Попыт на несанкцыянаваны рынак

Общество

У тым, што дамашнія прадукты больш карысныя, чым магазінныя, упэўнены калі не ўсе, то большасць пакупнікоў. Слова “дамашні” ў дачыненні да тварагу ці масла стала сінонімам “якасны”, сельгаспрадукцыя з прыватнага падворку не баіцца канкурэнцыі і не патрабуе затрат на рэкламу. Але не ўсё гладка ў гэтай сферы.

На рынку можна купіць і малако ад лейкознай каровы, і тухлыя яйкі, і нітратную бульбу. І застрахавацца ад падобных непрыемнасцей вельмі складана. Большасць дробных гандляроў-аматараў ні пра якія аналізы сваіх прадуктаў не клапоцяцца. Хіба што могуць прад’явіць даведку з сельвыканкама аб наяўнасці чорна-пярэстай каровы ці прысядзібнага ўчастка. Але сціпла прамаўчаць, што вось гэтыя паўлітра смятаны папрасіла прадаць суседка, а шчаўе бог ведае дзе збіраў мясцовы абібок і п’яніца. 

Як паведаміў спецыяліст райспажыўтаварыства загадчык рынкаў К. А. Мельцішынаў, чалавеку без адпаведных даведак гандлёвае месца не прадастаўляецца. Ды бабулькі і не прэтэндуюць: можна прама на зямлі рассцяліць самабранку з далікатэсамі непадалёку ад гандлёвых радоў, каб аказацца акурат на дарозе пакупніка. Гандаль з парушэннем элементарных санітарных норм ідзе даволі бойка. А паспрабуй зрабіць заўвагу пажылому чалавеку, то ў імгненне вока ў яго з’явіцца атрад добраахвотнікаў-заступнікаў, а на галаву работніка рынку пасыплюцца праклёны і пагрозы.

Найменш нараканняў сёння выклікае рынак у Ракаве, які традыцыйна пачынае працаваць з 4-х гадзін. Пакуль паветра прагрэецца да 20 градусаў, можна без асаблівай боязі набываць малочныя прадукты.

Іншае становішча склалася ў Івянцы. Самыя вялікія базары тут ладзяцца па нядзелях. А ў выхадны, вядома, усім хочацца паспаць даўжэй. Таму асноўны гандаль разварочваецца, калі сонца ўжо высока.

Магчыма, мясцовыя гандляры ў крыўдзе, што ім выстаўляецца больш высокі тарыф, чым у райцэнтры – 5600 рублёў за квадратны метр ( у Валожыне – 4900). Жадаючыя тое-сёе прадаць займаюць месца хоць і не камфортнае, але затое бясплатнае. На блізкае суседства з пылам і смеццем увагу не звяртаюць.

Пацікавімся ў санітарнага ўрача, як прафесіяналы расцэньваюць такую з’яву. Вось што гаворыць С. А. Марчык: “Мы неаднаразова падымалі гэту праблему перад кіраўніцтвам райспажыўтаварыства, звяраталіся ў пракуратуру, каб дапамаглі паўплываць на выпраўленне становішча. Але вынікаў не назіраецца. У першую чаргу трэба абсталяваць спецыяльныя павільёны для рэалізацыі прыватнымі асобамі малочнай прадукцыі. Летам асабліва неабходна прытрымлівацца тэмпературнага рэжыму. Пакуль што рынкі раёна не адпавядаюць санітарным нормам. Нават агароджы адсутнічаюць. Сельскія жыхары, што прадаюць прадукцыю са сваіх прыватных гаспадарак, павінны мець медыцынскія даведкі ад праходжанні флюарографу, пасведчанне на жывёлу ад урачоў ветэрынарнай службы, даведку з выканкамаў аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка, а арганізатар рынку – райспажыўтаварыства, кантраляваць наяўнасць неабходных дакументаў і не дапушчаць парушэнне правілаў гандлю.

Пакупнікам таксама трэба быць пільнымі. Пра шкодныя мікраарганізмы, бактэрыі і вірусы цяпер рэдка хто не ведае. Але рызыкаваць здароўем людзі працягваюць: забываюць пракіпяціць малако, набываюць з рук лясныя ягады і грыбы, не заўсёды старанна прамываюць зеляніну. За такое легкадумства часам даводзіцца плаціць самым каштоўным – здароўем.”

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе небяспекі, разлюбіць “рыначныя” прадукты немагчыма. А нашым працавітым вяскоўцам трэба вучыцца дысцыплінаваным паводзінам на рынку.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий