Жыццё раёна

Общество

АСАРТЫМЕНТ ПАБАГАЦЕЎ Другі месяц, як на Валожынскім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” сталі выпускаць какаванапоі пад назвай: “Шаканэс” і “Шакафру”. Навінку можна набыць у харчовых магазінах райспажыўтаварыства раёна. У хуткім часе гэты від прадукцыі будзе прадстаўлены на рэспубліканскай выставе “Лепшы прадукт года” ў намінацыі “Навінка года”. Варта адзначыць, што вытворчасцю такіх сухіх напояў у нашай краіне больш не займаецца ні адно малочнае прадпрыемства. На мясцовым масласырзаводзе вырабляюць сухое абястлушчанае малако, якое з’яўляецца не толькі асноўным кампанентам, але і істотна адрознівае ад іншых какаванапояў, якія прадстаўлены ў продажы. Яшчэ адзін бонус – наяўнасць 10 вітамінаў, натуральнага араматызатара “Ваніль” і дзіцячай цацкі. Дарэчы, у гэтым накірунку супрацоўніцтва наладжана з беларускімі вытворцамі – СТАА ВП “Палессе”. Улічаны таксама і асаблівасці дзіцячага арганізма – захворванні на дыятэз і дыябет, таму “Шаканэс” прыгатаваны з дабаўленнем цукру, а “Шакафру” – на фруктозе. Парашкападобная сумесь расфасавана ў прыгожыя, ярка размаляваныя пакеты па 500 грамаў са зручнай засцежкай-замочкам. У БРЫГАДЗЕ ДРЫВАСЕКАЎ Колатыя дровы з бярозы і вольхі, якія нарыхтоўваюць у ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, карыстаюцца вялікім попытам. І не толькі ў час ацяпляльнага сезона. Заказы на гэты від прадукцыі паступаюць амаль штодня, нягледзячы на тое, што на дварэ спякота і гарачыня ўжо добра надакучылі. Людзі запасаюцца дрывамі не толькі на зімовы перыяд для абагрэву жылля. Многія гаспадары маюць уласныя лазні, а памыцца і папарыцца кожную суботу – святая справа, а таксама глыток здароўя, бадзёрасці і сіл пасля напружанага працоўнага тыдня. Шмат заказаў паступае з Ракава: у адзін двор купляюць па 3-4 машыны, а гэта 15 кубаметраў дроў. Заказчыкаў прыцягвае не толькі прымальны кошт на гэты від паліўнай драўніны, але і тое, што менавіта дровы з бярозы і вольхі маюць самую вялікую цеплааддачу. Яшчэ адзін немалаважны фактар: 30-сантыметровыя дробнапасечаныя паленцы добра ўкладваюцца ў топцы. А ўсё таму, што акрамя спецыяльнага станка, дровы тут яшчэ “дасякаюць” уручную. Дзеля гэтага на прадпрыемстве створана спецыяльная брыгада, якая працуе па дагаворы падраду. ПОПЫТ НЕ ЗНIЖАЕЦЦА На СП ААТ “Івкан” у гэтыя дні загружаюцца два вагоны цукерак, а гэта 60 тон, на Манголію і Казахстан. Замежных спажыўцоў парадуюць не толькі добра вядомымі і папулярнымі івянецкімі “Кароўкамі”, але і новымі цукеркамі пад назвай: “Тофи-Late” і “Тофи-сливочки из скрыночки”. Гэта малочныя цукеркі з павышаным утрыманнем тлушчу: яны больш каларыйныя і пажыўныя. А вось у нашых суайчыннікаў, асабліва летам, у попыце карамелі-ледзянцы – “Тэатральная”, Узлётная”, “Мятная” і інш. На гэтыя цукеркі больш за ўсё заказаў паступае з сельскіх магазінаў. Матэрыял да друку падрыхтавалаАлена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий