Трэба дома бываць часцей…

Культура

Старэнькія людзі ў многіх населеных пунктах раёна цяпер асноўныя іх жыхары. Таму нярэдка менавіта яны  і з’яўляюцца героямі нашых публікацый. “Пенсіённага ўзросту” стала і  некалі досыць вялікая вёска Кісялі, што за некалькі кіламетраў ад Яршэвічаў.

Нібы птушкі, у родныя гнёзды з далёкага выраю праз дзясяткі гадоў расстання  зноў вярнуліся  з гарадоў  на сядзібы сваіх бацькоў іх родныя дзеці. Бацькі ўжо даўно памерлі, а “дзеці” іх сталі пенсіянерамі і зноў наноў абжываюць родныя пенаты. Можа таму, што раней яны былі ў вёсцы толькі рэдкімі наездамі (у выхадныя дні, у час летніх водпускаў), іх цяпер  карэнныя жыхары іранічна называюць “дачнікамі”.

У Кісялях некалькі гадоў таму нават  афіцыйна з’явілася вуліца пад назвай Дачная. На ёй стаяць дыхтоўныя абноўленыя сядзібы з усім наборам  бытавых выгод, камфортнага гарадскога жыцця. А замест  некалішніх агародаў – цяпер тут прасторныя газоны. Пад цяністымі прысадамі – шэзлонгі для адпачынку на ўлонні прыроды ды мангалы для прыгатавання шашлыкоў. Такія сядзібы сталі месцам рэлаксу для  прыезджых гараджан.

Затое лад жыцця карэнных вяскоўцаў амаль не змяніўся.  Па-ранейшаму тут убачыш дагледжаная грады разнастайнай агародніны,  вялікія плантацыі бульбы. Не пустуюць і   гаспадарчыя пабудовы:  амаль усе тутэйшыя гаспадары трымаюць курэй, больш увішныя і “маладзейшыя” пенсіянеры даглядаюць козачак, каб мець малако на  ўласным стале.

Хто са старых людзей пакінуты дзецьмі, той  часцей  наракае на жыццё. А пра каго нашчадкі не забываюць, то такія вяскоўцы і свайму пачціваму ўзросту неяк весялей супраціўляюцца. У гэтым сэнсе пашанцавала жыхарцы Кісялёў Зінаідзе Аляксандраўне Бурачэўскай. У маі ёй споўнілася 80 гадоў. Трое сыноў нарадзіла і выхавала разам з мужам гэта жанчына. Прафесію мела нялёгкую – працавала 40 гадоў даяркай, даглядчыцай на малочнатаварнай ферме. Лёс не даў ёй дачок-памочніц, але і сынамі Іванам, Міхаілам і Сяргеем не пакрыўдзіў. Яны заўсёды спяшаліся  на дапамогу любімай матулі. Умелі планаваць час і на старанную вучобу, і на абавязковыя клопаты па хатняй гаспадарцы. Відаць, таму і іх самастойнае жыццё ў далейшым таксама склалася ўдала. Але аднойчы нечаканае  вялікае гора  пастукала ў хату да  Бурачэўскіх.  Прыйшла чорная вестка, што  загінуў сын Міхаіл. Такі несуцешны боль нічым не суняць у сэрцы маці. Сыны гэта разумелі і заўсёды стараліся быць для любімай матулі вялікай маральнай падтрымкай.

Нягледзячы, што яны даўно маюць свае сем’і, Сяргей і Іван стараюцца як мага часцей прыязджаць дадому, каб пабыць разам з маці і бацькам, дапамагчы ім па гаспадарцы. У час нашай камандзіроўкі мы засталі Сяргея.  Карэспандэнты не прасілі яго свядома пазіраваць перад фотакамерай. І тым не менш, ён з пяшчотнай любоўю прытуліў да сябе  дарагую матулю. Гэта быў для яго звыклы  жэст павагі і  шчырай пашаны да  чалавека, які заўсёды ў яго сэрцы…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *