Урокi мiласэрнасцi ў мiжнародным маштабе

Общество

Атрады хуткага рэагавання Таварыства Чырвонага Крыжа з Латвіі, Германіі, Аўстрыі, Украіны, Брэста, Гродна, Віцебска, Гомеля і Мінскай вобласці з’ехаліся ў ваколіцы вёскі Баравікоўшчына нашага раёна, каб прыняць удзел у маштабных вучэннях.

Вучоба Трэцяй міжнароднай школы па падрыхтоўцы да надзвычайных сітуацый праводзілася з 17 па 20 ліпеня. Месцам яе арганізацыі, акрамя вёскі Баравікоўшчына, стала таксама база адпачынку “Галактыка”, што каля Ракава.

Беларускія і замежныя атрады вучыліся аказваць першую дапамогу пацярпелым падчас надзвычайных сітуацый. Была распрацавана легенда: два атрады з летняга лагера, рухаючыся па паляне, падрываюцца на мінах Другой сусветнай вайны, у выніку гіне 5 чалавек, розная ступень ранення ў 35 чалавек, 10 падлеткаў знікла.

40 чалавек-статыстаў былі загрыміраваны і апрануты ў рэквізіты пацярпелых. Грым быў зроблены настолькі праўдападобна, што старонняму цяжка было б адрозніць яго ад сапраўдных пашкоджанняў. “Выбух” “раскідаў” 40 чалавек па паляне, і атрады хуткага рэагавання прыступілі да работы: аказвалі першую дапамогу, праводзілі “сарціроўку” пацярпелых па рознай ступені цяжкасці і пагрузку на спецыяльныя машыны, транспарціравалі ў палатачны лагер – пункт прыёму пацярпелых. Пасля ліквідацыі надзвычайнага здарэння трэба было знайсці прапаўшых падлеткаў. Атрады атрымалі карты і да дзевяці гадзін вечара прачэсвалі тэрыторыю.

На другі дзень на базе “Галактыка” арганізавалі брыфінг з удзелам назіральнікаў, абмеркаванне вучэнняў.

Для ўдзельнікаў таксама праводзіліся майстар-класы і вучоба па шматлікіх тэмах, напрыклад, “Першая псіхалагічная дапамога”, “Радыёсувязь, наладжванне сістэмы сувязі ва ўмовах лесу, поля”.

Атрад хуткага рэагавання ад нашага раёна, які складаўся з 5 чалавек, навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, быў запрошаны на вучэнні ў якасці назіральніка, але, тым не менш, аказваў дапамогу ў транспарціроўцы “пацярпелых”.

Жанна ЖЫВІЦКАЯ,

в.а. старшыні раённага камітэта ТЧК



Добавить комментарий