Сыну пасуе ваенная форма!

Общество

Праўнук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Рыгоравіча Унучака з Капусціна Сяргей УНУКОЎСКІ ганарыцца службай ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні вялікага свята жыхарку райцэнтра Анжэлу РАДЫНА чакаў прыемны сюрпыз – на пабыўку прыехаў сярэдні сын Сяргей, які праходзіць тэрміновую службу ў адной з воінскіх часцей Віцебска.

Хлопцу выпаў лёс асвойваць вайсковую спецыяльнасць у падраздзяленні “Сілы спецыяльных аперацый”. Сюды адбіраюць дужых, моцных духам і фізічна вынослівых юнакоў. Разам з Сяргеем УНУКОЎСКІМ службу нясуць і землякі: Пётр Яцына з Вішнева, Андрэй Мацкевіч з Багданава і Аляксандр Грышаткін з Дварца. І ўсе яны на добрым уліку ў камандавання.

Гвардыі радавы Сяргей Унукоўскі паказвае выдатныя вынікі ў страявой і тэарэтычнай падрыхтоўцы. Палова тэрміну ўжо за плячыма.

У гэтай сям’і лічаць, што абараняць Радзіму – свяшчэнны абавязак кожнага мужчыны. У арміі адслужыў старэйшы брат Сяргея – Аляксандр, марыць стаць салдатам і малодшы Аляксей.

Усе яны ў Дзень Незалежнасці абавязкова завітаюць да свайго прадзеда Фёдара Рыгоравіча Унучака, які жыве ў Капусціне. У 1944 годзе быў ён такім жа юным, высокім і прыгожым, як Сяргей зараз. Толькі выпрабаванні зведаў куды больш цяжкія…

Фёдар Рыгоравіч – ветэран вайны, мае баявыя ўзнагароды, перамогу сустрэў у Берліне. Галоўны яго запавет праўнукам: беражыце мір, любіце Радзіму, даражыце жыццём.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий