Раўняюцца на сапраўдных мужчын

Официально

Спартыўна-патрыятычны аздараўленчы лагер “Патрыёт” арганізуецца ў раёне з года ў год. Сёлета дзіцячы летнік упершыню размяшчаўся на тэрыторыі вайсковай часці № 30695 горада Валожына.

Раней тут дзеці бывалі толькі, як кажуць, у гасцях, якім былі заўсёды рады. Непасрэднае кругласутачнае прабыванне на тэрыторыі часці прынесла свой выхаваўчы плён. Усё тут было цікава, усё ўпершыню. Таму армейскае жыццё юным «навабранцам» запомніцца надоўга.

25 хлопчыкаў пачалі сваё знаёмства з армейскімі буднямі 7 ліпеня. Дзеці не толькі жылі і начавалі ў міні-казарме, спецыяльна для іх абсталяванай, але і ахвотна знаёміліся з ваеннымі дысцыплінамі: практычныя заняткі праходзілі даволі эфектыўна, кожны дзень пашыраў іх кругагляд, падахвочваў цікавасць да вайсковай службы.

Штораніцы “патрыётаўцаў” чакалі зарадка і пастраенне на пляцы. Асабліва спадабаліся падлеткам сумесныя заняткі з салдатамі: вывучэнне асноў хімабароны і ўрокі ваеннай медыцыны, страявая падрыхтоўка. Пабывалі дзеці і ў музеі вайсковай часці, на гісторыка-ваенным комплексе “Лінія Сталіна”, у аднадзённым паходзе па раёне, на экскурсіі па горадзе Валожыне. Дзеці атрымалі масу новых уражанняў. Але галоўнае, пазнаёміліся з асновамі армейскай службы, дысцыплінай і парадкам, і ў выніку сталі больш сур’ёзнымі і адказнымі. Нават унутрана яны прыкметна змяніліся: узмужнелі, сталі больш памяркоўнымі, разважлівымі. Да таго ж хлопчыкам было прыемна фарсіць у спецыяльна пашытай для іх ваеннай форме.

У летніку адпачывалі дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў раёна, і такія, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама і падлеткі “з характарам”, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Аплата за адпачынак у “Патрыёце” складала ад 180 да 200 тысяч рублёў у залежнасці ад узросту выхаванцаў. Дарэчы, дзеці са шматдзетных сем’яў адзін раз у летні перыяд могуць аздаравіцца бясплатна. З хлапчукамі працавалі тры выхавальнікі, а таксама салдат і афіцэр. Начальнікам летніка быў Георгій Віктаравіч Гуліч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната.

За дзевяць дзён, праведзеных на тэрыторыі вайсковай часці, маленькія “разведчыкі” ваенную тайну дазнацца не паспелі, але вось сакрэт мужнасці і добрага настрою для сябе адкрылі.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий