«Сiняя птушка» жыве не за морам…

Культура

Вуліца Савецкая ў пасёлку Багданава радуе вока прыгожымі, новымі дамамі. І ўжо цяжка ўявіць, што яшчэ не так даўно на гэтым месцы была пустэча.

Адны з першых пасяліліся тут Жылевічы: Марыя Аляксандраўна, Эдвард Віктаравіч і іх дзеці: Руслан, Наташа, Аляксандр, Таццяна. Дзесяць гадоў жыла шматдзетная сям’я ў двухпакаёвай кватэры, што належала мясцоваму сельгаспрадпрыемству. І хоць з прымаўкай “у цеснаце ды не ў крыўдзе” яны не спрачаліся, але пра больш камфортныя ўмовы марылі. А неўзабаве з’явілася і магчымасць тыя мары ажыццявіць: дзяржава пачала выдаваць ільготныя крэдыты на жыллё. Сабралі Жылевічы сямейны савет, усё дакладна ўзважылі, падлічылі і вырашылі: будзем будавацца! Марыя Алясандраўна памятае, як разам абмяркоўвалі праект будучага радавога гнязда, як усім хацелася, каб пакоі былі як мага большымі…

Цяпер, калі дзеці павырасталі, паразляталіся, адчуваецца, што можна было і без гігантаманіі. Але тады, жывучы ў невялічкай двухпакаёўцы, прастора здавалася шчасцем.

На будоўлі работы хапіла ўсім. Нават малодшыя дзеці ўдзельнічалі. У гэтай сям’і стаўку ў выхаваўчым працэсе заўсёды рабілі на працу, што давала двайны эфект: на свавольствы часу не заставалася, а дабрабыт выіграваў. Малодшыя Жылевічы з маленства ўмелі ўпраўляцца па гаспадарцы. Таму рознай жыўнасці трымалі шмат.

Толькі ў святочныя дні дзецям дазвалялася паспаць даўжэй. Найчасцей з ложка іх падымаў салодкі водар, які ішоў з кухні. І калі ў іншых сем’ях на свята выпякаўся адзін торт, то ў Жылевічаў – тры-чатыры. Самым любімым і па сённяшні дзень у іх застаецца фірменны, шакаладны. Яго нават сыны навучыліся гатаваць і сёння па правераным маміным рэцэпце радуюць сваіх дзяцей.

У новы дом Жылевічы пераехалі ў 2000-м годзе. А хутка па-суседстве пачалі вырастаць новыя будынкі. Весела было школьнікам з новай вуліцы вялікім гуртам  бегчы ў школу! Следам за імі спяшалася і Марыя Аляксандраўна, бо працавала, ды і зараз працуе, у школе лабарантам. Таму не дзіва, што ад сваіх сыноў і дачок строга патрабавала быць стараннымі ў вучобе, паслухмяна сябе паводзіць, каб не чырванець ёй перад калегамі. І трэба зазначыць, што дзеці ні разу не падвялі матулю.

Татаў аўтарытэт таксама быў высокім. Хоць строгім Эдварда Віктаравіча назваць складана. Ён не аматар розных выхаваўчых гутарак, ніколі не хапаўся за папругу і не апускаўся да таго, каб моцна крычаць на вінаватае ў нечым дзіця. “Але затое ён можа паглядзець так, што адразу хочацца стаць лепшым,” – гаворыць дачка Наташа.

Цікава, што Эдвард Віктаравіч і Марыя Аляксандраўна ведалі адно аднаго з маленства, бо нарадзіліся і выраслі ў адной вёсцы. Моладзь з іх родных Войштавічаў асобай схільнасцю да сельскага ўкладу не вызначалася. Многія хлопцы і дзяўчаты кінуліся шукаць шчасця па гарадах. Але злавіць удачу ўдалося далёка не ўсім.

Жылевічы маюць поўнае права сказаць, што са сваёй “сіняй птушкай”  яны не размінуліся: два сыны, дзве дачкі, шасцёра ўнукаў, утульная сямейная сядзіба, павага сярод суседзяў і калег. І спадзяюцца, што наперадзе іх чакаюць новыя сямейныя радасці…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

На фота Марыя Аляксандраўна з унукам Жэнем.



Добавить комментарий