Дэлегат Усебеларускага народнага сходу

Официально

Дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Яўцехавіч Сінякоў напрыканцы лістапада з шыкоўным падарункам завітаў у Багданаўскую адзінаццацігодку: 8 новенькіх сучасных камп’ютараў, мультымедыйная ўстаноўка, шматфункцыянальнае ўстройства, у якое ўваходзяць ксеракс, прынтар і сканар, прыйшлі на замену старому камп’ютарнаму класу. Агульная сума тэхнічнага абсталявання склала 23 мільёны рублёў.

Галоўным спонсарам стала маскоўская кампанія, а менавіта прэзідэнт ААТ “СІБІРХолдынг” Дзмітрый Уладзіміравіч Конаў, з якім Уладзімір Яўцехавіч мае добрыя асабістыя адносіны. Па словах дэпутата парламента, гэта дапамога была аказана ў рамках сумеснай беларуска-расійскай праграмы. Вучням вясковай школы яна без перабольшвання дасць магчымасць адкрыць для сябе новы свет, бо валодаць інфарматыкай у наш час маладому пакаленню, нават на перыферыі, проста неабходна.

А вось дзіцячай радасці і захапленню ў гэтыя хвіліны проста не было межаў! Як зазначылі школьнікі, такую найноўшую і магутную камп’ютарную тэхніку дагэтуль яны бачылі толькі па тэлебачанні, ну, а пра тое, што самі змогуць на ёй вучыцца, нават і не марылі.

Упрыгожылі камп’ютарны клас і новыя сталы, якія школа набыла за ўласныя сродкі. Да таго ж дырэктар Багданаўскай школы-сада М. І. Мароз паабяцала, што ў снежні дзеці будуць мець магчымасць выхаду ў Інтэрнэт.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.



Добавить комментарий