла ролі Эйке ў спектаклі «Свой востраў» Р. Каўгвера і Мажэйкі ў «Амністыі» М. Матукоўскага. Мастацкае кіраўніцтва тэатра рэкамендавала Таццяну Ліхачову для паступлення ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У 1976 годзе яна вярнулася ў тэатр спецыялістам з вышэйшай адукацыяй. Таццяна Ліхачова – актрыса шырокага творчага дыяпазону. Прафесіяналізм, адметная сцэнічная культура, працавітасць, ініцыятыва дазволілі ёй заняць вядучае месца ў коласаўскай трупе. Артыстка стварыла шэраг адметных вобразаў у спектаклях па творах беларускіх аўтараў.

У 1998 годзе Таццяна Ліхачова стала лаўрэатам гарадской прэміі «Сузор’е муз» у намінацыі «Тэатральнае мастацтва». За высокае выканальніцкае майстэрства пры стварэнні вобразаў нашых сучаснікаў і класічных персанажаў, актыўную прапаганду беларускага тэатральнага мастацтва ў 2001 годзе яна  ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», з’яўляецца ўладальніцай многіх тэатральных прэмій.

Крытыкі адзначаюць яе  выдатныя ролі ў спектаклях “Сымон-музыка” па Я. Коласу, “Пакахай мяне, салдацік!” па В. Быкаву, “Дзядзя Ваня”, “Вішнёвы сад” А. Чэхава, “Рамэа і Джульета”, “Кароль Лір” У. Шэкспіра.

Таццяна Уладзіміраўна з’яўляецца старшынёй Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Вядзе вялікую работу па папулярызацыі творчасці артыстаў Коласаўскага тэатра.

 

Вікенцій Антонавіч Ралавец

Кавалер чатырох Георгіеўскіх крыжоў.

Нарадзіўся ў мястэчку Забрэззе былога Ашмянскага павета 2 лістапада 1894 года. Паходзіць з сялянскай сям’і. Скончыў Забрэзскую царкоўна-прыходскую школу. Служыў у лейб-гвардыі ў Сямёнаўскім палку. З пачаткам Першай сусветнай вайны – у кавалерыі на Паўночна-Усходнім, а затым на Заходнім франтах.

Апошні – чацвёрты Георгіеўскі крыж 1-ай ступені старшы ўнтэр-афіцэр Вікенцій Антонавіч Ралавец атрымаў у баях каля родных мясцін.

У 1918-1950 гадах працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1950 годзе ўдзельнічаў у арганізацыі калгаса, быў брыгадзірам. Затым працаваў паштальёнам.

 

Радзівон Канстанцінавіч Шукевіч-Трацякоў

Нарадзіўся 23 лістапада 1893 года ў вёсцы Навіны. Скончыў Мінскае рэальнае вучылішча, пасля чаго стаў студэнтам політэхнічнага інстытута ў Петраградзе. Ведаў рускую, беларускую, украінскую, французскую і нямецкую мовы. У 1914 годзе пайшоў на фронт добраахвотнікам. Быў паранены і трапіў у палон. 18 месяцаў працаваў на германскай фабрыцы ў якасці ваеннапалоннага. У 1918 годзе Радзівон Шукевіч-Трацякоў вярнуўся з Германіі. Вёў партыйную работу ў Беларусі ў якасці агента 1-га разраду Празкамбеду. Затым узначаліў Слуцкае бюро народных суддзяў. У кастрычніку 1919 года  ў Смаленску яго выбралі ў бюро камуністаў фронту. Два гады працаваў рэдактарам газеты 16-й арміі, у маі 1921 года газету закрылі ў сувязі з расфарміраваннем арміі. Пазней яго назначылі адказным рэдактарам «Чырвонаармейскай праўды».

У 1922-1924 гадах працаваў у галоўным упраўленні палітыка-асветнай работы, быў старшынёй галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і мастацтва Наркамасветы  БССР, сакратаром Мінскага павятовага камітэта КП(б)Б. Затым Р. К. Шукевіч-Трацякоў стаў рэдактарам газеты «Беларуская вёска» –  папярэдніцы рэспубліканскай газеты «Беларуская ніва.»



Добавить комментарий