Агляд падзей у раённай газеце за чэрвень 1969 года

БАЯВЫ СЯБАР

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, рабочы саўгаса “Багданаўскі” Я. Быкаў даслаў у рэдакцыю газеты наступны ліст:

“Суровыя выпрабаванні ў баях прайшоў мой таварыш Савелій Сцяпанавіч Кузняцоў. На грудзях – шэсць урадавых узнагарод за гераізм і адвагу ў барацьбе з гітлераўцамі.

За плячыма Савелія Сцяпанавіча вялікі жыццёвы шлях. Выхаванец дзіцячага дома. Ледзь скончыў школу-дзесяцігодку, як загрымела вайна. Мару аб паступленні ў інстытут давялося адкласці на будучае. Юнак становіцца ў салдацкі строй. Са зброяй у руках ідзе абараняць Радзіму. Біў фашыстаў пад Масквой і Калінінам, граміў гітлераўцаў пад Рыгай, вызваляў Варшаву. Змагаўся з ворагам пад Кёнігсбергам, у Берліне.

Скончылася вайна. Пайшоў працаваць настаўнікам. Але з першых дзён адчуў, як не хапае яму ведаў, каб па-сапраўднаму вучыць падрастаючае пакаленне. Ён не марудзіць з часам. Паступае і паспяхова заканчвае Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, а затым – Мінскі педінстытут імя А. М. Горкага.

Нягледзячы на цяжкі жыццёвы шлях (быў двойчы кантужаны), Савелій Сцяпанавіч і цяпер у страі. Працуе дырэктарам Масцішчанскай васьмігадовай школы. Пятнаццаць гадоў прысвяціў настаўніцкай справе. Яго выхаванцы сталі настаўнікамі, урачамі, інжынерамі, механізатарамі. Працуюць у розных кутках нашай краіны”.

НА ПАЛЕТКАХ – ПАРАДАК

Настойліва змагаюцца за ўраджай чацвёртага года пяцігодкі хлебаробы калгаса імя М. Горкага. З першых дзён сяўбы ў гаспадарцы арганізавана дзвюхзменная работа.

Кожны з членаў гэтага калектыву адчувае сябе гаспадаром зямлі, спаўна аддае ёй цяпло душы і ўменне рук. Трактарыст Барыс Бурко разам са сваім напарнікам Вацлавам Касабуцкім засявалі плошчу ў 22 гектары. Працуючы пазменна, сеяльшчыкі выконвалі па паўтары нормы. Руплівасцю вызначыліся таксама механізатары Мікалай Жаркевіч і Вацлаў Пялейка, якія працуюць на пагрузчыку. Па дзве нормы выконвае экскаватаршчык Яраслаў Шымкус. Ён за змену нагружае па 200 тон угнаенняў.

ГАРНIТУР “АД КУЦЮР”

Ахвотна ідуць заказчыкі да старшага майстра індывідуальнага пашыву адзення закройшчыка Вікенція Бацяна з Багданаўскага павільёна бытавога абслугоўвання.

Ён разам са сваімі памочнікамі Альбертам Нікадонам, Віктарам Рабецкім добра шые мужчынскія касцюмы.

Майстэрствам пашыву жаночага адзення тут славяцца Тэрэза Бульцэвіч, Леакадзія Целяжэвіч, Ядвіга Явідовіч. У іх вучыцца моладзь. Хрысціна Вайшнаровіч настойліва асвойвае новыя фасоны пашыву верхняга адзення. Без адрыву ад вытворчасці яна летась закончыла Багданаўскую сярэднюю школу сельскай моладзі. Рыхтуецца да здачы экзаменаў на атрыманне атэстата аб сярэдняй адукацыі і загадчыца павільёна Любоў Шынгер.

ШКОЛЬНIКАЎ ЧАКАЕ МАСКВА

У маляўнічым месцы на беразе ракі Іслач на традыцыйнае агульнашкольнае свята, прысвечанае заканчэнню навучальнага года, сабраліся вучні Пяршайскай СШ.

У конкурсе на лепшае прыгатаванне абеду актыўна ўдзельнічалі рабяты ўсіх класаў. Юныя повары выявілі высокія кулінарныя здольнасці: прыгатаваныя імі стравы былі вельмі смачнымі і атрымалі высокую адзнаку журы. Праходзілі спаборніцтвы і па пераадоленні турыстычнай паласы перашкод: дзеці бегалі, пераходзілі ўброд раку, кідалі гранату, перамяшчаліся па-пластунску. Правялі футбольны матч паміж камандамі школы. У заключэнне ўсе сабраліся ля кастра. Старшыні атрадаў рапартавалі пра вынікі спаборніцтва на лепшы піянерскі атрад: тут вызначыліся шасцікласнікі. Калі ж яны выйдуць пераможцамі і за другі год спаборніцтва, у іх будзе магчымасць пабываць у сталіцы нашай Радзімы – Маскве.

ЛIЧБЫ I ФАКТЫ

Першымі ў раёне пачалі сенакашэнне хлебаробы калгаса “17 верасня”. Дружна ўзяліся за работу касцы Эдуард Сцяпанавіч Пашкоўскі, Міхаіл Якаўлевіч Бялоў. За першы дзень касілкамі яны ўбралі траву на 11 гектарах. Усяго ж у гаспадарцы налічваецца 240 гектараў сенажацей.

Юбілейныя медалі “50 год Савецкіх Узброеных Сіл” атрымалі 63 ветэраны Айчыннай вайны на ўрачыстасці ў клубе сельгасарцелі імя Гастэлы. Сярод узнагароджаных калгасны будаўнік Адольф Міхайлавіч Богдан, конюхі Уладзімір Юльянавіч Яцукевіч і Міхаіл Антонавіч Сікорскі, ляснік Іосіф Станіслававіч Радына.

Калектыву чыгуначнай станцыі Валожын прысуджаны пераходны Чырвоны сцяг. У гэтым заслуга стрэлачнікаў Васіля Ільіча Буракоўскага, Івана Піліпавіча Сімановіча, Пятра Васільевіча Шаўлюка, дзяжурных па станцыі Міхаіла Васільевіча Дземеша, Фёдара Фёдаравіча Загаруйкі і многіх іншых. Ганаровай граматай кіраўніцтва аддзялення і райкома прафсаюза чыгуначнікаў узнагароджаны дзяжурныя па станцыі Крысціна Паўлаўна Гарасюк, стрэлачнік Міхаіл Паўлавіч Гіль.   

66 урачоў, 256 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу стаяць на варце здароўя працоўных Валожыншчыны. У раёне функцыяніруюць дзве раённыя, 6 участковых бальніц, амбулаторна-ўрачэбны ўчастак, 32 фельчарска-акушэрскія пункты. З нагоды Дня медыцынскага работніка медсястра Івянецкага дзіцячага санаторыя Аляксандра Уладзіміраўна Субоцкая за сумленную і старанную працу ўдастоена Ганаровай граматы Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, дыет-сястра Ганна Міхайлаўна Ларчанка ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.        

На спаборніцтвах абласнога злётушкольных санітарных пастоў вучні СШ № 2 горада Валожына занялі другое месца. Юныя санітары Людміла Ключынская, Валянціна Фаміна, Аляксандр Хімалозка і Аляксандр Даніловіч таксама ўзнагароджаны фотаапаратамі “Змена-6”.   

Драму “Барабаншчыца” А. Салынскага ў трох дзеях паказалі на сцэне раённага Дома культуры артысты Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. Сталічныя артысты – частыя госці ў раёне. Яны выступаюць перад гарадскімі і вясковымі гледачамі.

За пяць месяцаў бягучага года больш за ўсё кілаграмаў малака надоена на фуражную карову у калгасах “Верны шлях” – 1364 кг, імя Чапаева – 1173 кг, “17 верасня” – 974 кг, у саўгасах “Ракаўскі” – 1132 кг, “Радзіма” – 996 кг. На апошніх месцах па надоі малака калгасы “Чырвоная гвардыя” – 516 кг, імя Гастэлы – 514 кг, саўгас “Багданаўскі” – 589 кг. Сярэдняя лічба надояў на фуражную карову па раёне – 810 кг.

“КАЛЮЧКА” АТАКУЕ

Насценная сатырычная газета “Калючка” стала добрым памочнікам праўлення калгаса “Краіна Саветаў” у наладжванні працоўнай дысцыпліны. Дасціпныя, трапныя матэрыялы мовай сатыры выкрываюць гультаёў і абібокаў, хапуг і хуліганаў.

Чатыры-пяць каляровых трапных карыкатур, вострыя подпісы да іх вабяць чытачоў. У тым, што даярка Г. Т.  своечасова стала прыходзіць на працу, немалая заслуга “Калючкі”. Скоса паглядаў на газету і загадчык фермы М. У., які груба адносіўся да жывёлаводаў. Калі трапіў на старонкі газеты, рыхтуйся трымаць адказ перад таварышамі па працы, членамі праўлення, на пасяджэнні партыйнага бюро.

Кладаўшчык В. С. з карыкатуры даведаўся, што з ёмістасці, дзе ён захоўвае гаручае, выцякае ў хвіліну 17 кропель бензіну, за гадзіну – 1020, за суткі – 24480. Гэта ўжо не дробязь. Хлопец А. К. вельмі ганарыўся “моднай” прычоскай і адзеннем, лічыў, што роўнага яму няма ў калгасе. На заўвагі сяброў і старэйшых не звяртаў увагі. Але ўбачыўшы свой “партрэт” у “Калючцы”, змяніў думку наконт сябе і доўга не з’яўляўся там, дзе вісела газета.

НА ШЧАСЦЕ, ПАТРОНЫ НЕ ЎЗАРВАЛIСЯ

У апошні час у нашым раёне адбылося некалькі няшчасных выпадкаў з-за таго, што дзеці мелі справу з выбуховымі рэчывамі, якія засталіся з часоў мінулай вайны і былі адшуканы. Бацькі не тлумачаць малым таго, якую вялікую шкоду можа прынесці неасцярожнае абыходжанне з выбуховымі рэчывамі.

Вучань пятага класа Высокскай васьмігадовай школы Гародзькаўскага сельсавета Міша Дурко, пасвячы карову, выпадкова знайшоў на выгане капсуль, прынёс дадому, паклаў на камень і стукнуў па ім малатком. Капсуль узарваўся, параніўшы хлопчыку руку. Міша доўгі час знаходзіўся на лячэнні ў цэнтральнай раённай бальніцы.

Юнак Аляксандр Вайцяховіч з вёскі Аўгустова Валожынскага сельсавета знайшоў патроны і раздаў іх дзецям. Тыя ў сваю чаргу падзяліліся “трафеямі” з сябрамі. Пасля заняткаў школьнікі распалілі касцёр і кінулі ў яго патроны. На шчасце, патроны не ўзарваліся.

МАРШРУТАМСТАРАЖЫТНЫХ ЕГIПЦЯН

Пра гэта паведамляла раённая газета з паметкай “ТАСС”:

Больш чым на тры месяцы разлічана плаванне цераз Атлантыку папіруснай лодкі “Ра”. Удзельнікі рэйса маюць намер паўтарыць мяркуемы шлях старажытных егіпцян да берагоў Амерыкі.

Адзін з сямі ўдзельнікаў экспедыцыі – 32-гадовы ўрач Юрый Сянкевіч, навуковы супрацоўнік Інстытута медыка-біялагічных праблем Міністэрства аховы здароўя СССР. Год ён працаваў у Антарктыдзе: вёў даследаванні на станцыі «Усход».

Па форме “Ра” – плот-лодка даўжынёй у 15, шырынёй у 5 і таўшчынёй у 3 метры. Разам з хацінай-палаткай яна важыць 12,5 тоны. Грузападымальнасць “Ра” – сто тон. Лодка ўяўляе сабой снапы трыснягу-папірусу, туга звязаныя трывалым манільскім канатам. Гэта дакладная копія старажытнаегіпецкіх суднаў, перасякаўшых акіян 3-4 тысячагоддзі назад, і толькі радыёстанцыя робіць лодку сучаснай.

Экіпаж судна інтэрнацыянальны: плывуць  амерыканскі географ, італьянец, егіпецкі інжынер, мексіканскі этнограф, грамадзянін Рэспублікі Чад.

У далёкі рэйс падарожнікі ўзялі амфары і бурдзюкі з прэснай вадой – каля тоны, сухія і высушаныя прадукты і… жывых курэй. Усё астатняе дасць мора.

Старонкі газеты гартала

 Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars