Паклоны слалi коласу налiтаму на свяце першага снапа

Официально

Шматлікія госці сабраліся ў мінулую сераду на ўрадлівай багданаўскай зямлі, каб разам адзначыць раённае свята “Зажынкі” і даць тым самым старт масаваму жніву на ўсёй Валожыншчыне. Удзел у ім прыняло кіраўніцтва раёна, работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікі гаспадарак, лепшыя з лепшых механізатары, якім належыць чарговы раз шчыра папрацаваць у час жніва-2014, а таксама шматлікія госці мерапрыемства – жыхары навакольных населеных пунктаў усіх узростаў.

Па традыцыі адкрылася свя-та песнямі ў выкананні ар-тыстаў раённага Цэнтра культуры. А на прамову запрасілі старшыню раённага выканаўчага камітэта У. А. Наумовіча.

– Перад усімі, хто заняты на жніве, ставіцца важная і адказная задача – прыбраць ураджай своечасова, якасна і без страт, – вітаючы ўсіх удзельнікаў “Зажынак”, адзначыў Уладзімір Антонавіч, і пазначыў задачы, якія стаяць перад хлебаробамі ў гарачую пару. Ужо завершана ўборка рапсу, які сёлета займаў агульную плошчу 3700 гектараў. Гаспадаркі не пакрыўджаны атрыманым: у сярэднім па раёне ўраджайнасць гэтай культуры склала 24 цэнтнеры з гектара, а ў асобных сельгаспрадпрыемствах – перавысіла 30 цэнтнераў на круг. Наперадзе – уборка яравых зерневых культур, вырашчаных на 26 тысячах гектараў. І калі ў мінулым годзе недабралі 20 тысяч тон збожжа, у бягучым руплівай працай пры спрыяльным надвор’і можна будзе перакрыць леташнія страты. Як адзначыў кіраўнік раённай вертыкалі, на палях вырас добры колас. І каб хлеб быў, зямлі-карміцельцы трэба пакланіцца, самааддана пашчыраваць! Ёсць і як, ёсць і чым: да працы на палетках Валожыншчыны прыступаюць 110 экіпажаў, на падыходзе яшчэ 4 камбайны.

Нельга было не пагадзіцца і з яшчэ адной слушнай заўвагай, што прагучала з імправізаванай сцэны, акружанай спелай збажыной. “Трэба шанаваць хлеб, шанаваць тое, што дае нам неба. Бо тое, што вырасла і што з Божай дапамогай намалоцім, то толькі па Божым благаславенні адбываецца. І хай умовы надвор’я не палохаюць, а толькі настройваюць на дзелавы лад. Кожную пагодную хвілінку трэба выкарыстаць па максімуму, без прастояў тэхнікі. А над нашымі палямі няхай ярка свеціць сонца і плыве жытнёвы водар. Яны і дадуць нам новы дастатак”, – такімі словамі завяршыў сваю прамову кіраўнік раёна.

У раёне ўсё рабілася для таго, каб колас наліўся багатым збожжам. Не выключэнне і гаспадарка, якая прыняла ўдзельнікаў раённых “Зажынак” – ААТ “Багданаўскае”. Радуюць вока залацістыя палеткі і наведзены адмысловы парадак. Як далажыў прысутным кіраўнік сельгаспрадпрыемства Валянцін Віктаравіч Андрэеў, дбайных рупліўцаў-хлебаробаў чакае ладны яравы клін – 1580 гектараў. А папярэднюю практыку яны дастойна прайшлі на ўборцы рапсу: сярэдняя па гаспадарцы ўраджайнасць з пасеяных 250 гектараў гэтай культуры склала 29, 4 цэнтнера на круг. Адзначылі імкненне кіраўніцтва ААТ “Багданаўскае” добра папрацаваць на карысць Валожыншчыны і ў адміністрацыйным апараце раёна. Рашэннем райвыканкама былі аб’яўлены падзякі старшыні гаспадаркі В.В. Андрэеву і галоўнаму аграному В. П. Трусу.

А пасля прыйшла пара пад абрадавыя песні ў выкананні Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Гасцінец” выйсці ў поле жнеям, апранутым па традыцыі ў прыгожыя нацыянальныя касцюмы. Спрытна перабіраючы сярпамі, жанчыны сціснулі каласы ў першыя снапы-“гаспадары” з новага ўраджаю. З пажаданнямі вялікага хлеба і добрага надвор’я іх уручылі кіраўніку раённай вертыкалі, дырэктарам сельгаспрадпрыемстваў. Добрага надвор’я, Божай дапамогі і поспеху ў добрай справе пажадалі хлебаробам праваслаўны і каталіцкі святары – айцец Валерый і ксёндз Ігар. Яны прачыталі малітвы, блаславілі пачатак уборачнай кампаніі і асвяцілі экіпажы задзейнічанай тэхнікі.

Свята першага снапа дае надзею, што ў гэтым годзе мы даведаемся аб новых рэкордах на хлебнай ніве. А, згодна з умовамі традыцыйнага спаборніцтва на ўборцы зерня, лідары будуць адзначаны падзякамі і каштоўнымі падарункамі.

Хлебная ніва, камбайны, механізатары, настроеныя на нялёгкую, але такую пачэсную працу, – добры зачын самай адказнай пары сельскагаспадарчага года. Шчымліва і радасна адначасова сціснулася сэрца, калі магутныя машыны па закліку старшыні райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча акуратна, але ўпэўнена ўрэзаліся ў высокую збажыну і пачалі свой першы ў гэтым сезоне хлебны намалот. Хочацца спадзявацца, што “Зажынкі”, якія прайшлі на базе аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, надалі трывалы старт паспяховай уборачнай кампаніі. У добры шлях да новых працоўных перамог, хлебаробы!

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *