Зямля, багатая талентамi…

Официально

Мая родная зямліца!

Нізка ў пояс хачу табе я пакланіцца,

Прагна вуснамі прыпасці да святой крыніцы,

Каб жывой вады напіцца…

Такімі прачулымі, по-ўнымі замілавання да роднай зямлі словамі распачала  свята вёскі дырэктар Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці Хрысціна Лямбовіч.  Яна ж галоўны сцэнарыст гэтай урачыстасці, а ініцыятар правядзення  — Ракаўскі сельвыканкам.

Светлае, яркае свята ракаўчан і сапраўды было напоўнена патрыятычнымі пачуццямі. Гэта было чутно з вітальнай прамовы старшыні Ракаўскага сельскага выканаўчага камітэта А. А. Мякінкі; з пранікнёных слоў намесніка старшыні райвыканкама П. І. Бібіка; з глыбокага, змястоўнага выступлення пісьменніка і літаратуразнаўцы, годнага сына сваёй зямлі В. П. Рагойшы; гэта адчувалася ў кожнай дзеі, кожным слове і гаспадароў, і запрошаных.

Асаблівае  ўшанаванне было ўдзелена ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. З цікавасцю слухалі 94-гадовага Мікалая Ігнатавіча Шумейку. Жывая легенда, ён прайшоў усю вайну, удзельнічаў у штурме Берліна, у вызваленні вязняў канцлагера Асвенцым… Са шчымлівым пачуццём прысутныя хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да помніка ахвярам вайны ўшанавалі памяць загінуўшых, душы якіх угадваліся ў сімвалічных вобразах дзяцей-»жураўлёў». А ў завяршэнне – усіх скарыла паказальнае выступленне — парад салдат воінскай часці № 01266.

На свяце была нададзе-на пашана жыхарам старэйшага пакалення, у якіх трэба вучыцца працавітасці, любові да зямлі і ўсяго прыгожага. А гэта такія, як Анатоль Буйніцкі, Руфіна Балотнік, 104-гадовая Алена Цішэвіч. Не абышлі ўвагай і самага маленькага жыхара — нованароджаную Валерыю Лучыновіч. А такія сем’і, як Дземскія, Стахоўскія, Русецкія, Гецманы, падзяліліся сакрэтамі свайго сямейнага шчасця і належным чынам былі адзначаны за лад, згоду і любоў у іх сем’ях.

У Ракаве шмат гожых сядзіб, якія з вясны да позняй восені вабяць вока пышнай зелянінай і расквечанымі падворкамі. Падарункі за лепшы падворак былі ўручаны Шутам, Хвінам, Ракам, Сухадольцам. А ў намінацыі «Самая моцная гаспадарка» вылучылі самых руплівых і працавітых — спадароў Гапановічаў, Кучмінскіх, Купрыенкаў.

На Ракаўшчыне шмат людзей, якія сваё прафесійнае майстэрства, увесь запал душы аддаюць іншым. Сярод такіх былі названы і ўшанаваны фельчары хуткай дапамогі Ірына Паўлоўская, Марына Карачэўская, яна ж старшая медсястра Ракаўскай бальніцы; добрасумленны, дасціпны чалавек, маёр міліцыі Аляксандр Кажэка; супрацоўнік крымінальнага вышуку, старшы лейтэнант Ігар Міхайлаў; дырэктар Ракаўскай СШ Святлана Адамовіч.

Прываблівае Ракаўшчына сваімі маляўнічымі мясцінамі, месцам працы і адпачынку і людзей творчых прафесій, якія раскрываюць тут свой талент. Такім з’яўляецца Марат Лагутка, выкладчык Ракаўскай музычнай школы, музыка-віртуоз, кіраўнік «народнага» інструментальнага ансамбля «Арс Лонга». Аддана і плённа працуе на ніве адраджэння і папулярызацыі традыцыйнай культуры нашых продкаў кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта «Гасцінец» і Узорнага  фальклорнага гурта «Вянок» Лізавета Пятроўская. А колькі ў Ракаве майстрых, ды яшчэ якіх! Яны і вяжуць, і вышываюць, і ткуць… Сярод такіх былі адзначаны Марыя Шумская, Яўгенія Лінкевіч, Галіна Ісмагулава,  Яўгенія Харужык.

Удзячныя апладысмен-ты аднавяскоўцаў і памятны падарунак атрымаў Канстанцін Пагоцкі, прыватны прадпрымальнік, гаспадар гандлёвага комплексу «Канстантасэрвіс», паважаны, інтэлігентны чалавек.

Ракаўчане – добрыя майстры, таленавітыя людзі, за вякі не мала імі створана цудоўных рэчаў. Ёсць і тыя, хто гэтыя каштоўнасці збірае і зберагае, каб засталося і нашчадкам. Сярод такіх мастак, этнограф, гаспадар  «АРТ» гісторыка-этнаграфічнага музея Фелікс Янушкевіч.

Падрастае ў Ракаве новае пакаленне «жывых», няўрымслівых, цікаўных і таксама таленавітых. На свяце і яны не былі абдзелены ўвагай. Была для дзяцей адведзена спецыяльная пляцоўка, дзе маглі сябе праявіць у розных атракцыёнах. Асабліва шчыравалі ў кутку «Я малюю свой Ракаў»- і на асфальце, і на мальбертах юныя мастакі праз свае творы прызнаваліся ў любові да роднай зямлі.

Свята было добра праду-мана – і тэматыка, і візуальнае афармленне. Пачэснае месца займаў герб Ракава, вышыты ўмелай рукой мастака Лізаветы Пятроўскай. Можна было і кашы салдацкай пакаштаваць. Прыйшлася ўсім даспадобы канцэртная праграма. Дзеці мясцовай школы падарылі змястоўнае выступленне, якое выдатна ўпісвалася ў кантэкст свята. Танцавальныя нумары ўразілі сваёй яркасцю і разнастайнасцю (кіраўнік Тамара Арлоўская), а спевы вакальнай групы пад кіраўніцтвам Алены Русецкай закранулі сэрцы кожнага, дастойна выступіў хор «Белая Русь», шмат эмоцый выклікалі выступленні «Арс Лонга» і «Гасцінца», а пад бадзёрыя, заліхвацкія песні валожынскіх «Сваякоў» ракаўчане пайшлі ў скокі.

Лейтматывам свята сталі  песні на словы мясцовых паэтаў Людмілы Глінскай (Харужык) і Мікалая Гідлеўскага – «Любы Ракаў» і «Родны Ракаў».

Свята падарыла ракаўчанам шмат радасных момантаў і прыемных пачуццяў. А мелодыя касцельных званоў, гучанне якіх нейкім незвычайным чынам супала з благаславеннем настаяцеля царквы Перамянення Гасподняга айца Сергія, выклікала ў прысутных глыбокае хваляванне і моцнае ўражанне.

Сапраўды, благаславёная зямля ракаўская, і шчаслівыя тут людзі жывуць.

Людвіка ТАЎГЕНЬ

Фота прадастаўлена Ракаўскім Цэнтрам народнай творчасці



Добавить комментарий