Злёт бацяноў

Культура

У наш прагматычны час зносіны паміж сваякамі зведзены да тэлефонных размоў ці па скайпу. Ды і то ў дачыненні да самых блізкіх. Братоў і сёстраў ў трэцяй, чацвёртай сустрэчы многія ўжо і не ведаюць. Толькі ўдумайцеся: унукі вашых дзяцей могуць не знацца… Яшчэ тры-чатыры дзясяткі гадоў таму прынята было на вялікія сямейныя ўрачыстасці збіраць усю радню, але паступова кола гасцей за сталом пачало рабіцца ўсё больш вузкім.

Сваякі з роду Бацяноў, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна, рашылі такое становішча паправіць. Раз у год, у другія выхадныя ліпеня, яны збіраюцца ў вёсцы Долкневічы ў аграсядзібе “Бацяны” – заходніх варотах маршруту “Валожынскія гасцінцы”. Прыязджаюць з усёй Валожыншчыны, з розных куткоў Беларусі, з-за мяжы. Летась, напрыклад, убачыліся траюрадныя брат і сястра, якія разам раслі, а потым жыццё разлучыла іх на доўгія трыццаць гадоў. Колькі было ўспамінаў, слёз радасці!

Сёлета Бацяны сабраліся ў трэці раз. Прыехала каля 70 чалавек. Маладыя, якія ўжо ведаюць хто і адкуль, абдымаліся, спяшаліся расказаць пра падзеі, што адбыліся за апошні год. Не суняць было жартаў у іх шумнай, вясёлай кампаніі. Немагчыма ўявіць, што яшчэ не так даўно яны і не чулі адно пра аднаго. Прадстаўнікі сталага пакалення паводзілі сябе больш стрымана, але і яны не маглі схаваць хвалюючай радасці. Самыя малыя на “злёце Бацяноў” адчувалі сябе як рыба ў вадзе: нікога не баяліся, ахвотна ішлі да ўсіх на рукі, даказваючы містычную праўдзівасць выказвання англійскага пісьменніка Кіплінга: “Мы з табой адной крыві…”

Лічыцца, што прозвішча Бацяны пайшло з невялікай пушчанскай вёсачкі Дарагунь. Потым Бацяны з’віліся ў Белакорцы. Тут яны сяліліся на адной вуліцы, на другой жылі Іоды. Шмат Бацяноў у Чартавічах. Дарэчы, тут нарадзіўся і славуты носьбіт прозвішча, Герой Расіі – Аляксей Мікалаевіч, які ў сакавіку адсвяткаваў 97-ы дзень нараджэння.

Паступова Бацяны “разляцеліся” па ўсім раёне. Дзіяна Бацян, якая з бацькамі Васілём і Ірынай  і братам Міхасём жыве ў Сакаўшчыне, складае генеалагічнае дрэва роду. З якіх імён усё пачынаецца! Якім, Агаф’я, Нестар, Юстына, Тэадора, Захар…

Долкневічы – адносна новы “арэал” Бацяноў, які прыглянуўся Вікенцію Раманавічу з Чартавічаў. Яго жонка Сабіна Іосіфаўна нарадзілася ў Войштавічах. Пара доўгі час жыла ў Расіі, але засумавалі па Радзіме і вярнуліся. Старанна шукалі, дзе прытуліцца, і выпадкова натрапілі на Долкневічы – вёску ўнікальнай прыгажосці на беразе Альшанкі. Калісьці рэчка круціла тут млын, які прыносіў немалы даход вяскоўцам, непадалёк пралягала вузкакалейка для правядзення лесанарыхтовак. Ад усёй слаўнай даўніны засталіся толькі два аднапавярховыя панскія жылыя дамы, пабудаваныя яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Адзін стаў уласнасцю Вікенція і Сабіны Бацяноў.

Іх сын Уладзімір не толькі захаваў бацькаўшчыну, але прыкупіў яшчэ і суседні дом з участкам. Так утварылася вялікая сядзіба “Бацяны”. Уладзімір Вікенцьевіч з жонкай Таццянай Мікалаеўнай вядуць бізнес у Мінску, але, як прызнаюцца, сэрцам заўсёды тут, у Долкневічах. І пры любой нагодзе стараюца вырвацца са сталіцы. Васемнаццацігадовая дачка Ірына таксама любіць вёску. Яна і гасцей у аграсядзібе самастойна прыняць можа, і парадак тут падтрымлівае, і стравы беларускія згатуе па рэцэпту любімай бабулі Сабіны.

Дарэчы, Бацяны толк у кулінарыі ведаюць. Адны іх фірменныя клёцкі з мясам чаго варты! Таццяна Аляксандраўна Капыш, якая традыцыйна гатуе гэту смакату да сустрэчы сваякоў, кажа, што да бульбянога цеста трэба дабаўляць манку – “калдуны” стануць пышнымі і мяккімі. Калі ўжо зайшла гутарка пра пачастункі (якое ж без застолля свята?), то трэба зазначыць, што тут кожная сям’я пастаралася. І бліноў напяклі, і бярозавіку назапасілі, і грыбоў насалілі, і мяса для шашлыкоў намарынавалі.

Сталы адразу накрывалі на беразе Альшанкі, але неба не ўстрымала слёз і пралілося буйным, цёплым даждом. Прыйшлося тэрмінова “эвакуіравацца” пад дах.

“Як добра, што мы надумаліся набыць другі дом! – радавалася гаспадыня сядзібы.  – Цяпер жа ўсім сваякам месца хопіць!..”

Таццяна Мікалаеўна мае выключную інтуіцыю наконт таго, што можа ў будучым згадзіцца. Сёлета, напрыклад, наўмысна пакінула на беразе Альшанкі астравок маляўнічага зарасніку. А сям’я дзікіх качак узяла ды і абжыла яго. Такое вось незвычайнае суседства атрымалася. Цяпер купаюцца разам: чародка маладняку начале з мамай-качкай і людзі…

Але ж не будзем аддаляцца ад свята. Немагчыма ўявіць вясковую вечарынку без музыкаў. Пра песні і танцы паклапаціўся Міхась Бацян, які некаторы час працаваў юрыстам у раённым цэнтры сацыльнага абслугоўвання, а зараз перабраўся ў Мінск і разам з сябрамі стварыў групу “Р’э мажор”. Спяваюць яны ў сучасным маладзёжным стылі, тэксты на беларускай мове піша ў тым ліку і Міхась. Талентаў сярод Бацяноў хапае!

Усю ноч гаманіла сяброўска-сваяцкая бяседа Бацяноў. Фіналам сталі святочны феерверк і фаер-шоу. Пад раніцу частка гасцей пачала рассядацца па машынах і накіроўвацца дадому, а тым, хто прыехаў здалёк, падрыхтавалі начлег у Долкневічах. На будучы год злёт зноў запланаваны.

Пад занавес хачу сказаць некалькі добрых слоў пра людзей з іншым прозвішчам, якія “падкінулі” ідэю такіх сустрэч. Гадоў пяць назад у Германіі сабралася больш за тысячу чалавек, якія носяць прозвішча Аль. Пабывалі там і нашы землякі, этнічныя немцы з Войштавічаў і Вішнева.

Віктар Якаўлевіч Аль і падштурхнуў Уладзіміра Вікенцьевіча Бацяна да добрай справы – збіраць сваякоў разам.

Думаю, што і носьбітам іншых прозвішчаў нядрэнна было б мець такую традыцыю…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий