Святло даўніны

Культура

З 1912 па 1918 год на крэйсеры “Аўрора” служыў ураджэнец вёскі Бузуны Ракаўскай воласці Франц Іосіфавіч Зяневіч. У кастрычніцкія дні 1917 года ён прымаў удзел у штурме Зімняга дварца.

У мінулым на цэнтральнай плошчы Валожына, прыкладна за 20 крокаў ад партала касцёла, быў выкапаны вельмі глыбокі калодзеж-“студня”. Ён быў выкладзены палявымі камянямі, змацаванымі вапнай. Такі калодзеж існаваў і ў вёсцы Магенцы, што за 5 кіламетраў ад Кліма. Колькі гадоў гэтаму калодзежу, ніхто з жыхароў не помніць. Кажуць: “Ён тут выкапаны спрадвеку вякоў”. Што цікава, ні адзін камень не вываліўся са сцяны калодзежа. Вось якая якасць вапны!

 Заснаваны ў 1908 годзе лесапільны завод мешчаніна Арона Гельфанда ў маёнтку Лабы, дзякуючы лакамабілю ў 36 конскіх сіл, працаваў круглы год. У 1912 годзе 10 рабочых гэтага завода напілавалі дошак хвойных і ліставых парод на 12 тысяч руб. Невялікія лесапільныя заводы меліся ў маёнтках Кіявец (з 1912 г., уладальнік Ф. Н. Каркліс) і Ратынцы (уладальнік Шлёма Рэзнік).

 Рынак у мястэчках меў звычайна прамавугольную форму. У Івянцы ён набыў выгляд трохкутніка. На рынкавай плошчы знаходзіліся культавыя будынкі, гандлёвыя лаўкі. У Ракаве 20 мураваных лавак на рынку ўтваралі квадрат. Над лаўкамі ўзвышаўся будынак ратушы, дзе размяшчалася местачковая адміністрацыя.

УXVIII стагоддзі руду здабывалі на паплавах каля р. Бярэзіна. Руда аднаго радовішча залягала ў выглядзе буйных цвёрдых кавалкаў і мела на зломе цёмна-шэры колер. У другім радовішчы руда ўяўляла сабой дробныя канкрэцыі з жаўтаватым адценкам. У абодвух радовішчах залягала руда на глыбіні ўсяго 0,5-1 м. Яе падрыхтоўка абмяжоўвалася толькі прамыўкай у рэшатападобных прыстасаваннях і сушкай. Для выканання работ па здабычы, падрыхтоўцы і транспарціроўцы сыравіны запрашаліся вясковыя жыхары. Ім плацілі па пяць грошаў за прамыўку аднаго кубла (чана) руды і яшчэ шэсць грошаў за дастаўку яго на завод.

Налібоцкая пушча, што знаходзіцца побач, з’яўляецца добрай сыравіннай базай для выпальвання вугалю. Пры нарыхтоўцы драўніны ўлічваліся аптымальныя тэрміны, каб вугаль меў як мага менш шкодных дамешак, асабліва фосфару.

У 1905 г. сын Э. Здзяхоўскага, ракаўскі памешчык Казімір, разам са сваім родным братам Фартунатам рашылі кардынальным чынам перарабіць старую міхалоўскую лесапілку. Адпаведны дазвол дадзены мінскім губернатарам 6 кастрычніка 1905 г. Ва ўрочышчы ўстанавілі лакамабіль у 36 конскіх сіл. Былая вадзяная лесапілка стала сапраўдным лесапільным заводам. Да 1914 г. на ім працавала 15 рабочых, а аб’ём штогадовай вытворчасці дасягнуў 30 тысяч рублёў.

З 1793 года Вішнева было ў складзе Расійскай імперыі. У час паўстання 1794 г. праз мястэчка з Ашмян на Валожын праходзіў атрад паўстанцаў пад камандаваннем М. К. Агінскага. У Айчынную вайну 1812 года праз Вішнева адступаў на Усход з рускай арміяй М. Б. Барклай дэ Толі, пад Вішневам адбыўся бой. Мястэчка было спалена войскамі Напалеона. Падчас паўстання 1863-1864 гг. у Польшчы, на Беларусі і Літве ў Вішневе распаўсюджвалася “Мужыцкая праўда”. Сяляне і рабочыя падтрымлівалі паўстанне.

Андрывондж. Выкарыстоўвалася новая сядзіба ў якасці паляўнічай рэзідэнцыі. Сядзібны дом называўся паляўнічым палацам. На ўскрайку парку быў вялікі гадавальнік, дзе вырошчваліся дэкаратыўныя расліны. Пасадачны матэрыял завозіўся з-за мяжы. Садоўнікам працаваў замежны спецыяліст. Размешчана сядзіба на правым беразе рэчкі Альшанка. Займае тэрасу з невялікім ухілам да рэчкі. Перапад рэльефу складае 15 м. Сядзібу абкружаў штучны канал. На Альшанцы было тры млыны, якія забяспечвалі высокі ўзровень вады. Вада залівала пойму, а таксама жывіла адводны канал і злучаныя з ім круглыя сажалкі ў парку.



Добавить комментарий