Сустрэлiся з дзяцiнствам

Официально

У Гародзькаўскай школе адбылася сустрэча выпускнікоў 1989 года. Мінула 25 гадоў, як яны закончылі школу.

Арганізавалі сустрэчу Ала Сівец і Наталля Завацкая.

Шкада, што сабраліся не ўсе былыя выпускнікі: адзін з іх ужо пайшоў з жыцця. Мы наведалі яго магілу ў знак светлай памяці.

Сваіх любімых вучняў класны кіраўнік Яўгенія Аляксандраўна Барэйка і дырэктар школы Таццяна Іосіфаўна Чабай сустрэлі на ганку навучальнай установы. Былыя выпускнікі прайшліся па школе, завіталі ў родны клас, селі за парты, і я правяла для іх урок па творчасці К. Крапівы. Многія мае “вучні” добра адказвалі. Усім ім я паставіла 9 балаў. 

Пасля арганізавалі салодкі стол у калгаснай сталовай. Успомнілі непаўторныя школьныя гады. Многія былыя вучні прыехалі са сваімі дзецьмі. Кожны расказваў пра свой лёс.

Клас гэты быў вельмі актыўны, усе цягнуліся да ведаў. Напрыклад, на абласных алімпіядах прызавыя месцы займалі Саша Аноп – па хіміі, Наталля Завацкая – па беларускай мове.

Пабыўшы на гэтай сустрэчы, я забылася пра свае гады. Мне здалося, што я працягваю працаваць у школе. Былыя вучні пажадалі мне трывалага здароўя, каб іх усіх я давяла да пенсіі. Я ж у сваю чаргу пажадала ім моцных крылаў, высокага ўзлёту, шырокіх даляглядаў. Бо ў іх крылах – і мая педагагічная сіла. І таму кожны ўзлёт вучняў – гэта і ўзлёт настаўніка.

Яўгенія БАРЭЙКА,

класны кіраўнік 1989 г. Выпуску



Добавить комментарий