Экскурсiя ў даўнiну

Культура

Гістарычныя звесткі захоўваюцца вусна і пісьмова. У сельскай мясцовасці памяць пра даўнейшае жыццё перадавалася ад пакалення да пакалення найчасцей вусна, бо большасць людзей былі непісьменнымі. Так нашы мудрыя продкі здолелі захаваць код вернасці традыцыям, код дабрыні і спачування, код любові да працы, да малой радзімы. Заўсёды існавала строгая сістэма выхавання ў сям’і, таму адхіленняў ад агульнапрынятых нормаў паводзін у грамадстве амаль не было.

Першапачатковая назва нашай вёскі – Пяршая. Ужо ў 15 стагоддзі гэта было мястэчка, адміністрацыйны цэнтр, з гмінай, касцёлам, царквой, школай. Жыхары вызначаліся памяркоўнасцю, добрасумленнасцю, працавітасцю. Многа ўлад над імі панавала: царская, польская, бальшавіцкая, нямецкая, савецкая. Ва ўсе часы было складана выжываць, захоўваць высокую людскую годнасць. Але дабро і справядлівасць перамагалі!

Да 1949 года ў вёсцы існавала такая традыцыя, як «спацыр». На святы і прысвяткі, у нядзелю прыбраныя, прыгожа апранутыя людзі выходзілі на вуліцу. Пад вечар да агульнай прагулкі далучаліся і вучні з настаўнікамі. У Пяршаях пражывала тады дзесьці каля чатырохсот чалавек. Людскі паток рухаўся ў напрамку ад сённяшняй пошты да касцёла.

Кавалеры бралі паненак пад ручку. Некаторыя заходзілі ў піваварню, якая тады размяшчалася ў доме Казлоўскага. Бралі піва і цукеркі. Грошай хлопцам з гаспадаркі не давалі, іх збіралі на пакупку зямлі. Адзін гектар каштаваў прыблізна 100 рублёў золатам. Чым больш чалавек меў зямлі, тым большым аўтарытэтам ён карыстаўся. Добрых гаспадароў вельмі паважалі. Зямля была найгалоўнейшым багаццем. Яно не згарала, не танула і яго ніхто не мог адняць.

Каб мець уласныя грошы, хлопцы ішлі ў заробкі. Развітых рамёстваў хапала. Заробленыя грошы юнакі трымалі “для форсу”. Часам іх спускалі ў рэстаране Дрансэйкі. Пры рэстаране меўся добры каўбасны цэх, магазін.

Грошы можна было адкладаць на банкаўскі рахунак. Там, дзе жыў Лямбовіч, працаваў банк. Карыстаўся ў мясцовых жыхароў папулярнасцю і магазін, які размяшчаўся ў прыгожым доме Франка Бандаровіча (цяпер на гэтым месцы жыве Кебіч). Тут прадаваліся прыгожыя і якасныя тавары з Еўропы. У пачатку Пяршаі магазін трымаў брат Франка. Супраць кафэ захаваўся яго дом, але пасля ссылкі ў Сібір яму гэты дом не вярнулі. Там, у Сібіры, ён пасвіў калгасных авечак.

У 1939 годзе ўлада змянілася, і ўсе грошы, што захоўваліся ў банку, прапалі.

На канцы Пяршаі, у тым будынку, дзе цяпер размясцілася царква, была «рэмізія», са сцэнай і танцзалай на другім паверсе. Танцавалі да ўпаду пад гармонік. Першы, мураваны паверх, займалі пажарныя. Там заўсёды стаялі калёсы з бочкамі, поўнымі вады. Коні месціліся ў гмінным хляве (раён сучаснай пошты). Пажарныя насілі каскі і чырвоную форму. Яны заўсёды былі напагатове. Нават у касцёл на імшу прыходзілі толькі на гадзіну. Каскі ў час службы трымалі на левай руцэ. Разам з пажарнымі маліліся вучні і настаўнікі. Меркавалася, што так дзеці знаходзяцца пад аховай. Летам у касцёл школьнікі прыбіраліся ў святочную школьную форму белага колеру. А ў 12 гадзін пачыналася імша для дарослых, якая доўжылася 2 гадзіны. Званы перад імшой званілі так гучна, што ўсе навакольныя вёскі чулі.

Пасля службы людзі доўга не разыходзіліся. На вялікай плошчы перад касцёлам яны размаўлялі, часам жартавалі і весяліліся. У цэнтры плошчы рос прыгожы дуб. Дрэва было абгароджана, бо ў 1921 годзе пад ім з урачыстымі почасцямі закапалі нейкія паперы. Кажуць, што гэта былі важныя дакументы, якія тычыліся гісторыі Пяршайшчыны. Адбылася падзея 3 мая, у Дзень Канстытуцыі Польшчы. Пасля імшы ксёндз зачытаў ліст, потым скруціў яго ў «літар», заліў сургучом, з працэсіяй закапаў у зямлю, а зверху пасадзіў дубок.

Улады змянялі адна другую, і ўсё забылася. У 80-я гады мінулага стагоддзя, калі будавалі Дом культуры, магутны дуб спілавалі, а плошчу залілі асфальтам.

Да вайны ў Пяршаях існавала галубіная пошта. Разводзіў і дрэсіраваў галубоў Іосіф Русовіч, дом якога размяшчаўся там, дзе зараз жыве Унукоўскі.

У тыя ж часы ў нашай вёсцы з’явілася прыказка “Богу ведаць і Баўтрэлевай кароўцы”. Этымалогія выказвання такая: шчупленькі, невялічкі чалавек па прозвішчы Баўтрэль ніяк не мог справіцца падаіць карову, якая моцна сцябалася хвастом. Тады ён узяў ды і прывязаў хвост да сябе. Усё было б добра, каб на карову не напалі авадні. Рагуля загілявала і кінулася што ёсць духу па вуліцы, а следам за ёй і небарака Баўтрэль. Здзіўленыя людзі крычалі ўслед бегуну: “Куды ж так нясешся?!” На што Баўтрэль адказаў: “А Богу ведаць і кароўцы…”

У 1939 годзе ўсталявалася Савецкая ўлада, якая з недаверам ставілася да заможных, працавітых гаспадароў. Пачаліся раскулачванні, вывазы. Многія вяскоўцы не вярнуліся. А ў 1941 годзе прыйшлі немцы і сталі наводзіць свае парадкі – прыхільнікаў Савецкай улады расстрэльвалі. За непрацяглы час амаль у кожным доме адбылася свая трагедыя.

Немцы абсталяваліся ў плябаніі, паліцаі жылі ў гмінным доме, за цяперашняй поштай. Партызаны нападалі на немцаў за гады вайны 10 разоў. У гэтых баях гінулі не толькі акупанты і народныя мсціўцы, але і мірныя жыхары. Звычайна перастрэлка пачыналася ноччу і не змаўкала да раніцы. Партызаны накрывалі вёску кулямётным агнём, а немцы адстрэльваліся ад касцёла, кідалі ручныя гранаты. Людзі ў дамах хаваліся за печы, стаякі, лажыліся на падлогу. Дзяцей накрывалі падушкамі, бо меркавалі, што ў пер’і куля не разарвецца.

У першым баі быў спалены пастарунак, загінула 5 паліцаяў, па правы бок вёскі згарэла 11 гумнаў, у час другога бою знішчана 10 дамоў. У 1943 годзе партызаны падпалілі школу і дом Фляр’яна Лапы, дзе была пошта. Яны выконвалі загад Сталіна – знішчаць важныя аб’екты, каб не дасталіся ворагу.

За першы бой адказваў начны вартаўнік вёскі Аляксандр Баўтрэль. Паліцаі яго расстралялі за тое, што не разбудзіў іх своечасова.

Па розных абставінах кожны дзень гінулі людзі, іх адстрэльвалі, як птушак. Дзве шаснаццацігадовыя дзяўчынкі Ядзя Трацэўская і Міхаліна Жаборт ішлі па вуліцы і ўбачылі, што гарыць гміннае гумно, у якім крычаць і просяць дапамогі запёртыя ў ім людзі. Дзяўчаты каменем збілі замок і выпусцілі партызанаў. З’явіўся паліцай, вывеў Ядзю і Міхаліну на луг праз дарогу і расстраляў. Адбылося гэта прыблізна перад домам Іосіфа Бобрыка.

Шмат пяршайцаў фашысты пагналі ў Нямеччыну на прымусовыя работы. Немцы зганялі моладзь на цвінтар (касцельны двор) і выбіралі самых лепшых. У Германіі палоннікам давялося шмат і цяжка працаваць, дадому яны вярнуліся толькі пасля вайны.

Старая Пяршая дзялілася на тры часткі: вёска, двор, Раманы. У Двары, гэта справа ад возера, была ферма графа Тышкевіча на 200 галоў скаціны. Упраўляў фермай пан Рымашэўскі. У Раманах, дзе сённяшняе лясніцтва, камандаваў пан Пугачэўскі.

У час вайны фермай распараджаліся немцы. Яны зганялі туды жывёлу са спаленых вёсак. Аднойчы партызаны падпалілі ферму. Жанчыны, якія там працавалі, кінуліся адвязваць кароў. Адна жанчына па прозвішчы Васілеўская не паспела ўправіцца: абваліўся палаючы дах. Пяцёра дзяцей асірацела…

Пры немцах пахаванні ў Пяршаях адбываліся амаль кожны дзень. Цэймера расстралялі толькі за тое, што ён казаў, што праз два тыдні фашыстаў тут не будзе. Трое дзяцей Цэймера засталіся без карміцеля.

Адно вяселле скончылася трагедыяй. Прыйшоў п’яны паліцай і давай страляць у гасцей. Пакуль яго скруцілі, паспеў многіх забіць і скалечыць.

Але сапраўднае пекла пачалося ў ліпені 1943 года. У Пяршаях з’явіўся атрад карнікаў з батальёна Дзірлевангера. Жыхароў вёскі сагналі да гміннага хлява. Двое мужчын, Мікулевіч і Жаборт, кінуліся наўцёкі, але іх тут жа падкасіла аўтаматная чарга.

У плябаніі пражываў зондэрфюрэр Флеттэр з трэцяга 31-га паліцэйскага стралковага палка. Ён камандаваў нашым мястэчкам, адказваў за харчовае забеспячэнне. Флеттэр паспрабаваў заступіцца за пяршайцаў, нават тэлефанаваў начальству. Але безвынікова. Тады ён паспрабаваў уратаваць дваіх пяршайскіх ксяндзоў, угаворваў іх не ісці да арыштаванага натоўпу. Але ксяндзы адказалі: “Дзе будуць людзі, там будзем і мы.”

Натоўп заложнікаў пагналі ў Баравікоўшчыну. Там ксяндзоў аддзялілі ад натоўпу і закатавалі ў гумне Рудовіча. Потым гумно падпалілі. Гэта было 19 ліпеня 1943 года. Парафіяне адшукалі абгарэлыя косці ксяндзоў і пахавалі іх пад касцёлам.

Немцы спадзяваліся стаць гаспадарамі на нашай зямлі і ад партызан абараняліся як маглі. На вежы касцёла сядзеў вартавы з біноклем і сачыў за наваколлем. Ехаць конна забаранялася, гэта пагражала расстрэлам.

На плошчы перад касцёлам фашысты ўзвялі дот: невялікі драўляны чатырохвугольнік, абнесены зялёнай муравой. Ён нагадваў стог сена. Дот нельга было падпаліць, у ім дзень і ноч каля вузкіх шчылін дзяжурылі кулямётчыкі.

Справа, каля вуліцы, якая вядзе да возера, акупанты пабудавалі пастарунак, які знішчылі пры адступленні.

У 1944 годзе Савецкая армія пачала гнаць фашыстаў. Адступалі захопнікі шпарка. Іх танкі ішлі ў тры рады. Але наша авіяцыя насцігала ворага і няшчадна біла. У ваколіцах Пяршаяў валялася пакарожаная нямецкая тэхніка, трупы салдат.

Неяк у паветраным баі быў падбіты наш самалёт. Ахутаны чорным шлейфам дыму, самалёт упаў каля Чэхаўшчыны. Адзін лётчык загінуў адразу. Другі, паранены, трапіў у палон да немцаў, лёс яго невядомы.

Пасля пераможнага наступлення Савецкай арміі партызаны, якія базіраваліся ва ўрочышчы Кур’і грады, прайшлі мабілізацыю і адправіліся браць Берлін. У лясах засталіся марадзёры. Днём яны з’яўляліся ў Пяршаю рабаваць. Патрабавалі сала, мёду, гарэлкі.

Зараз ад касцёла да пошты пралягае вуліца Савецкая. Яна апусцела ў апошнія гады – дзе-нідзе вечарамі ў дамах мільгне агеньчык. Старыя людзі адышлі ў вечнасць, а моладзь з’ехала. Не чутно тут звонкіх дзіцячых галасоў. А некалі на горку, што і цяпер засталася паміж дамамі Аляксандра Ждановіча і Вінцука Бобрыка, наведвалася зімой некалькі дзясяткаў малых, каб пакатацца на санках. Падлеткі аддавалі перавагу гары Елакоўцы, што высіцца каля старой дарогі на Семернікі. Яшчэ не так даўно дзеці ўмелі самі сябе забаўляць, былі актыўнымі, любілі гульні на свежым паветры. Таму і раслі здаровымі, бадзёрымі, дужымі і радаснымі. Усю ваколіцу абслугоўваў адзін фельчар Пічуга-Мазоўскі.

Пазней за сродкі трох калгасаў пабудавалі бальніцу, дзе ва ўсе часы працавалі добрасумленныя ўрачы. У радзільным аддзяленні гэтай сельскай бальніцы, бывала, за адны суткі нараджалася 10 дзетак. У выніку ў 60-ыя гады ў Пяршайскай сярэдняй школе налічвалася 800 вучняў.

Сённяшняя Пяршая мае статус аграгарадка, людзям створаны камфортныя ўмовы жыцця. Але ёсць пра што клапаціцца і на будучае: патрэбна большае кафэ, камбінат бытавога абслугоўвання. Спадзяюцца мясцовыя жыхары, што зноў запрацуе каўбасны цэх, які радаваў смачнымі вырабамі, што адновіцца свінагадоўчы комплекс.

Праблемы ёсць каму вырашаць. Гэта і вопытнае кіраўніцтва сельгаспадаркі, і актыўныя прадстаўнікі мясцовай улады, і зладжаныя працоўныя калектывы шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый.

Жыві шчасліва, аграгарадок! Каб ніколі-ніколі ты не быў у няволі, каб прыгожымі кветкамі цвіў!

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка в. Янушкавічы



Добавить комментарий