З паклонам i шчырай удзячнасцю

Общество

Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны раёна атрымалі знакі заслужанай увагі з нагоды ліпеньскага свята.

Юбілейная дата з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў літаральна праз некалькі тыдняў збярэ пад сваімі сцягамі прадстаўнікоў многіх пакаленняў. Але ўжо сёння  адчуваецца хвалюючы настрой гэтай вялікай урачыстасці.

132 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, прыраўнаваныя да гэтага статусу, жывуць на Валожыншчыне. Нядаўна да кожнага з іх наведаліся дадому супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыні пассельвыканкамаў, каб аказаць знакі пачцівай увагі з нагоды вялікай ліпеньскай урачыстасці.

Тры дні працаваў гэты своеасаблівы дэсант. Жыхары раёна, якія прайшлі праз неверагодныя ваенныя выпрабаванні, якія зведалі жахі канцэнтрацыйных лагераў папоўнілі лік сваіх узнагарод. Кожнаму з іх супрацоўнікі райваенкамата ўручылі юбілейныя медалі да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яны пачулі ў свой адрас шчырыя словы віншавання, пажаданні моцнага здароўя і аптымізму. Кожны з гэтых заслужаных людзей атрымаў і святочную віншавальную паштоўку ад старшыні райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча.

Загадзя былі сфарміраваны і святочныя прадуктовыя наборы. Кожнаму ўдзельніку вайны ўручаны такі прэзент і матэрыяльная дапамога.

У час сустрэч прадстаўнікі ўлады цікавіліся не толькі самаадчуваннем, здароўем ветэранаў і асоб, прыраўнаваных да іх, але і іх жыццёвымі праблемамі, бытавымі ўмовамі, выслухалі пажаданні і заўвагі. Міжволі прадстаўнікі легендарнага пакалення ўспаміналі і перажытае ў гады вайны, закраналі пытанні духоўных каштоўнасцей цяперашняга грамадства, маладога пакалення. Пагутарыць з такімі людзьмі – нібы пачытаць кнігу мудрасці, маральнай загартоўкі, патрыятызму.

Святочны настрой пануе ў душы ветэрана з вёскі Нелюбы Івана Васільевіча Фурса (на фота).

Ірына  ПАШКЕВІЧ,

фота Сяргея Бобрыка



Добавить комментарий