Новая крама – прыбытку брама

Общество

У рэестравым спісе аб’ектаў, якія адносяцца да бытавой галіны раёна, з’явіўся новы магазін “Бытавічок”. Яго ўрачыста адкрылі ў Доме быту ў Валожыне.

Як паведаміў дырэктар КУП “Валожынскі РКБА” Л. В. Акотчык, асартымент магазіна на 60 працэнтаў складаецца з уласнай прадукцыі.

У асноўным гэта вырабы швейнага цэха. На прадпрыемстве ўпэўнены, што пакупнікам прыйдзецца даспадобы магчымасць зрабіць заказ на адзенне пэўнага фасону ці памеру. Пры неабходнасці дапамогу акажуць вопытныя тэхнолагі і закройшчыкі. Непасрэдная сувязь з кліентам будзе выдатным стымулам для павышэння прафесійнага майстэрства работнікаў цэха. Гэта павінна адбіцца на росце зарплаты членаў працоўнага калектыву і агульнага прыбытку арганізацыі.

Неабходна зазначыць, што валожынскія бытавікі сярод сваіх калег у вобласці аказаліся найбольш аператыўнымі. Яны хутка адрамантавалі памяшканне, якое доўгі час арэндавалася прыватнай юрыдычнай асобай, заключылі дамовы на пастаўку тавараў з разраду бытавой хіміі, галантарэі, гігіены, касметыкі, паклапаціліся пра неабходнае гандлёвае абсталяванне, сістэму відэакантролю. Загадчыцай і адначасова прадаўцом у магазіне выпала быць работніцы Дома быту Настассі Шчуцкай, якая мае спецыяльнасць прадаўца. Дапамагаць ёй будуць яшчэ тры супрацоўніцы. Плануецца, што распарадак працы магазіна парадуе пакупнікоў: без выхадных і ўсяго паўгадзіны перапынку на абед.

Як толькі тавараабарот наладзіцца і пачне прыносіць дывідэнды, асартымент магазіна павялічыцца. Але стаўка на ўласную прадукцыю застанецца. Тым больш, што ў жыхароў і гасцей раёна попыт на яе не спадае.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий