Сакрэт маладосцi i даўгалецця

Общество

Па добрай волі, сардэчнай спагадлівасці аддаваць сваю кроў для хворых людзей, аказваецца, нават карысна.

Донары жывуць даўжэй і менш хварэюць, у тым ліку анкалагічнымі і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Донарства папярэджвае парушэнні стрававання, атэрасклероз, захворванні печані, падстраўнікавай залозы. Рэгулярная здача крыві спрыяе падаўжэнню маладосці, бо стымулюе крывятварэнне і самаабнаўленне арганізма.

Здаваць кроў бяспечна. Іголка і гемакон для збору крыві  выкарыстоўваюцца аднакратна, іх немагчыма выкарыстаць паўторна. Усе інструменты і перавязачныя матэрыялы, якія кантактуюць з крывёй чалавека – стэрыльныя.

Гэта працэдура небалючая. Дастаткова ўшчыпнуць скуру на ўнутранай паверхні локцевай вобласці, каб атрымаць уяўленне пра тое, што вы адчуеце падчас увядзення іголкі: усяго толькі лёгкі націск, але не боль. Дыскамфорт (галавакружэнне, слабасць) падчас ці пасля здачы крыві вельмі рэдкія і ўзнікаюць толькі ў выпадку непераадольнага страху донара перад краваздачай.

Аб’ём крыві, якая забіраецца, складае 450 ± 50 мл, г. зн. каля 7% агульнага аб’ёму крыві ў вашым арганізме (аб’ём крыві ў арганізме дарослага чалавека з масай цела 60 кг і больш у сярэднім складае 4,5-5 літраў). Арганізм адновіць аб’ём страчанай вадкасці на працягу 36 гадзін.

Працэдура здачы крыві не перавышае 10 хвілін. Пасля адпачынку (10-15 хвілін) і лёгкага сняданку чалавек зможа вярнуцца да сваёй звычайнай дзейнасці.

Донарская кроў ратуе жыцці. Яна шырока выкарыстоўваецца для жанчын з ускладненымі цяжарнасцямі, для дзяцей з анеміямі, для ахвяр няшчасных выпадкаў, а таксама для пацыентаў пасля хірургічных умяшанняў і анкахворых.

Пастаянная неабходнасць у донарскай крыві выклікана тым, што донарская кроў можа захоўвацца толькі вызначаны прамежак часу.

Донарам можа быць кожны дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, які прайшоў медыцынскі агляд і не мае захворванняў, пры якіх донарства проціпаказана. Мужчыны могуць здаваць кроў не больш за 5 разоў у год, жанчыны – не больш за 4 разы ў год. Пасля працэдуры зноў здаваць кроў можна толькі праз 60 дзён. Поўнае аднаўленне саставу крыві адбываецца на працягу 30-40 дзён.

Наталля ПРАКОПЧЫК,

старшая медсястраВаложынскай паліклінікі



Добавить комментарий