Упэўненыя крокi на шляху да працаўладкавання

Общество

Беспрацоўнаму часам даводзіцца патраціць нямала сіл і часу, каб знайсці вакантнае месца з годнай заработнай платай. Што ж казаць пра людзей з інваліднасцю, якім працаўладкавацца ў дзясяткі разоў складаней. Чалавек з асаблівасцямі фізічнага развіцця часта не ведае, як самастойна знайсці працу. Нярэдка яму перашкаджаюць і псіхалагічныя комплексы, няўменне кваліфікавана прэзентаваць сябе, ды і прадузятасць, стэрэатыпы з боку наймальнікаў становяцца нябачным бар’ерам. 

Праблемы інтэграцыі на рынак працы людзей з абмежаваннямі, а таксама сацыяльная адаптацыя і падрыхтоўка іх да самастойнага жыцця абмяркоўваліся нядаўна на рэгіянальным навучальным семінары. Ён прайшоў у Валожыне на базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На сустрэчу сабраліся спецыялісты Дзяржынскага, Стаўбцоўскага, Маладзечанскага, Вілейскага і Валожынскага тэрытарыяльных цэнтраў, а таксама работнікі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, якое, дарэчы, і выступіла арганізатарам названага мерапрыемства.

Асацыяцыя дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў існуе 20 гадоў. Зараз яна аб’ядноўвае больш за 3200 сем’яў, у якіх жывуць людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёлета спецыялістамі “БелАДДІіМІ” распрацаваны праект “Твой шанец”, які працягвае папярэдні, ужо паспяхова рэалізаваны праект “Першыя крокі да працы”. Каардынатары праекта дапамагаюць інваліду скласці індывідуальны план пошуку працы і суправаджаюць яго ва ўсім шматвектарным працэсе пошуку вакансіі. Назапашаным вопытам працаўладкавання людзей з інваліднасцю мінскія спецыялісты асацыяцыі і падзяліліся са сваімі калегамі.

У сваю чаргу падчас абмеркавання асноўнай тэмы семінара начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Вікенцьевіч Садоўскі адзначыў, што для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, штогод рашэннем райвыканкама ўстанаўліваецца браня прыёму на працу. Сёлета, у прыватнасці, забраніравана 60 месцаў, у тым ліку 3 месцы для інвалідаў – у РУП “Валожынскі жылкамунгас”, Валожынскае райспажыўтаварыства і КУП  “Сівіца”. Акрамя працаўладкавання магчыма навучанне па спецыяльнасцях сталяр-станочнік, абутнік, аператар ПЭВМ з ведамі 1-С “Бухгалтэрыі”, повар, кандытар, маляр-тынкоўшчык, плітачнік-абліцоўшчык, кладаўшчык і іншыя. Гэты сацыяльны праект прыносіць добры плён.

Летась у Валожынскі ліцэй адзін інвалід быў працаўладкаваны сталяром, сёлета адзін пачаў працаваць вартаўніком у ААТ “Лоск” па праграме адаптацыі да працоўнай дзейнасці з кампенсаваннем сродкаў на заработную плату наймальніку. На 2014 год на адаптацыю да працоўнай дзейнасці беспрацоўных інвалідаў з мясцовага бюджэту прадугледжана выдзеліць 35 мільёнаў рублёў.

Цяпер у раёне працуюць 245 чалавек з інваліднасцю, з якіх 9 маюць I групу. Сярэдняя пенсія інваліда – 1,9 млн рублёў. Жыве ў раёне 158 дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў.

Расказалі спецыялісты “БелАДДІіМІ” і пра праект “Стань дарослым”, мэта якога распрацаваць стандарт аказання паслугі суправаджальнага пражывання маладых людзей з асаблівасцямі развіцця, якая дапаможа інвалідам адаптавацца да ўмоў быту і працы, падрыхтавацца да самастойнага жыцця па-за домам-інтэрнатам. У нашай краіне такая практыка пакуль не наладжана. Аднак, дзякуючы нядаўняй рэдакцыі Закона “Аб сацыяльным абслугоўванні”, паслуга суправаджальнага пражывання пачынае ўкараняцца ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Не застанецца ўбаку і Валожынскае аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. На другім паверсе будынка па вуліцы Набярэжнай намечана размясціць гасцініцу для інвалідаў на 20 месцаў са спецыяльным ліфтам, канферэнц-залай, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі. Ёсць і іншыя цікавыя задумкі.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі аднадушна прыйшлі да высновы: у любой праблемы абавязкова ёсць ключ да яе рашэння. Варта толькі пастарацца яго знайсці. Усё ў нашых руках, таму іх нельга апускаць.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий