Удзячнай памяцi нязгаснае святло

Официально

Звыклы выгляд плошчы Свабоды ў горадзе Валожыне ў мінулы чацвер непазнавальна змяніўся. Пад свае сцягі ўсенароднае свята – 3 ліпеня – сабрала тысячы людзей. На гэты раз яно было масавым, як ніколі. Нібы гэтым людзі  хацелі сказаць, наколькі важныя ў іх жыцці знамянальныя  даты гісторыі Беларусі. А тут слаўны юбілей – 70 гадоў пад мірным небам працуе, стварае, прымнажае свой дабрабыт родная Беларусь!

Як правіла, раённая ўрачыстасць распачалася з унясення сцягоў – галоўных сімвалаў свята, з выканання дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. У адзіным патрыятычным парыве ў гэтыя мінуты аб’ядналіся людзі! Асаблівую гармонію гэтай урачыстасці надавала прысутнасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, афіцэраў і салдат мясцовай воінскай часці.

Адкрыў свята старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч. У сваім выступленні кіраўнік раённай вертыкалі прачула гаварыў пра нашу дзяржаву, пра родны горад, пра неабходнасць праз усе наступныя пакаленні шанаваць памяць пра мінулае, пра велічны подзвіг удзельнікаў Вялікай Айчыннай. У. А. Наумовіч напомніў, што сённяшні мір і спакой дасталіся неверагоднай цаной. Толькі на Валожыншчыне ў час акупацыі былі знішчаны фашыстамі больш за 9 тысяч чалавек. Больш тысячы не вярнуліся з фронту, з партызанскіх атрадаў. І праз гады высіцца ўдзячная ўсенародная памяць абеліскамі, мемарыяламі, у глыбокім болі замірае сэрца ля шматлікіх брацкіх магіл. Усяго на тэрыторыі нашага раёна ўзведзена каля 70 помнікаў і мемарыялаў.

Ва ўнісон думкам старшыні райвыканкама прагучалі і выступленні прадстаўнікоў шматлікіх дэлегацый. А на свята ў Валожын завіталі госці з Балгарыі, з гарадоў-пабрацімаў Зарайска, Лобні, з украінскага Макарава, з прыбалтыйскай Эстоніі. З віншавальным словам да прысутных звярнуўся і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Ф. Кулеш.

…Цэлая эпоха ляжыць паміж маладымі валожынцамі і прадстаўнікамі легендарнага пакалення, былымі воінамі-вызваліцелямі. Але каштоўнасці ў іх адны: патрыятызм, мір, спакой на роднай зямлі, шчырая адданасць любімай Айчыне. У гэтым яшчэ раз пераканалі на свяце выступленні ветэрана вайны Івана Фаміча Радыны і выпускніцы гімназіі №1 горада Валожына Кацярыны Яблонскай.

Заўсёды хвалюючай, кранальнай, так было і на гэты раз, выдаецца працэдура ўскладання вянкоў прадстаўнікамі ўлады, гасцямі, працоўнымі калектывамі да брацкай магілы. Набатам удзячнай памяці гучыць і хвіліна маўчання ў гонар тых, хто не вярнуўся, загінуў на палях былой вайны.

На гэты раз свята мела і свае нечаканыя моманты. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны пад святочнымі сцягамі праехаліся на адкрытых “УАЗіках” па плошчы горада. Іх сардэчна віталі людзі шчырымі апладысментамі, радаснымі воклічамі, усмешкамі.

Пасля ўрачыстай часткі традыцыйна распачалася канцэртная, забаўляльная праграма. Яна была змястоўная, бо традыцыйна 3 ліпеня адзначаецца і Дзень горада Валожына. Загадзя старанна падбіраўся рэпертуар. Таму ў цэлым атрымалася маштабная вакальна-харэаграфічная кампазіцыя на патрыятычную тэматыку. Кожны новы нумар удала дапаўняў папярэдні, дабаўляў яркія эмоцыі. Што і казаць: умеюць культработнікі раёна падарыць гледачам сапраўднае свята.

На працягу ўсяго дня 3 ліпеня гучалі песні, выконваліся харэаграфічныя замалёўкі на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў цэнтры горада. І тым не менш, на кожным этапе былі свае зоркі. Дзённую праграму аздобіў сваім бліскучым талентам наш зямляк, а цяпер саліст Масканцэрта ў сталіцы Расіі, Валянцін Сухадолец. Ужо не першы год ён выступае са сваёй праграмай перад землякамі. І кожны раз гэта робіць так шчыра, так самааддана, як і належыць сапраўднаму майстру! Спявае ён без скідкі на перыферыйнага гледача. Сапраўдны талент заўсёды адчувае вялікую адказнасць перад публікай.

А бліжэй да вечара канцэртную палітру разнастаілі беларускі папулярны спявак Аляксей Хлястоў і арт-група “Сталіца”.

З раніцы да ночы весяліўся народ. Было чым заняцца ў выхадны дзень і дарослым, і дзецям. Працавалі выставы народных майстроў. А таксама былі абсталяваны шматлікія гандлёвыя рады, атракцыёны, нямала знайшлося ахвотнікаў паспытаць смачнай салдацкай кашы. Багаты выбар пачастункаў, розных страў прапаноўвалі і шматлікія кропкі грамадскага харчавання. Сотні сем’яў у гэты дзень змаглі добра адпачыць.

Звычайна цэлы дзень людзі жывуць прадчуваннем убачыць яркае відовішча – святочны феерверк. Ён кожны год розны па сваіх дзіўных узорах, але заўсёды такі яркі, незабыўны. Непасрэдна ў дзень свята прыйшлося крыху падкарэкціраваць афішы. Па ўсёй рэспубліцы акцыя “Спяваем гімн разам”, за ёй і феерверк сёлета пачаліся значна раней.

Заканчвае святочны ліпеньскі дзень традыцыйна маладзёжная дыскатэка. Юнакі і дзяўчаты весяляцца да раніцы. У такі час, здаецца, наш старажытны любімы Валожын міжволі маладзее адразу на сотні гадоў, нягледзячы на тое, што сучасныя мелодыі і рытмы кантрасна ўспрымаюцца на фоне класічнага архітэктурнага ансамбля даўніны.

Сёлетні Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень горада Валожына ўжо адышлі ў мінулае. Але ўжо сёння кожны з нас у душы пачынае чакаць наступнага ліпеньскага свята. Свята, на якое ідуць людзі па закліку сэрца!

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий