Святкаваў юбiлей ваенкамат

Общество

На мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да 70-годдзя з дня заснавання раённага ваеннага камісарыята. На ўрачыстасць запрасілі ўсіх, хто ў розныя часы працаваў у гэтай установе, і хто сёння дбае пра бяспеку краіны і яе жыхароў.

Любы юбілей – гэта не проста свята, але і магчымасць прааналізаваць, што ўжо дасягнута, а што яшчэ толькі плануецца зрабіць. Не стала выключэннем і гэта мерапрыемства. З вітальным словам на сцэну падняўся ваенны камісар раёна, падпалкоўнік Юрый Нахай. Ён і расказаў, як пачыналася дзейнасць камісарыята ў далёкім 1944 годзе, якія задачы стаялі перад кіраўнікамі і супрацоўнікамі гэтай структуры ў цяжкія першыя пасляваенныя часы, над чым працуе калектыў сёння. А патрабаванні, як і адказнасць за іх выкананне, немалыя. Валожынскі раённы ваенны камісарыят сумесна з мясцовымі органамі ўлады забяспечвае выкананне патрабаванняў Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны, вырашае задачы гатоўнасці і тэрытарыяльнай абароны, арганізуе прызыў грамадзян на тэрміновую службу і службу ў рэзерве, рыхтуе моладзь да ваеннай службы, займаецца пытаннямі патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Таксама ваенкамат аказвае дапамогу пры ўзнагароджанні ветэранаў вайны і ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Разам з пошукавым батальёнам займаецца камісарыят і перазахаваннем абаронцаў Айчыны, пошукам імёнаў загінуўшых.

Імпрэза 70-годдзя прайшла ўрачыста. Святочныя віншаванні ў сувязі з юбілеем калектыў камісарыята атрымаў ад блізкіх, калі можна так сказаць, “па духу” службаў – раённага аддзела ўнутраных спраў, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, кіраўніцтва воінскай часці 30695. Сярод ганаровых гасцей юбілею прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бібік, кіраўніцтва Мінскага абласнога ваенкамата – ваенны камісар Мікалай Крыўчэня і начальнік накірунку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны Пётр Гайдукевіч. Літаральна ўсе прадстаўнікі калектыву атрымалі ўзнагароды. Ад ваеннага камісарыята Мінскай вобласці Ганаровыя граматы за старанне, ініцыятыву, праяўленыя пры выкананні службовых абавязкаў, атрымалі вядучы спецыяліст мабілізацыйнай групы Ганна Іода і начальнік сакрэтнай часці Ірына Яфімчык, Падзячны ліст уручаны вядучаму спецыялісту групы прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве Кацярыне Пятровіч. Ганаровыя граматы раённага ваеннага камісарыята папоўнілі спіс службовых узнагарод начальніка групы прызыву Сяргея Караля і начальніка групы тэрытарыяльнай абароны Руслана Лужынскага, аб’яўлена падзяка за добрасумленную працу астатнім супрацоўнікам. Акрамя таго, добрым словам і падарункамі ўшанавалі ветэранаў працы, якія з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне адсвяткаваць 70-гадовы юбілей сваёй арганізацыі.

Завяршылася мерапрыемства выдатным канцэртам, падрыхтаваным артыстамі раённага Цэнтра культуры.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *