Падарылi французы аўтобус…

Официально

Выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця атрымалі падарункі ад прадстаўнічай французскай дэлегацыі, якая нядаўна наведала нашу ўстанову.

…Дзесьці каля года таму вядомая беларуская фотамадэль Крысціна Кучынская прапанавала сваім французскім сябрам пасадзейнічаць выхаванцам інтэрната. Яна звязалася з прадстаўнікамі клуба “Ратару Інтэрнэшнл” Жан-П’ерам і Мішэль Фламбарг-Грыф, якія стаялі на чале гэтай дабрачыннай акцыі. “Ратару Інтэрнэшнл” — міжнародная гуманітарная асацыяцыя клубнага тыпу, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў бізнесу і іншых прафесій, якія садзейнічаюць развіццю ўзаемаразумення і дружбы паміж народамі. Рух Ратару — сусветная сетка валанцёраў, якія добраахвотна арганізоўваюць і ўдзельнічаюць у гуманітарных акцыях і дабрачынных праектах як у мясцовым, так і ў міжнародным маштабе. Існуе такі рух і ў Беларусі.

…Каля 3000 кіламетраў з далёкай Ніцы на ўзбярэжжы Міжземнага мора да Івянца прыйшлося праехаць дабрачынцам, каб даставіць у інтэрнат гуманітарны груз. Розныя прысмакі, цацкі, лісты-пажаданні ад  французаў дзеці прынялі з вялікай радасцю. Але “фішкай” стаў спецыялізаваны мікрааўтобус “Рэно”, прызначаны для перавозкі інвалідаў-калясачнікаў, абсталяваны пандусамі-пад’ёмнікамі.

Цёплыя словы падзякі, сказаныя дырэктарам інтэрната Аленай Сігізмундаўнай Петрашкевіч, яшчэ раз пацвердзілі, што ў людскога дабра не існуе межаў. Ну а шчырай падзякай дзяцей шаноўным гасцям з Францыі стала канцэртная праграма. З ёй выступілі выхаванцы інтэрната ў канцы мая на Міжнародным фестывалі творчасці маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Мары здзяйсняюцца” і занялі першае месца.

Валянцін САБАЛЕЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий