Грыбы – у лабараторыю!

Общество

Многія пагодзяцца, што няма лепшага адпачынку, чым пахадзіць баравымі сцежкамі ў пошуках грыбоў. А колькі смачных страў можна прыгатаваць з гэтага дзівоснага падарунка лясоў!

Трэба памятаць, што грыбы вельмі актыўна назапашваюць радыяцыю. Таму не забывайцеся правяраць іх у спецыяльных лабараторыях.

Знізіць радыёцэзій у грыбах можна пры адварванні і вымочванні. Падасінавікі, падбярозавікі і баравікі пажадана варыць 30 хвілін, махавікі, прльскі грыб – 8 хвілін, зялёнкі, радоўкі і хрушчы – 5 хвілін. Працэдура праводзіцца тройчы, пры пастаяннай змене вады. Вымочваць пласцінчатыя грыбы (зялёнкі, радоўкі, хрушчы) неабходна на працягу 3-х сутак і кожныя 12 гадзін мяняць ваду.

У мінулым годзе было даследавана 197 пробаў грыбоў. Перавышэнне дапушчальнага ўзроўню радыяцыі выяўлена ў 64-х пробах. “Брудныя” грыбы былі сабраны каля вёсак Дайнава, Скрундзеўшчына, Сівіца, Рудня, каля пасёлка Першамайскі. У польскіх грыбах радыёактыўнага цэзію-137 было назапашана з перавышэннем у 25 разоў, у лісічках – у 13 разоў, у сыраежках – у 10 разоў, у свінушках – у 30 разоў.

Ягады таксама часам паказваюць завышаны радыёфон. Асабліва тыя, што збіраюцца каля Сівіцы і Рудні. Зафіксавана перавышэнне цэзію-137 у чарніцах у 7 разоў, у брусніцах – у 4 разы.

Людміла ЧЭРНІК,

інжынер-радыёлаг ДЛГУ «Валожынскі лясгас»

 

Неабходную інфармацыю можна атрымаць на сайце нашага лясгаса ці па тэлефоне 55-0-93.



Добавить комментарий